Вайна жылля не дае. Расійцы масава прадаюць нерухомасць у Крыме, Маскве і не толькі
Двухпакаёвая кватэра ў цэнтры Севастопаля: 60 квадратаў, якасны рамонт, мэбля. Кватэра была выстаўлена на продаж у чэрвені. І з тых часоў усё яшчэ прадаецца, ужо страціўшы ў кошце 3,6 мільёна (крыху больш за 50 тысяч долараў) — чвэрць кошту.

Гэта не ўнікальны выпадак, адзначае «Новая газета. Еўропа». Прама зараз у Севастопалі і
Крыме, анексаваным Расіяй, ідзе бум продажу нерухомасці. У гэтых рэгіёнах на
продаж выстаўлена ў 2-2,5 разы больш жылля, чым напярэдадні вайны, у студзені
2022 года, — вынікае з дадзеных агенцтва «Свет кватэр». Рост колькасці прапаноў
пачаўся адразу пасля заканчэння сезона — у верасні. А ў лістападзе-снежні і
зусім пачаўся сапраўдны распродаж.
З-за закрытых авіязносін і вайны побач турыстычная плынь мінулым летам упала ўдвая. Калі яна адновіцца да ранейшых аб'ёмаў і цэн і ці
адновіцца наогул — невядома. Інвестары спрабуюць вывесці грошы з Крыма.
Адначасова і жадаючых пераехаць на паўвостраў стала менш.
Апошнія гады асноўнымі пакупнікамі нерухомасці ў Крыме былі жыхары Масквы,
Санкт-Пецярбурга, рэгіёнаў Урала і Сібіры. Цяпер яны асцерагаюцца інвеставаць у
курортную нерухомасць і пераязджаць у Крым, кажуць рыэлтары.
Колькасць аформленых іпатэк на жыллё ў студзені-лістападзе абвалілася на 44%. Гэта больш, чым у сярэднім па Расіі (-33%), паводле дадзеных Цэнтрабанка.
З-за росту прапановы і нізкага попыту цэны на жыллё ў Крыме
падаюць, хоць яшчэ ў пачатку 2022 года яны раслі. Толькі за кастрычнік-снежань 2022 года «квадрат» жылля ў Севастопалі патаннеў на 3,5%, у Сімферопалі
— на 1,3%. Прадаўцы гатовыя істотна зніжаць кошты пры заключэнні здзелак,
робячы мільённыя зніжкі.
Падобная сітуацыя і ў іншых прыгранічных рэгіёнах. У
Белгародскай вобласці ў гэтым студзені было выстаўлена на продаж у 1,5 разы
больш кватэр, чым год таму, — амаль 35 тысяч. Першы скачок актыўнасці прадаўцоў
адбыўся ў траўні — пасля таго, як пачаліся абстрэлы прыгранічных вёсак рэгіёна.
У ліпені ракеты ўпалі ўжо ў цэнтр самога Белгарада.

Другое нетыповае павышэнне прапановы пачалося ў лістападзе,
хоць звычайна актыўнасць прадаўцоў пад канец года падае. У выніку ў студзені
2023 года рынак дасягнуў рэкорднага за апошнія два гады ўзроўню.
Зрэшты, пераехаць у бяспечны рэгіён не так ужо проста: ніхто
не хоча купляць нерухомасць у горадзе, які абстрэльваюць. Цэны на жыллё ў Белгародскай вобласці падаюць з
чэрвеня.
У Бранскай і Курскай абласцях рост не такі прыкметны.
Магчыма, гэта звязана з тым, што гэтыя рэгіёны знаходзяцца далей ад лініі
фронту і абстрэльваюць іх менш.
Тым не менш у Бранскай вобласці колькасць выстаўленых на продаж кватэр пачала актыўна расці з чэрвеня і дасягнула 11,7 тыс. у студзені 2023 года. Хоць у студзені 2022-га на рынку было прадстаўлена толькі 7,3 тыс. У Курскай вобласці за год прапанова кватэр вырасла на 13%.
— Рост прапановы можа быць звязаны з жаданнем уласнікаў
жылля пераехаць далей ад зоны баявых дзеянняў. Пры росце прапановы
цэны ў прыгранічных рэгіёнах спачатку спынілі рост, а ў апошнім квартале 2022
года ўжо сталі зніжацца. Умоў для змены дадзенага трэнду мы пакуль не бачым, — тлумачыць генеральны дырэктар федэральнага партала «Свет кватэр» Павел Луцэнка.
У сталіцах распродаж жылля пачаўся яшчэ ў траўні 2022 года.
А ўжо ў лістападзе, паводле дадзеных Ашчадбанка, у Маскве і Маскоўскай вобласці была выстаўлена на продаж рэкордная колькасць кватэр за апошнія чатыры гады.
У Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці летась таксама
пабіты чатырохгадовы рэкорд. Праўда, пік продажаў прыйшоўся на жнівень-верасень.

Паводле дадзеных «Свету кватэр», на піку ў Маскве было
выстаўлена на продаж 152,9 тыс. кватэр. Гэта ў 1,5 разы больш, чым перад
вайной, у студзені 2022 года. У Пецярбургу максімум прапановы дасягаў 89,7
тыс. кватэр — на траціну, або 34%, вышэй даваеннага ўзроўню.
Праўда, пакупнікоў мала: колькасць іпатэчных здзелак у
сталіцах упала на 35-39% з мінулага года. І кошты на маскоўскую нерухомасць
падаюць з траўня. Тады квадратны метр на другасным рынку ў сярэднім каштаваў
282 тыс. рублёў. А ў снежні — 253 тыс. Разам: -10%.
У Пецярбургу пік цэнаў прыйшоўся на чэрвень. І з тых часоў
цэны страцілі амаль 6%, зваліўшыся са 181 да 170 тыс. рублёў за «квадрат».
— У сталіцах у сакавіку-красавіку мінулага года ў сувязі з рэзкім ростам ключавой стаўкі і курсу валют адбыўся кароткачасовы рост попыту на кватэры, таму колькасць аб'ектаў на рынку некалькі скарацілася. Але затым стала амаль бесперапынна расці: людзі пачалі з'язджаць за мяжу і выстаўляць сваё жыллё на продаж, — тлумачыць Павел Луцэнка.