Спадзяванні і рэаліі

Некаторыя аптымісты заяўляюць пра тое, што беларускі рэжым ледзьве не саспеў да лібералізацыі і дэмакратызацыі, шукаючы новых шляхоў уладкавання стасункаў з Захадам дзеля сродку падтрымання майткоў у выглядзе магчымай фінансавай дапамогі. Але наяўнасць у Беларусі палітвязняў і вынясенне смяротных прысудаў абвяргаюць гэтыя марныя надзеі.

З пачатку 2013 года ў Беларусі ўжо вынесеныя два расстрэльныя прысуды. Не выключана, што і па справе аб забойстве гомельскай студэнткі найбліжэйшым часам будзе агалошаны такі самы вырак. Я адмыслова не кранаюся сутнасці гэтых крымінальных справаў, бо падрабязнасці насамрэч жахлівыя. Тут важна іншае.

У 2012 годзе ў нашай краіне не было вынесена ніводнага смяротнага выраку. Хоць гэты “ачалавечаны” год у гісторыі незалежнай Беларусі ўсё ж быў азмрочаны расстрэлам двух абвінавачаных у тэракце на станцыі метро “Кастрычніцкая” — Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Сам па сабе смяротны прысуд гэтым дваццацішасцігадовым (на момант выканання прыгавора) хлопцам, як і ход следства (як папярэдняга, так і судовага) выклікалі шмат пытанняў у грамадства. Тысячы і тысячы грамадзянаў ставілі свае подпісы пад заклікам захаваць хлопцам жыццё, каб не дапусціць фатальнай памылкі. Але сэрца правадыра, які мог памілаваць маладых мужчынаў, засталося каменным, а рука выканаўцы з пісталетам — цвёрдай.

Вось і зноў пад прыцэл могуць патрапіць два-тры чалавекі. Якімі б жахлівымі не былі іх злачынствы, дзяржава не мае права на забойства. Не яна давала жыццё, і не яна мусіць яго адбіраць. Балазе спецыялісты адзначаюць, што смяротнае пакаранне ніяк не ўплывае на колькасць цяжкіх злачынстваў. Дык навошта тады дзяржаве прыпадабняцца жывёле без сумлення і розуму? Відаць, гэтае пытанне рытарычнае. Відавочна, уладам пляваць, што Беларусь застаецца адзінай краінай на кантыненце, якая ў тым ліку і з прычыны наяўнасці тут смяротнага пакарання не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы. А гэта, па вялікім рахунку, азначае, што яна не ўваходзіць у сям’ю цывілізаваных народаў.

Некаторыя мае суразмоўцы, у тым ліку і праваабаронцы, кажуць, што ўсё ж колькасць расстрэлаў за пошнія гады скарацілася, што ўлады пачынаюць задумвацца над сваімі паводзінамі, што вонкавыя і ўнутраныя акалічнасці змушаюць іх станавіцца на цывілізаваны шлях развіцця. Але асабіста ў мне гэта выклікае вялікі сумнеў. Што перашкаджае беларускім уладам выканаць элементарнае патрабаванне цывілізаванай міжнароднай і айчыннай супольнасці і вызваліць палітычных зняволеных, якія дагэтуль пакутуюць у тутэйшых вязніцах? Жаданне пагандлявацца з Еўропаю? Ці жаданне напоўніцу адпомсціць тым, хто не скарыўся і працягвае адстойваць свае пазіцыі ў нечалавечых умовах сучаснага ГУЛАГу местачковага пашыбу, адмаўляючыся пісаць прашэнні аб памілаванні на найвышэйшае ўладнае імя?

Грамадства ўжо даравала, спусціўшы на тармазах, выкраданні знакавых апанентаў рэжыма ў 1999–2000 гдах. Грамадства амаль забылася на трагічныя падзеі 19 снежня 2010 году, на сотні затрыманых і збітых мірных грамадзянаў падчас Плошчы, на дзясяткі асуджаных — без віны вінаватых. На вялікі жаль, грамадству зараз і не да праблемаў смяротнага пакарання, не да праблемаў вернікаў пратэстанцкай царквы “Новае жыццё”, якіх зноў ледзь не выкінулі з іх бажніцы, не да пакутаў тых, каго звальняюць з працы або з кім не працягваюць кантракты па палітычных матывах. Абывацелям, а менавіта з іх з большага складаецца сённяшняя тутэйшая грамада, няма справы да таго, што робіцца ў Курапатах і побач з імі.

Частка грамадства абуджаецца толькі тады, калі дзеянні ўладаў пачынаюць закранаць іх асабіста. Напрыклад, калі гарадскія чынушы дзеля “ўшчыльнення” вырашаюць упляжыць шматпавярховік у дворыку замест дзіцячай гульнёвай пляцоўкі або развараціць стары парк, каб на яго месцы правесці аўтастраду. Або зрабіць яшчэ нейкую бязглуздзіцу, ад якой пачынаюць шалець нават далёкія ад актыўнага жыцця нашы суайчыннікі.

Так што аптымізму я не бачу. Як не бачу памкненняў уладатрымцаў “лібералізавацца” — на халеру ім гэта патрэбна? Ім і так хораша. Праўда, да таго моманту, як расійскі імперска-алігархічны певень у філейную частку не цюкне. Але тады ўжо будзе позна піць баржомі. Аднак, гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя. Так што ніякія спадзяванні аптымістаў пакуль не супадаюць з рэаліямі нашага жыцця.