Хронікі культурнага шоку: частка другая

  Працягваю дзяліцца сваімі самымі простымі ўражаньнямі пра Амэрыку. "Складаныя", я перакананая,  прыйдуць пазьней — па вяртаньні на радзіму.  



471c50ad1a156d7256eddfd747d77931.jpg

Працягваю дзяліцца сваімі самымі простымі ўражаньнямі пра Амэрыку. "Складаныя", я перакананая,  прыйдуць пазьней — па вяртаньні на радзіму.

 

ГАСТРАНАМІЧНАЕ

У ЗША вызначыўся мой шыбалет. У адну з суботаў я наведала “фермэрскі рынак — хаця ў нас такую падзею хутчэй назвалі б “кірмашом — і, спыніўшыся каля аднаго з латкоў, на якім стаяў цэбрык, поўны чагосьці, што нагадвала морс з парэчкі, спыталася ў прадавачкі: "Із іт компот?" На што атрымала адказ: "Нёў, ітс лэмонэйд... А вы откуд-да?" Дзяўчына апынулася літоўкай.

Вызначылася і мясцовая Ася Паплаўская. Размовы міжнародных пісьменнікаў, пра што б яны ні пачалі гаварыць, непазбежна скотваюцца на тое, якая галімая ў ЗША кава. Ізраільцянін Тушэ нават прыдумаў каламбур — cofeet  — cofee + feet. І гэта не гіпербала. Я купіла ў краме тое, на што мне паказалі мясцовыя, з фірмовай усьмешкай прамовіўшы: "Ітс гюююд. Ай нормалі тэйк іт". І цяпер у мяне ў шафцы моцна пахне старымі шкарпэткамі. Па інтэрнэце можна пераслаць голас, выяву рух, але нельга пераслаць пах. А проста карціць зрабіць нешта такое, каб вы мне паверылі.

Знаёмыя патлумачылі: праблема ў тым, што ў Амэрыцы вераць, маўляў, кава павінна быць суперпрасмажаная, інакш яна ня будзе моцнай. І яны па звычцы каўтаюць форменны вугаль, зь якога выпекся ўвесь кафэін, без усялякага ўнутранага дысанансу. Гэтым адрозьніваецца найперш знакамітая кава "Старбакс" — калі не папярэдзіць эўрапэйца, то ад нечаканасьці ў чалавека могуць здарыцца ваніты. Я сур'ёзна.

У Амерыцы забываем слова "амерыкана" — гэта называецца "рэг'юлар кофі". Прасіць трэба маленькі кубак: вялікі — гэта прыкладна паўлітры. Але нават маленькі цяжка выпіць без малака ды цынамону, які заглушае смак кававага рэчыва.

Пры якасці амерыканскай кавы абсурдным вынаходніцтвам выглядае "дэкаф" — нешта пазбаўленае кафеіну, што, паводле цэтлікаў, дазваляе вам "атрымаць асалоду ад неверагодна прыемнага смаку".

Але ёсць выспы шчасця — амаль прыстойныя кавярні, дзе могуць зрабіць нармальны капучына макіята і г. д. Важна знайсьці такую кавярню ў сваім раёне, прывязацца канатам і трымацца, як каранёў. Асабліва трэба зважаць на назвы — калі на кавярні напісана нешта на французскай мове, то гэта харошы знак. Тут існуе эмігранцкае павер'е, што людзі, якія змаглі напісаць на шыльдзе французскае слова, ня могуць сапсаваць кавы.

