«Зламаныя рэбры, адбітыя ныркі, голад больш за год». У Расіі на вялікія тэрміны асудзілі палонных «азоўцаў»

Паўднёвы акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў да рэальных тэрмінаў у калоніі строгага рэжыму палонных украінцаў, якія ў розныя гады служылі ў палку «Азоў». Пра гэта паведамляе «Медыязона». Ідзе 1127-мы дзень шырокамаштабнай вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота "Медыязона"

Фота "Медыязона"

Тройка суддзяў пад старшынствам суддзі Вячаслава Корсакава прысудзіла 12 «азоўцам» тэрміны ад 13 да 23 гадоў у калоніі строгага рэжыму. 

У залу суда мужчын прывялі ў кайданах. Перад абвяшчэннем прысуду аднаму з мужчын стала блага, яму выклікалі хуткую дапамогу.

Адзінаццаці фігурантам справы прысуды вынесеныя завочна, бо яны ўжо вярнуліся ва Украіну ў рамках абмену палоннымі. Сярод іх — дзевяць жанчын, якія працавалі ў розныя гады вайсковымі кухарамі.

У дачыненні да загінулага ў Растоўскім СІЗА ў ліпені 2024 года Аляксандра Ішчанкі справу закрылі, таму прысуд яму не вынесены.

Абвінавачванне супраць палонных украінцаў будавалася на тым, што ўсе яны ў розны час праходзілі службу ў атрадзе асаблівага прызначэння «Азоў» і выказвалі «негатыўнае стаўленне да рускамоўнага насельніцтва», а таксама прытрымліваліся «праўкраінскіх радыкальных поглядаў».

У жніўні 2022 года расійскі Вярхоўны суд прызнаў «Азоў» тэрарыстычнай арганізацыяй, на тэрыторыі самаабвешчанай ДНР аналагічнае судовае рашэнне было прынята яшчэ ў 2016 годзе.

Усе фігуранты справы сапраўды ў розны час служылі ў «Азове» па кантракце або былі вольнанаёмнымі службоўцамі. Некаторыя ўдзельнічалі ў абароне Марыупаля і абложанага камбіната «Азоўсталь», іншыя на момант расейскага ўварвання ўжо пакінулі службу і былі затрыманыя ў сябе дома або пры фільтрацыі. Сярод фігурантаў справы, акрамя жанчын-кухараў, былі рознарабочы, былы кінолаг, кіроўцы.

Крымінальная справа была ўзбуджаная на тэрыторыі самаабвешчанай ДНР, усе абвінавачаныя спачатку ўтрымліваліся ў СІЗА Данецка.

У верасні 2022 года справа паступіла ў мясцовы суд, які праз некалькі месяцаў перадаў яе ў Паўднёвы Акруговы ваенны суд у Растове-на-Доне.

Першапачаткова фігуранты абвінавачваліся па артыкулах КК «ДНР,» але ў чэрвені 2023 абвінавачванне перакваліфікавалі ў адпаведнасці з артыкуламі расійскага КК: дзеянні, накіраваныя на гвалтоўны захоп улады, арганізацыя або ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, праходжанне навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці.

У судзе абвінавачаныя не аднойчы заяўлялі аб фальсіфікацыі іх паказанняў, допытах без адвакатаў, зневажальным абыходжанні, адмове ў меддапамозе і катаваннях.

«Я ўбачыў мяшкі на галовах, драты на розных канечнасцях цела, зламаныя рэбры, адбітыя ныркі, людзі, забітыя да смерці, голад больш за год, ніякай медыцынскай дапамогі, людзі гнілі, ногі, рукі, вошы, блашчыцы, два разы душ за год, у які мы схадзілі — сышлі больш бруднымі, чым прыйшлі, яшчэ і пабітыя», — сказаў у апошнім слове адзін з абвінавачаных Мікіта Цімонін.

*****

Украіна ўзгадніла з ЗША ўмовы «энергетычнага перамір'я», якія разыходзяцца з версіяй РФ

Украіна ўзгадніла са Злучанымі Штатамі пералік энергетычных аб'ектаў, удары па якіх Расея павінна спыніць у рамках частковага спынення агню — што разыходзіцца з тым, на якім настойвае расейскі бок. 

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга ў адказ на запыт «Еўрапейскай праўды»

«Украіна перадала і ўзгадніла з амерыканскім бокам тыпалогію аб'ектаў па ўсіх аб'ектах энергетычнай інфраструктуры ў рамках дамоўленасці аб спыненні ўзаемных удараў. Гэта тычыцца электраэнергетычнага, нафтагазавага комплексаў, атамнай і вугальнай прамысловасці, энергетычнага машынабудавання — вытворчасці энергетычнага абсталявання», — заявілі ў прэс-службе.

У пераліку, што апублікаваў расейскі бок, які нібыта ўзгоднены з ЗША (што амерыканскі бок дагэтуль не запярэчыў) адсутнічаюць украінскія аб'екты нафта— і газаздабычы, па якіх у апошні час наносіцца больш за ўсё ўдараў.

Таксама Расія адпрэчыла безумоўнае спыненне агню ў Чорным моры пасля сустрэчы з ЗША.

*****

Прынамсі 8 удараў па энергааб'ектах Украіны нанесла Расія з 18 сакавіка, заявіў дарадца Зяленскага ў пытаннях камунікацый Дзмітрый Літвін.

