Такія жаданыя подпісы

Прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі ды іхнія  ініцыятыўныя групы працягваюць збор подпісаў дзеля вылучэння іх кандыдатамі ў кіраўнікі дзяржавы. Штодня ў розных кутках сталіцы можна ўбачыць пікеты як дзейнага дзяржаўнага галавы, гэтак і яго апанентаў. Пятніца 9 кастрычніка не стала выключэннем.

У плане крэатыўнасці палітычных суб’ектаў гэтая прэзідэнцкая кампанія крыху адрозніваецца ад папярэдніх у больш вясёлы бок. Некаторыя прэтэндэнты выкарыстоўваюць незвычайныя для нашых умоў формы прыцягнення падпісантаў.



907edb0aa6986220dbffb79a788596ee.jpg

Прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі ды іхнія  ініцыятыўныя групы працягваюць збор подпісаў дзеля вылучэння іх кандыдатамі ў кіраўнікі дзяржавы. Штодня ў розных кутках сталіцы можна ўбачыць пікеты як дзейнага дзяржаўнага галавы, гэтак і яго апанентаў. Пятніца 9 кастрычніка не стала выключэннем.
У плане крэатыўнасці палітычных суб’ектаў гэтая прэзідэнцкая кампанія крыху адрозніваецца ад папярэдніх у больш вясёлы бок. Некаторыя прэтэндэнты выкарыстоўваюць незвычайныя для нашых умоў формы прыцягнення падпісантаў.
Напрыклад, лідэр кампаніі “Гавары праўду! Уладзімір Някляеў днямі прыцягнуў на адзін з сваіх пікетаў у цэнтры Мінска (каля ГУМа) кампазітара і спевака Зміцера Вайцюшкевіча, які напісаў багата песень на някляеўскія вершы, і абодва аўтары разам спявалі іх перад ашаломленымі наведвальнікамі сталічнага ГУМа. А пару дзён пазней Яраслава Раманчука, намесніка старшыні  Аб’яднанай грамадзянскай партыі, апроч лідэра АГП Анатоля Лябедзькі і маладых партыйцаў, прыйшлі падтрымаць ветэраны арганізацыі - такія вядомыя асобы, як экс-старшыня Нацыянальнага банку РБ Станіслаў Багданкевіч, былы дырэктар “Амкадору Васіль Шлындзікаў, экс-прарэктар Белдзяржуніверсітэта Анатоль Паўлаў, былы міністр працы Аляксандр Сасноў ды іншыя, не менш знаныя людзі.
Усіх літаральна ашаломіла навіна пра тое, што з прэзідэнцкай гонкі зняўся традыцыйны спарынг-партнёр Аляксандра Лукашэнкі на дзвюх апошніх выбарчых кампаніях старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч. Галоўны ліберал-дэмакрат заявіў, што яго ініцыятыўная група ўжо назбірала неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты сто тысяч подпісаў, але, маўляў, гэта не выбары, а фарс, і таму  ўдзельнічаць у спектаклі Гайдукевіч не жадае.
Нешта знутры падказвае мне, што гэта не зусім шчырыя словы Сяргея Васільевіча, і прычыны ў ягонай адмове ад далейшага ўдзелу ў выбарчай гонцы палягаюць у іншай плоскасці. У рэшце рэшт, гэта справа самога Гайдукевіча.
Звыклай з’явай пад час усіх выбарчых кампаній ёсць наяўнасць пэўнай часткі электарату, якая шчыра, ажно да канвульсіяў любіць прэзідэнта і дзейую ўладу ўвогуле. Галоўным чынам гэта людзі далёка не маладога пакалення. Вось і каля пікета па збору подпісаў за вылучэнне Яраслава Раманчука матэрыялізавалася сталага веку кабета, якая пачала верашчаць ледзьве не на ўвесь галоўны праспект краіны пра тое, якія ўсе вакол несумленныя апазіцыйныя лайдакі, адзін толькі прэзідэнт працуе, таму, маўляў, мы яго нікому не аддадзім (а што, ёсць яшчэ жадаючыя?) і будзем галасаваць толькі за яго.


Ды за радзі Бога! Хто ж табе, бабуля, перашкаджае? Але кабета не суцішвалася і спрабавала адправіць усіх, хто знаходзіўся ў раёне пікета (а побач, дарэчы, знаходзіліся ажно тры стэнды ў патрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пікеты прэтэндэнтаў Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага і Юрыя Глушакова), у калгас збіраць бульбу.
Нягледзячы на гучныя антыапазіцыйныя енкі прадстаўніцы праўладнага электарату, збор подпісаў за іншых прэтэндэнтаў ішоў, скажу вам, даволі жвава: сябры розных ініцыятыўных груп пастаянна трымалі ў руках чыйсці разгорнуты пашпарт і ўносілі персанальныя дадзеныя грамадзян у падпісныя лісты.
Так што, нават па ацэнках неперадузятых экспертаў, збор подпісаў ідзе някепска, і ёсць шанс, што у спісе кандыдатаў у прэзідэнты будуць не дзве, а больш асоб. Галоўнае пытанне, ці не раздзярбаняць апаненты дзейнай улады пратэстныя электаральныя сілы пасля рэгістрацыі кандыдатаў. Але гэта ўжо зусім іншае пытанне ды іншая гісторыя.