Абаронцы беззаконня

Было б дзіўна ў сучасных беларускіх варунках, каб суд задаволіў скаргу незалежнага журналіста на гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да яго з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Так і сталася, калі Мінскі гарадскі суд разгледзеў скаргу збітага міліцыянтамі карэспандэнта tut.by Паўла Дабравольскага.

Нагадаем, што месяц таму ў будынку суда (!) Фрунзенскага раёна сталіцы журналіста пры выкананні ім прафесійных абавязкаў жорстка збілі міліцыянты (і не толькі, дарэчы, Дабравольскага), а пасля гэтага маладзёна яшчэ і асудзілі на штраф у 9 мільёнаў 450 тысяч рублёў нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі ды дробнае хуліганства.

Чакаць рашэння суддзі Валерыя Камісарава 1 сакавіка прысутным давялося нядоўга — толькі каля 10 хвілінаў. Дарэчы, Камісараў за сваю працу ў Мінгарсудзе шматкроць разглядаў скаргі асуджаных апанентаў улады, і ніколі ягоныя рашэнні не разыходзіліся з рашэннямі судоў першай інстанцыі. Дарэчы, смешна, калі Камісараў загадаў не здымаць яго, бо ў твар гэтага прадстаўніка своеасаблівай беларускай феміды ведаюць сотні, калі не тысячы людзей.

Натуральна, што і гэтым разам пастанова суда Фрунзенскага раёна Мінска згодна волі Камісарава засталася ранейшай. Цалкам лагічна ў святле стану тутэйшага правасуддзя.

Вось толькі чаму суды не звяртаюць увагу на тую акалічнасць, што ў іх пад бокам, у іх памяшканнях чыніцца беззаконне з боку тых, хто сам абавязаны абараняць закон і грамадзян ад таго ж самага беззаконня? Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у аўторак паскардзіўся на тое, што супраць ягонага ведамства вядзецца інфармацыйная вайна. А што гэта за вайна? Хто яе развязаў? Натуральна, па словах сілавіка, журналісты. Натуральна, незалежныя.

А ці існуе такая вайна? Проста недзяржаўныя журналісты выконваюць свой прафесійны абавязак, імкнучыся аб’ектыўна адлюстроўваць падзеі. І калі падначаленыя Шуневіча чыняць нешта ненармальнае з пункту гледжання маралі і логікі, калі паводзяць сябе не ў адпаведнасці са сваім статусам і паўнамоцтвамі, самі парушаюць закон і службовыя інструкцыі, а незалежныя СМІ пра гэта паведамляюць, то гэта ніякая не “інфармацыйная вайна”, пан міністр, а адлюстраванне аб’ектыўнай рэальнасці. І калі гэтая рэальнасць не падабаецца вам і вашым падначаленым, то гэта, у першую чаргу, ваша праблема, а не праблема журналістаў. І няма чаго кідацца на іх, збіваць, калечыць, здзекавацца. А потым судзіць.

А пра суды — асобная гаворка. За апошнія дзесяцігоддзі можна прыпомніць лічаныя выпадкі, калі служкі Феміды выносілі аб’ектыўныя пастановы і выракі ў дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі ці незалежных журналістаў. Поўная залежнасць судоў ад кіраўніцтва краіны не пакідае надзеі на справядлівасць у большасці выпадкаў, калі справы тычацца палітыкі ці свабоды слова. Вось такая ў нас склалася сістэма. Так атрымліваецца, што суды ў Беларусі шмат калі самі ператвараюцца ў абаронцаў беззаконня.

Таму ці варта Паўлу Дабравольскаму надалей шукаць праўды ў айчынным судзе, сказаць цяжка. Хоць надзея заўжды застаецца. Але ці ў нашым выпадку?