«Рэальнасць такая — з 18 сакавіка яны працягваюць наносіць удары па нашых энергетычных аб'ектах бомбамі, ударнымі беспілотнікамі і БПЛА. Мы не будзем удавацца ў падрабязнасці, але ўжо было 8 пацверджаных трапленняў у энергааб'екты. А кожную ноч нашы сілы СПА збіваюць каля сотні ўдарных беспілотнікаў — і многія з іх, верагодна, мелі на мэце іншыя энергетычныя аб'екты. Калі б не нашы абаронцы, трапленняў магло б быць значна больш», — сказаў Літвін.

Нагадаем, пасля размовы з Трампам у Эр-Рыядзе РФ паведаміла, што Пуцін нібыта загадаў спыніць удары па аб'ектах энергетыкі з 18 сакавіка на працягу 30 дзён.

*****

Генштаб УСУ абвяргае заявы міністэрства абароны РФ аб нібыта парушэнні Украінай умоў спынення агню ў дачыненні да энергетычных аб'екта.

Так, 25-26 сакавіка сілы абароны Украіны не нанеслі ўдараў БПЛА па энергетычных аб'ектах РФ у Курскай і Бранскай абласцях, а таксама па энергетычных аб'ектах на тэрыторыі часова акупаванага расейцамі Крыма, заявілі ў Генштабе. 

«Варта падкрэсліць, што ваеннае ведамства краіны-агрэсара распаўсюджвае ілжывыя і беспадстаўныя абвінавачванні, каб зацягваць вайну, працягваць хлуслівую прапаганду і тыповыя расейскія спробы падмануць свет».

*****

Спецпасланнік Трампа Рычард Грэнел заявіў, што ядзерная зброя, якую Украіна аддала РФ па Будапешцкім мемарандуме, была расейскай і Украіна проста павярнула яе

«Яна не была ўкраінскай. Гэта непрыемны факт», — сказаў Грэнел.

Экс-амбасадар ЗША ва Украіне (1998-2000) і эксперт у пытаннях ядзернага ўзбраення Стывен Пайфер у адказ заявіў у сацсетцы Х, што Грэнэл «катэгарычна памыляецца».

«Я дапамагаў заключаць пагадненне па Будапешцкім мемарандуме. Грэнэл катэгарычна памыляецца. Ядзерныя боегалоўкі ва Украіне былі былымі савецкімі, а не расейскімі. Боегалоўкі на захоўванні знаходзіліся пад выключнай адказнасцю Украіны. Міжкантынентальныя балістычныя ракеты і бамбавікі былі ліквідаваныя ва Украіне, за выключэннем невялікай колькасці, адпраўленага ў Расію ў кошт спісання даўгоў», — адзначыў ён.

Пайфер адзначыў, што такое рашэнне Украіна прыняла перш за ўсё таму, што Масква ўзяла на сябе абавязацельствы паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краіны і не ўжываць сілу супраць Украіны, і заклікаў Грэнела вывучыць гэтую гісторыю цалкам.

*****

60 млрд рублёў за паўгода складае шкода ад удараў УСУ па расійскай энергетыцы — «Радыё Свабода»

Мінімальную ацэнку шкоды падлічыла «Радыё Свабода» сумесна з украінскім праектам Frontelligence Insight і групай валанцёраў на аснове аналізу больш за 100 спадарожнікавых здымкаў.

«Радыё Свабода» налічыла з верасня 2024 года па люты 2025 года 25 удараў па нафтагазавых вытворчасцях і месцах захоўвання вуглевадародаў. 12 з іх прыйшліся на нафтасховішчы, 9 — па нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ).

Эксперты разыходзяцца ў ацэнках ўплыву шкоды на нафтагазавую галіну і эканоміку. Аднак калі ў 2023 годзе ў выніку серыі ўкраінскіх нападаў магутнасці расейскіх НПЗ скараціліся на 15%, расейскія ўлады ўвялі забарону на экспарт бензіну «для абароны ўнутранага рынку». 

Пасля гэтага ў сакавіку 2024 года ўлады ЗША звярнуліся да Украіны з просьбай перастаць наносіць удары па расейскіх НПЗ, каб пазбегнуць росту сусветных коштаў нафты.

*****

Ноччу над Украінай знішчылі 56 з 117 расійскіх ударных БПЛА. 48 дронаў былі лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў.

Сілы СПА ліквідавалі расейскія беспілотнікі на поўдні, поўначы, усходзе і ў цэнтры краіны. Пацярпелі Сумшчына, Днепрапятроўшчына, Кіраваградшчына і Чаркашчына.

*****

Агульныя баявыя страты РФ ва Украіне з 24.02.22 по 26.03.25 арыенціровачна склалі:

  • асабовага складу — 907220 (+1280)
  • танкаў — 10430 (+5)
  • браніраваных машын — 21685 (+15)
  • артсістэм — 25207 (+17)   
  • РСЗА — 1341 
  • сродкі СПА —1117 
  • самалётаў — 370
  • верталётаў — 335
  • БПЛА — 30818 (+59)
  • крылатыя ракеты — 3121
  • караблі/катэры — 28
  • падводныя лодкі — 1   
  • аўтатэхніка + аўтацыстэрны — 41901 (+77) 
  • спецтэхніка — 3786 (+1)