Гадавіна дзяржаўнай ганьбы

19 гадоў таму, 24 лістапада 1996, адбылася падзея, якая вызначыла хаду найноўнай беларускай гісторыі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Менавіта ў той дзень адбыўся ініцыяваны першым і пакуль што бяззменным кіраўніком дзяржавы так званы рэферэндум, які многія эксперты і даследчыкі называюць канстытуцыйным пераваротам.



v_tekst_2.jpg

Фота 90s.by

Тады Аляксандр Лукашэнка ўжо паспеў адчуць смак вялікай ўлады. Ён сам прызнаваўся, што на той час меў “царскія паўнамоцтвы”. Аднак поўнасцю падмяць пад сябе Беларусь яму перашкаджаў легітымны Вярхоўны Савет 13-га склікання. А правадыру карціла атрымаць поўную ўладу ў краіне. Не бяруся сцвярджаць, але, верагодна, адным з куміраў для яго ў якасці ўладара дзяржавы быў Пётр Першы, які ў адным з заканадаўчых актаў, што быў ім створаны на пачатку ХVIII стагоддзя, запісаў наступнае: “власть государя в России является абсолютной, государь за свои поступки и решения ни перед кем, окромя Господа Бога, ответственности не несет”.

Дык той жа хоць на Бога спасылаўся, а ў нас жа — “праваслаўны атэіст” (што гэта такое — паспрабуй на здаровую галаву зразумець).

Ці яшчэ адзін прыклад — Сталін, любоў да якога сённяшні ўладар Беларусі і не хавае. Чаго вартая толькі адна псеўдагістарычная “лінія Сталіна”, куды цягаюць школьнікаў, студэнтаў і нават замежных турыстаў. Хоць у цывілізаваным свеце імя дыктатара, на рахунку якога мільёны загубленых жыццяў і лёсаў, выклікае поўнае адчурэнне і непрыязнасць. Аднак у Сталіна таксама была фактычна неабмежаваная ўлада ў СССР.

Але вернемся да тых падзеяў. “Царскіх паўнамоцтваў” нядаўняму дырэктару пасрэднага саўгасу аказалася мала. Зразумеўшы, што папраўкі ў Асноўны закон аб пашырэнні ўласных паўнамоцтваў правесці праз парламент не ўдасца, Лукашэнка вырашыў зрабіць гэта праз чарговы плебісцыт. Балазе досвед ужо меўся. Нагадаем, што ў траўні 1995 года такім чынам Лукашэнка зліквідаваў гістарычную сімволіку, якая на момант яго ўступлення на пасаду была дзяржаўнай, — бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоню”, замяніўшы іх на сімвалы, падобныя на бээсэсэраўскія, толькі з невялічкай карэкціроўцкаю. 

Адрозна ад сённяшняга дня, на той момант у людзей яшчэ не выветрыліся адчуванні адноснай свабоды, якую яны паспелі глынуць пасля распаду СССР і абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Таму, разумеючы, што абвешчаная Лукашэнкам кампанія па змянннях у Кантытуцыю можа мець вельмі негатыўныя наступствы ў перспектыве, сотні і нават тысячы людзей у лістападзе 1996 года прыходзілі на Плошчу Незалежнасці да будынку Дома ўрада, дзе засядаў парламент. Стаялі дні і ночы. Аўтар гэтых радкоў таксама быў тым.

Вярхоўны Савет на той час ужо звярнуўся ў Канстытуцыйны суд (былі сабраныя неабходныя для гэтага больш за 70 подпісаў дэпутатаў) з заклікам пачаць працэдуру імпічманта прэзідэнта за парушэнне ім Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. Да гэтага справа не дайшла, бо некаторыя тагачасныя падпісанты раптам адклікалі свае подпісы пад уціскам прэзідэнцкіх службаў.

А потым, за два дні да асноўнага дня галасавання, у Мінск тэрмінова прыляцелі “міратворцы” — старшыня расійскай Дзярждумы Генадзь Селязнёў, кіраўнік Савета федэрацыі РФ Ягор Строеў і прэм’ер-міністр Расіі Віктар Чарнамырдзін. Пра што яны насамрэч размаўлялі з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, спікерам беларускага парламента Сямёнам Шарэцкім і старшынём Канстытуцыйнага суда Беларусі Валерыем Цяхінем, мы наўрад ці даведаемся.

Але вынікам стаў выхад да людзей Шарэцкага, які сказаў, што ўсё добра, і заклікаў іх разыходзіцца. І гэта праз дні і ночы стаяння, каб, па вялікім рахунку, абараніць Канстытуцыю, той жа Вярхоўны Савет! Памятаю, якое было расчараванне. Тыя, хто правёў на Плошчы столькі часу, адчулі, што сталіся ахвярамі вялікае здрады. Здрады з боку тых, каго яны абаранялі.

Было агідна, крыўдна і балюча. У выніку Лукашэнка атрымаў абсалютную ўладу, Шарэцкі зваліў у Амерыку, а наперадзе ў беларускай гісторыі яшчэ былі “эскадроны смерці”, знікненні палітыкаў і журналістаў, тысячы і тысячы апанентаў улады за кратамі і пад штрафамі, разгоны Плошчаў, забароны апазіцыйных выданняў і шмат чаго яшчэ.

Адбытае 24 лістапада 1996 года было дзяржаўнай ганьбай. Не можа быць нармальнай і цывілізаванай дзяржава, якая самым грубым чынам парушае закон. А цяперашняя дзяржава за два дзясяткі гадоў панавання ў ёй “адзінага палітыка” вызначылася гэтым шматкроць. Таму і маем зараз тое, што маем.