Дабраліся «героі» да «закатак»

У сваім парыве сістэматызаваць усіх і ўсё айчыннае кіраўніцтва проста не ведае межаў. Дабраахвоты ад улады вычвараюцца ў сваіх памкненнях «палепшыць эканамічны стан краіны» так, што хоць святых вынасі. Але ад гэтых дзеячоў чарговым разам пацерпяць шараговыя грамадзяне сінявокай.

12888zakatki.jpg


Той, хто жыве ў гарадах, буйных ці меншых, ужо звыклыя да таго, што недзе каля прыпынкаў грамадскага транспарту, каля ўваходаў у метро (у Мінску) прысутнічаюць бабулькі ці дзядулькі, людзі менш сталага веку (пэўна, нядаўна сталыя пенсіянерамі), ды і грамадзяне памаладзей, якія прапануюць мінакам прадукцыю ўласнай вытворчасці. Пераважна, гэта «закаткі» — кансерваваныя ці салёныя гуркі, памідоры, сочыва, свежыя, добра захаваныя часнык з цыбуляю, квашаную капустку ды іншыя смакоцці.
Натуральна, не ад добрага жыцця нашы суайчыннікі робяць такі вось бізнэс, каб атрымаць лішнюю капейчыну, каб сплаціць узляцелую камуналку, святло, газ, каб, у рэшце рэшт, разлічыцца з так званай «сацыяльнай дзяржавай», якую будуе ўжо амаль 22 гады яе бяззменны кіраўнік. І працягвае будаваць, насуперак эканамічным тэорыям і логіцы сусветнага развіцця.
Але вось дзяржава, якая ўжо непрыхавана абдзірае электарат праз павышэнне падаткаў, збораў, праз рост коштаў, убачыла, што яшчэ не ўсіх яна «паімела» у плане грошаздабычы.
Так, за нелегальны гандаль у грамадскіх месцах уладатрымцы прадугледзелі неймаверныя штрафы. Адпаведную норму ўтрымлівае Закон № 351-3 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях». У адпаведнасці з новым дакументам, парушальнікаў цяперака будзе чакаць пакаранне ў выглядзе штрафу памерам ад 5 да 50 базавых адзінак (на чалавечай мове — ад 1,05 мільёна да 10,5 мільёнаў беларускіх рублёў). Раней гэтыя штрафы ўкладаліся ў памер да трох базавых адзінак (630 тысяч рублёў), што і так было дахалеры.
Як бачым, «сацыяльная дзяржава» робіцца ўсё больш «сацыяльнай». Толькі вось некалькі прыватных назіранняў і акалічнасцяў. У дзяржаўных крамах і недзяржаўных супермаркетах элементарна немагчыма набыць беларускага часныку. Усё завалена часныком кітайскай вытворчасці. Летась аўтар гэтых радкоў сутыкнуўся з такім фактам: узімку, начытаўшыся рэкамендацыяў медыкаў пра прафілактыку грыпу ды іншых ангінаў і ВРЗ, набыў у бліжэйшай краме кітайскі часнык. Парэзаў на кавалачкі і паклаў на талерку, каб гэтыя драблёныя зубчыкі душылі ўсю вірусную атруту сваімі фітанцыдамі.
На наступны дзень майму здзіўленню не было межаў. Кавалачкі кітайскага часныку набылі яркі сіне-зялёны колер, які можа выклікаць толькі наяўнасць у прадукце меднага купаросу, што, мякка кажучы, не вельмі добра адбіваецца на здароўі тых, хто спажывае гэты прадукт. І вось гэтай заразай завалены практычна ўсе нашы крамы.
Натуральны, свойскі часнык можна набыць альбо на рынках, куды яшчэ трэба дабрацца, альбо ў тых жа самых гандляроў, якія вырасцілі яго на прысядзібных участках і, у адрозненні ад дзяржаўных скляпоў, змаглі захаваць сваю прадукцыю ў таварным выглядзе і ў прыстойнай якасці. Я ўжо не кажу пра натуральны смак хатняй прадукцыі. Гэта тычыцца і разнасолаў, ад выгляду якіх проста сліна кропліць, нібыта бярозавы сок пад сезон нарыхтоўкі.
У свой час улады пазбавіліся ад дробнагандлёвых кіёскаў на прыпынках грамадскага транспарту. Хто ад гэтага выйграў? Пытанне пытанняў, але толькі не просты чалавек-падаткаплатнік. Цяпер чынавенства пачало вайну з людзьмі, якія хоць неяк спрабуюць утрымацца і выжыць у час эканамічнага абвалу праз сваю працу на лецішчах і прысядзібах, спрабаючы рэалізаваць прадукцыю ўласнай вытворчасці.
Дарэчы, часцяком гэтая прадукцыя, як распавяла аўтару адна з гандлярак у веку больш за 70 гадоў, першапачаткова прызначалася для ўласнага сямейства. Але вось цяперака, пасля чарговых «поспехаў унікальнай беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі» прысмакі мусяць ісці на продаж, каб чалавек меў магчымасць аплаціць камуналку і лекі.
Падзенне эканомікі ды бессэнсоўнасць існавання згаданай мадэлі б’юць, у першую чаргу, па простых людзях. Уладатрымцы  ў драздоўскіх мільённых (у доларах) катэджах жывуць у паралельным свеце, ім простага чалавека не зразумець у прынцыпе. Толькі вось так званыя «народныя абраннікі», калі прымуць папраўкі ў памянёны закон і адміністрацыйны кодэкс, мусяць разумець, што піляць дрэва, на якім сядзяць. Але яны прызвычаіліся жыць адным днём.
Аднак, пасля дня наступае вечар, а потым ноч, і раніцы некаторым небажыхарам можна не дачакацца. Ва ўсіх сэнсах. Толькі вось гэтага яны не разумеюць.