«Я не дам у крыўду маю краіну, маіх дзяцей і сябе саму»
За апошнія месяцы беларускам давялося прайсці праз многае. І пакуль у іх не было часу на тое, каб разабрацца ў сваіх пачуццях, прагаварыць і пражыць іх. TUT.BY задаў некалькім гераіням пытанне: «Як вас змяніў гэты жнівень?» І ў кожнай — свая гісторыя і свой адказ.

Ганна Сарока, дызайнер, пацярпелая падчас затрыманняў
11 жніўня дзяўчына вярталася дадому з вуліцы Маскоўскай, ішла ў раён Гарадскога Вала. Ганна распавядае, што яна спусцілася з моста паміж Інстытутам культуры і плошчай Незалежнасці — і ўбачыла некалькі сілавікоў. Дзяўчына кажа, што спытала ў іх, як можна дабрацца да дома — яе падахвоціліся праводзіць. Аднак, калі падышлі да Чырвонага касцёла, каля якога быў прыпаркаваны аўтобус, Ганну — цытата — «запіхалі туды і абвінавацілі ў тым, што “каардынатар пратэстаў”».
Ганна атрымала сур’ёзныя фізічныя калецтвы. Прызнаная вінаватай паводле артыкулаў 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Прысуджаная да 20 сутак.

— Я была вельмі напалоханая падзеямі, якія разгортваліся 9-га і 10-га жніўня. Але не магла нават уявіць, што мне (я ішла адна, побач ніхто не мітынгаваў, да дома — 200 метраў) можа нешта пагражаць.
І калі мяне затрымалі, я была ў дзікім шоку. Адчувала сябе гераіняй аднаго з відэасюжэтаў, якія глядзела пра Норд-Ост або Бяслан. З галавы імгненна выветрылася, што ў мяне ёсць нейкія правы, што я грамадзянка сваёй краіны, што я не парушала закон. Я думала толькі пра тое, як мне выжыць. Як дзейнічаць, каб нікога не раззлаваць, што сказаць, каб цябе не білі. Задаеш пытанне — вельмі моцна крычаць. Ага, зразумела, значыць лепш маўчаць. Памятаю, што я ўвесь час заплюшчвала вочы і малілася пра сябе: «Божа, калі ласка, хай я адкрыю вочы — і акажацца, што гэта быў сон. Як я тут аказалася? Гэта не можа быць праўдай».
І думала: «Окей, калі мне дадуць 10, хай нават 20 сутак — я гатовая. Але калі мяне чакае 15 вось такіх гадоў, я не вынесу гэтага». Я вырасла ў сям’і, дзе нікога не білі, і кожны ўдар даўся мне вельмі цяжка. Зусім не была да гэтага гатовая.
Я ўвесь час сябе суцяшала: калі мне цяпер так дрэнна, значыць, горш ужо не будзе. Але так атрымлівалася, што ў наступную секунду адбывалася нешта яшчэ больш жудаснае — і здавалася, што дна няма.
Да гэтай сітуацыі я лічыла сябе эмацыйным чалавекам з вельмі далікатнай нервовай сістэмай. Але жыццё паказала, што гэта не так. У самай крытычнай кропцы ў мяне прачынаецца інстынкт самазахавання, і я, нягледзячы на туман у галаве і слёзы градам, пачынаю рабіць усё, каб выкараскацца.
Калі я патрапіла на Акрэсціна, здолела сабрацца і настроіла сябе не на панічныя атакі, а на прыняцце сітуацыі. Гэта ўжо здарылася, і цяпер я павінна нейкім чынам атрымаць з гэтага карысць: паглядзець, на што я здольная, запомніць дэталі таго, што адбываецца, каб распавесці сябрам, калі ўсё гэта скончыцца.
Мы з дзяўчаткамі-сукамерніцамі як маглі падбадзёрвалі адна адну, хоць было вельмі холадна і страшна. Спрабавалі жартаваць, што гэта мы на такім рэтрыце, дзе забароненая смачная ежа і алкаголь, проста 100-працэнтны дэтокс: «Якімі мы красунямі адсюль выйдзем, вы ўяўляеце?»
Ціснула на псіхіку толькі тое, што мы ўвесь час чулі: «Вы там нікому не патрэбныя. Ніякіх пратэстаў няма. Людзей усё задавальняе».
Але калі я выйшла і ўбачыла, колькі чалавек дзяжурыць пад Акрэсціна, колькі валанцёраў і сяброў нас чакае, стала ясна, дзе праўда. Столькі слоў падтрымкі, столькі абдымкаў, а тут яшчэ і партрэт мой хтосьці намаляваў. (Смяяцца.) І зноў было адчуванне нерэальнасці таго, што адбываецца, але гэтым разам яно суправаджалася радасцю і падзякай за ўсё.
