Спартак Пятровіч, не звяртайце ўвагі!
Аб’ектам атакі кіраўніка дзяржавы на цырымоніі адкрыцця пасля адбудовы спартовага цэнтра “СКА-Уручча” стаў чамусьці легендарны беларускі трэнер па гандболе Спартак Пятровіч Мірановіч. Лукашэнка, які не вельмі часта быў заўважаны ў якасці заўзятара гэтага віда спорту, выказаў колькі кпінаў на адрас славутага і заслужанага айчынага спартоўца і выхавацеля.
Чамусьці кіраўніка Беларусі зачапіў вынік гандбольнага матчу сталічнага СКА, якім дзесяцігоддзямі кіруе Спартак Мірановіч, супраць швейцарскай каманды “Вінтэртур”. Маўляў, лік 31:27 на карысць мінчан “малаваты”. “Сем маглі выйграць, шэсць, я глядзеў гульню. Потым праваліліся, потым гераічна пераадольвалі ўсё гэта”, — заявіў знаўца і майстар усіх гульняў і ўвогуле найвыбітны спецыліст і эксперт ва ўсіх справах, якія існуюць у свеце. Ну, і няхай бы, але далей паследвала абуральнае, прынамсі, для аўтара гэтых радкоў, выказванне.
“Ты не ўяўляеш, як мы збіралі грошы апошнія год-два на тое, каб дабудаваць палац. Я асабіста наскробваў грошы, ад лекаў адбіраў. Калі будзеце гуляць, як гуляюць хакеісты, то мы вас проста з краіны выжывем. Гульцы павінны чуць. Вы не ўзяўляецце, якой працы гэта каштавала”, — заявіў Лукашэнка.
Тут адразу ўзнікае некалькі пытанняў. На якой падставе правадыр пагражае “выжыць з краіны” Мірановіча і гандбалістаў? Калі гэта не жарт, то чаму ён не “выжывае з краіны” хакеістаў мінскага “Дынама”, якія правалілі сезон у КХЛ, хоць менавіта на хакей, які ёсць самым любімым спортам Лукашэнкі, выдзяляюцца няхілыя грошы параўнальна з іншымі спартовымі відамі? (У той жа час, і хакеістаў, прызнацца, шкада, але тут іншая тэма).
Па-другое, хто даваў Лукашэнку права, як ён сам прызнаецца, “адбіраць грошы ад лекаў”? Хто прымаў на гэты нейкі заканадаўчы ці падзаконны акт? Пенсіянеры, ветэраны ды ўсе астатнія беларусы, за рэдкім вертыкальна-наменклатурным выключэннем, ужо даўно вымушаны адмаўляць сабе ў набыцці неабходных лекаў з прычыны іх дарагавізны альбо адсутнасці ў айчынных аптэках.
І трэці момант — момант выхаванасці дзеючага кіраўніка дзяржавы. Ягоная фамільярнасць не мае межаў. Ён “ТЫкае” усім, хто стаіць ніжэй з яго па ранзе (ці як ён сам гэта ўспрымае), не зважаючы на ўзрост ці заслугі іншых. Вось і Спартаку Мірановічу 20 чэрвеня споўніцца 78 гадоў. Магчыма, гэта было сказана жартам, але “осадочек остался”.
Цяпер звернемся да фактаў, кім з’яўляецца Спартак Пятровіч Мірановіч для беларускага гандбола. Ён — заслужаны трэнер СССР (1977 год) і Беларускай ССР (1967 год). Ад 1967 года ён бяззменна кіруе мінскім СКА. За гэты час ён шматкроць прыводзіў сваіх гульцоў да прамог у нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах.
У 1986-1992 гадах Мірановіч працаваў трэнерам зборнай каманды СССР, з якой перамог на Алімпіядах у Сеуле і Барселоне. Прычым, у Барселоне Спартак Пятровіч быў галоўным трэнерам каманды.
Ад 1992 года да чэрвеня 2008 года ён быў галоўным трэнерам зборнай каманды незалежнай Беларусі, да таго ж, ад 1991 да 1997 года з’яўляўся чальцом Выканаўчага камітэта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Цяпер падрабязней:
Як трэнер мінскага СКА Спартак Мірановіч з’яўляецца
- Шасціразовым перможцам чэмпіяната СССР (1981,1984, 1985, 1986, 1988, 1989)
- Срэбраным прызёрам чэмпіяната СССР (1982, 1983, 1987, 1990, 1992)
- Бронзавым прызёрам чэмпіяната СССР (1991)
- Трохразовым пераможцам Кубка СССР (1980,1981, 1982)
- Трохразовым пераможцам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў (1987,1989, 1990)
- Двухразовым пераможцам Кубка ўладальнікаў Кубкаў еўрапейскіх краінаў (1983, 1988)
- Уладальнікам Кубка Выкліку (2013)
- Фіналістам Кубка ЕГФ (1992)
А таксама дзесяціразовым чэмпіёнам Беларусі, сяміразовым срэбраным прызёрам чэмпіянату нашае краіны, трохразовым яго бронзавым прызёрам. Ёсць яшчэ і іншыя дасягненні Мірановіча ў зборнай СССР, як то перамога ў Гульнях добрай волі (1986 — Масква і 1990 — Сіэтл), срэбра Чэмпіянату свету (1990)
Спартак Мірановіч, на маю думку, павінен быў даўно ўжо стаць Героем Беларусі, нават ужо праз тыя заслугі, якія ён мае перад нашай краінаю яшчэ з далукашэнкаўскіх часоў. Але ў нас “героямі” становяцца не толькі сапраўды заслужаныя асобы, але нават тыя, хто абваліў нацыянальную валюту.
Пачуццё гумару і адказнасць за свае словы ў беларускага бяззменнага правадыра даволі спецыфічныя. Таму, шаноўны Спартак Патровіч, не звяртайце на ўсю гэтую драбязу ўвагі. Няхай новы спартовы палац ва Уруччы дапаможа вам у нялёгкай працы, а вашым хлопцам паспрыяе стаць яшчэ лепей, каб самая назва “Гандбольны клуб “СКА-Мінск” наводзіла трапяткую нярвознасць на супернікаў і прыносіла радасць шматгадовым заўзятарам каманды з выбітнай гісторыяй, не адрыўнай ад вашага імя.