Чарнобыль з намі. Некалькі рэцэптаў самавыратавання.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася ўжо 23 гады таму, але з наступствамі катастрофы мы змагаемся дагэтуль.


Першымі і, здавалася, самымі страшнымі праявамі той трагедыі былі вострая і хранічная лучавыя хваробы, унутранае аблучэнне і інш. Зараз, праз дваццаць гадоў сталі праяўляцца і аддаленыя наступствы выбуху. Усё большай колькасці людзей ставіцца дыягназ рак, генетычныя пашкоджанні ці імунныя хваробы, скарачаецца працягласць і якасць жыцця.
Галоўную пагрозу для жыхароў Беларусі прадстаўляюць малыя дозы радыяцыі, якія выклікаюць часовую “промніваю рэакцыю. Яна праяўляецца дыскамфортам і агульнай слабасцю, таму звычайна чалавек не звяртае на гэта ўвагі. Але ўжо даказана, што менавіта такія невялікія дозы выклікалі сапраўдны бум захворванняў шчытападобнай залозы: ад зобу да раку. На гэтую залозу негатыўна ўздзейнічае ў першую чаргу ёд-131, перыяд паўраспаду і паўвывядзення якога складае 8 і 138 дзён адпаведна. Аднак не трэба забывацца, што кожны дзень арганізм атрымлівае новую дозу аблучэння. Акрамя таго ў Беларусі хапае вугляроду-14, які распадаецца за 5730 гадоў, цэзія-137, што выводзіцца за 100 дзён, але перыяд паўраспаду мае 30 гадоў, стронцый-90 — 20 і 29 гадоў адпаведна. Спецыялісты кажуць, што бяспечнай для пражывання і выкарыстання тэрыторыя становіцца толькі праз дзесяць перыядаў паўраспаду. Таму трэба неяк прыстасоўвацца да жыцця на часткова забруджанай тэрыторыі.
Кажуць, што 94 % радыёнуклідаў паступае ў арганізм праз прадукты харчавання. Асабліва небяспечныя расліны, бо асноўная частка забруджвання прыходзіцца на верхні пяцісантыментровы слой глебы. Прадукты па-рознаму накопліваюць радыёнукліды. Напрыклад, з агародніны самымі небяспечнымі з’яўляюцца салодкі перац, капуста і бульба, а вось агуркі і памідоры ў 10-15 разоў “чысцейшыя. Што датычыцца мяса, то цэзій у асноўным утрымліваецца ў мышцах старых жывёл, а стронцый — у касцях маладняку, а найменшая канцэнтрацыя радыёнуклідаў — у сале і тлушчы, якія пры правільнай апрацоўцы могуць стаць “чыстымі. Свініна звычайна менш забруджваецца, чым, напрыклад, мяса птушак, а вось дзікія жывёлы накопліваюць радыяцыю ў некалькі разоў “лепш, чым свойскія.
Таму неабходна прытрамлівацца некаторых правілаў пры прыгатаванні ежы. Так, агародніну і карняплоды рэкамендуюць вымачваць 3-4 гадзіны ў падсоленай вадзе. Цікава, што пры варцы колькасць радыёнуклідаў у гэтых прадуктах змяншаецца ў 2 разы. Калі не ўжываць марынад ад розных “бабуліных саленняў, то ў арганізам трапляе ў 1,5-2 разы менш радыяцыі. Мяса рэкамендуюць разразаць на невялікія кавалкі і вымочваць у падсоленай вадзе з даданне воцату на працягу 10-12 гадзін, а бульёны “на костцы лепш не выкарыстоўваць. Цікава, што ў вяршках, сырах і масле колькасць цэзія, у параўнанні з малаком, зніжаецца на 10-90 %, а таплёнае масла з’яўляецца ўвогуле чыстым.
Акрамя таго, можна абмежаваць усасванне радыёнуклідаў у арганізм праз ужыванне прадуктаў, насычаных т. зв. стабільнымі элементамі. Напрыклад, калій утрымліваецца ў бульбе, разынках, гарбаце, арэхах, фасолі, лімоне і інш. У чырвоным вінаградзе шмат рубідзія. Малочныя прадукты, яйкі, бабовыя, зялёная цыбуля, пятрушка багатыя кальцыем. Мяса, рыба, сланечнік, яблыкі, салата ўтрымліваюць у вялікай колькасці жалеза.
Акрамя таго, рэкамендуецца насычаць рацыён антыаксідантамі, такімі як вітаміны А, С і Е, ёд, цынк, медзь, селен, кобальт і інш. А каб павысіць устойлівасць арганізма да радыяцыйнага ўздзеяння і паскорыць вывядзенне шкодных рэчываў можна выкарыстоўваць розныя харчовыя дадаткі.
Зразумела, што нам яшчэ доўга прыйдзецца жыць з наступствамі аварыі на ЧАЭС. Зразумела, што мы можам абмежаваць іх уплыў на арганізм. Не зразумела толькі, ці варта будаваць АЭС на тэрыторыі Беларусі, ці варта зноў аблучаць людзей...