Журналісты нават дзівіліся: «А чаму вы сваю гісторыю так лёгка расказваеце і яшчэ жартамі разбаўляеце?» Ну, мабыць, мая псіхіка абрала менавіта такі спосаб самаабароны. Я памятаю ўсё да драбнюткіх дэталяў, але, калі кажу пра гэта, ёсць адчуванне, што пераказваю сюжэт фільма. І ўжо незразумела, хто прайшоў праз гэты жах: я ці гераіня нейкага жорсткага баевіка.
Ведаеце, як ні парадаксальна, гэтыя падзеі дапамаглі мне лепш спазнаць сябе. У нейкі момант было адчуванне, што я жыву на чарнавік і ніяк не магу знайсці сябе. А калі я выйшла з Акрэсціна, успомніла, хто я ёсць, якія ў мяне прынцыпы, што для мяне па-сапраўднаму важна. Гучыць дзіка і смешна, але тое, што шукала ў псіхолага, я, здаецца, выпадкова знайшла ў турме. Мне спадабалася тая Аня, з якой я там пазнаёмілася.
Ганна Кулакова, прадпрымальнік, валанцёр на Акрэсціна

Падчас працы валанцёрам на Акрэсціна Ганна была сярод тых, хто першым убачыў стан, у якім адтуль выходзяць людзі.
— Памятаю, што было адчуванне нерэальнасці таго, што адбываецца. А ў галаве круцілася толькі адна фраза: «Божухна, гэта вайна». Тое, што мы чыталі ў падручніках гісторыі і ў кнігах аб Вялікай Айчыннай, я ўбачыла на свае вочы.
Тады трэба было выпіць запакаяльнага і дзейнічаць — плакала ўжо потым. Ведаеце, чым ратавалася, калі было зусім паршыва? Нон-стопам пераглядала «Гары Потэра» (Усміхацца.)
Так, рукі ў мяне дрыжаць да гэтага часу, але страху больш няма. Ёсць разуменне, што маўчанне цяпер таксама злачынна, як і тое беззаконне, з якім мы не можам змірыцца. Ёсць велізарнае жаданне ні ў якім разе не здавацца. Нават калі са мной здарыцца дрэннае... суткі пралятаюць хутка, а сумленне і пачуццё ўласнай годнасці, варта іх хоць адзін раз страціць, — ужо не вярнуць.
Калі апускаюцца рукі, успамінаю, як мой маленькі сын, які на свае вочы ўбачыў, як людзей хапаюць на прыпынку, калі мы праязджалі міма на машыне, спытаў: «Мама, што гэта?! Мама, гэта бандыты?» Я хачу, каб маё дзіця расло ў краіне, дзе ў яго не будзе падставы задаваць мне такія пытанні.
Адчуванне, што мы сфарміраваліся як грамадзянская супольнасць і нас шмат, надае мне сіл. Так, на адной шалі вагаў дзікі жах, беззаконне і боль, але на іншай — выдатныя людзі: урачы, навукоўцы, творчыя людзі, прадпрымальнікі, aйці-спецыялісты, рабочыя, годныя ваенныя. Светлыя, удумлівыя, здольныя на эмпатыю беларусы.
Мабыць, мы чакалі моманту, каб паказаць сябе. Саромеліся. Ну, сарамлівы мы народ, што зрабіць.
Саромеліся-саромеліся — дый перасталі. І што мы бачым? Неверагоднае згуртаванне, адсутнасць страху, каласальную падтрымку. І гэта варта ўсіх тых жахаў, што мы перажывалі.
Гадоў 5–6 таму мне давялося пагаварыць з Міхаілам Саакашвілі, і я спытала, што ён думае пра беларусаў. Ён вось што сказаў: «У беларусаў унікальны патэнцыял. Яны еўрапейцы, па сваёй ментальнасці — сапраўдныя швейцарцы. Інтэлігентныя, працавітыя. Усё ў іх будзе добра».
Алена Дубовік, заснавальнік Цэнтра псіхалагічнай дапамогі, маці аднаго з затрыманых

Сын Алены быў незалежным назіральнікам і знаходзіўся ў ініцыятыве «Сумленныя людзі» — яго арыштавалі яшчэ ў перыяд датэрміновага галасавання прама на ўчастку (арт. 23.4 КаАП — непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Суд прысудзіў маладога чалавека да 10 сутак.
— Калі пачула прысуд, я, вядома, адчула ўзрушэнне. Але разумела, што цяпер мне трэба ўзяць сябе ў рукі, каб падтрымаць Ваню. Для мяне было вельмі важна, каб ён бачыў і разумеў — я на яго баку. І калі я чула яго голас, як спакойна, пісьменна і сумленна ён адказвае на абвінавачванні, не магла не захапляцца ім. Мой сын быў упэўнены ў сваёй праваце, а таксама ў тым, што закон і праўда існуюць.
Вядома, я адчувала вельмі моцны боль і вельмі моцны гнеў. Але яшчэ мацней быў гонар за яго.
Калі твае блізкія трапляюць у такую варонку, ёсць вялікая спакуса папракнуць іх: «А вось навошта ты палез? Трэба было быць разумнейшым. Спадзяюся, ты больш нічога падобнага мне не падкінеш?» Гэта няправільна.
Мужчыны ў такім становішчы вельмі ўразлівыя. У цяжкія часы актывізуецца архетып героя, і для іх вельмі важна гэтымі самымі героямі быць. І калі маці, любімыя жанчыны абясцэньваюць, асуджаюць, забараняюць — гэта раніць іх яшчэ мацней, чым несправядлівасць і беззаконне.
Я адразу выбрала пазіцыю адкрытасці, і пасля абвяшчэння прысуду напісала ў Фэйсбуку: «10 сутак арышту. Ваня — герой!». (Плача.) Мне было важна заявіць пра гэта, каб усе ведалі. І я адчула каласальную падтрымку людзей. Гэта дапамагло: хоць я не магла ні есці, ні спаць, аднекуль з’яўляліся сілы — і я трымалася. Працавала, стэлефаноўвалася з адвакатам, насіла перадачы…
Перадачы — асобная гісторыя. Калі стаіш у сярэдзіне велізарнай чаргі — па маіх адчуваннях, некалькі сотняў чалавек — ты трапляеш у эпіцэнтр вялізнага агульнага гора. Мне было лягчэй, калі я даведалася, што сын падзяліўся сваёй перадачай з тымі, чые родныя не паспелі адстаяць гэтую чаргу.
Ён распавёў, што з ім у адной камеры сядзелі людзі, арыштаваныя па іншых абставінах, якія вядуць іншы лад жыцця: алкаголікі, хуліганы, злодзеі. Кранальна, што яны з вялікай павагай і піетэтам ставіліся да Вані і іншых арыштаваных падчас выбараў. Казалі, маўляў: «Ну, мы заслужылі, а вы, хлопцы...» Ваня сказаў, што ў гэтых людзях чалавечай годнасці больш, чым, скажам так, у многіх іншых. (Усміхацца.)
Адзін з сукамернікаў Вані — ён крадзе каўбасу ў краме, перапрадае і колецца за гэтыя грошы — патэлефанаваў мне, калі выйшаў. З тэлефона маці — няма свайго. Сказаў: «Ваш сын вельмі добры. З ім усё ў парадку, не хвалюйцеся, калі ласка».
Не перажываць было цяжка. І мне, таму што з жорсткім затрыманнем і збіццём ужо сутыкнуўся сын маёй сяброўкі, а потым пра гэта ж сталі пісаць у сацсетках…
І Ваня бачыў, што ў камеры трапляюць «сінія» людзі, але не мог зразумець, што адбываецца. Тыя, хто прыбываў, распавядалі жудасныя рэчы, і сын задаваўся пытаннем: «У якую ж краіну я выйду?».
Ён выйшаў 14 жніўня — праз 10 сутак і 1 гадзіну пасля затрымання. І гэтая гадзіна была, напэўна, самай цяжкай у маім жыцці. Але, калі я ўбачыла Ваню, увесь боль пераплавіўся ў любоў.
Я адчула, што павінна зрабіць нешта для тых, хто аказаўся ў той жа сітуацыі, што і мая сям’я. І калі мы ў нашым цэнтры пачалі аказваць валанцёрскую дапамогу пацярпелым і іх блізкім, выплюхнулася столькі болю... болю цэлай краіны. Пацярпелі не толькі тысячы затрыманых. Пацярпела ўся нацыя. Нават звычайныя кліенты, якія не былі ўдзельнікамі падзей, як адзін казалі: «мне страшна», «мне балюча», «я не магу спаць», «я не ведаю, як жыць далей».
Сын ужо быў дома, і я нарэшце змагла сабе дазволіць аплакаць усё гэта. У гэтых слязах было шмат праведнага гневу, шмат нязгоды: «Не, гэтага быць не павінна. І гэта нельга забываць. Нам трэба прызнанне віны і пакаянне».
З якім пачуццём я жыву цяпер? З болем. І з верай: «Я не дам у крыўду маю краіну, маіх дзяцей і сябе саму». І гэтая вера мацней за ўсё.
Паліна Кузміцкая, tut.by
Друкуецца ў скароце.
Фота Алы Шылец