Сярод міжнародных пісьменьнікаў у героях ходзіць польскі паэт славенскага паходжаньня Мілаш. Мілаш — інжынэр па прафэсіі, што пшэпенькне адбіваецца на паэтыцы яго вершаў, але галоўнае — гэты чалавек здолеў абхітрыць амэрыканскую кававарку. У кожным жытле пісьменьніка тут стаіць кававарка, якая запраграмаваная на тое, каб шторанку выдаваць на сняданак вядро "рэг'юлар кофі". Дык Мілаш сцяміў, як яна працуе, і нейкім хітрым спосабам навучыўся засыпаць каву ў той момант, калі умовы аптымальныя — і тады глупая кававарка выдае кубачак нармальнай эўрапэйскай кавы. Пры ўмове, што вы знойдзеце прыстойны гатунак натуральнай кавы ў прадуктовай краме, гэта нейкім чынам дазволіць вашаму залежнаму ад кафеіну арганізму дацягнуць да Хэлоўіна.

 

ГАСТРАНАМІЧНАЕ–2

Нядаўна audiart выклала бліскучыя развагі пра неабходнасьць фэмінізму ў сучасным сьвеце. Калі пераказваць сьцісла, фэмінізм патрэбны нам, паненкам, для таго, каб удала выйсьці замуж па каханьні. Усё гэта аўтарка даводзіць на прыкладзе эпохі Джэйн Остэн.

Мяне ж там павесяліў адзін камэнтар пра тое, як складаўся шлюбны кантракт у Ірляндыі ХІХ стагодзьдзя: "если невеста умеет взбивать масло, то приданое за ней можно дать меньше".

Менавіта масла тут відаць выпадкова ўсплыло, але пасьля спробаў гатаваць у Амэрыцы ежу мне здаецца, што менавіта масла — нейкі вельмі важны элемэнт англа-сакскай ментальнасьці. У Амерыцы яно дарагое — 4 даляры за фунт, у той час як маргарын каштуе за фунт 2 даляры. І ўсё ў прадуктовым халадзільніку вапіе пра тое, што маргарын ядзіцца толькі таму, што масла даражэйшае. Для мяне было поўнай нечаканасьцю пабачыць маргарын пад назвай "Я не магу паверыць, што гэта не масла!"

not-butter.jpg

У той жа час амэрыканскія сьмятану і тварог (ён жа cottage cheese) я лічу вельмі смачнымі і прыймальнымі па кошце. Хаця ня ведаю, мо і масла смачнае, але я яго яшчэ не каштавала. Сыр філадэльфія — назаўжды.

Зрэшты, гастранамічны шок — ён розны бывае. Аргентынка Пола расказвала з круглымі вачыма:

— Вы ведаеце, я ездзіла ў Маскву і сама бачыла, як людзі... П'ЮЦЬ АПЕЛЬСЫНАВЫ СОК УВЕЧАРЫ!!!

Але гэта яшчэ не ўсё! Дзеўкі, яны наліваюць туды гарэлку!!!

 

ГРЭЙТ ДЖОБ

 

У Амэрыцы мне вельмі падабаецца тое, якім тонам бацькі размаўляюць з маленькімі дзецьмі.

 Пачнем з таго, што амэрыканцы са сваімі дзецьмі ўвогуле — размаўляюць. Я мяркую па назіраньнях за сем'ямі ў асноўным у транспарце. Ніякіх "ма-ма, а яшчэ доўга????" "ма-ма, а кагда мы прыедзем???" І, адпаведна, "сядзі ціха!" "не балбачы!" "потым патлумачу!". Гаворачы зь дзецьмі, мамы і таты тут паўсюль маюць аднолькавы тон — добразычліва-апякунскі, але ніколі не камандна-загадны. Ну і маленькім дзецям усё вельмі зразумелай мовай тлумачаць да таго, як яны пасьпяваюць спытацца, і пакрокава — як замежнікам, якія ня ведаюць мясцовай культуры, як карыстальнікам сэрвісу, якія ўпершыню зайшлі на сайт.

 Вось, напрыклад, непасільная для савецкай мамкі задача — зь мінімальным скандалам і шкодай для часу, нэрваў, мозгу людзей навокал правесьці праз кантроль бясьпекі ў аэрапорце дачку і сына (3 і 5 год адпаведна). Прынамсі, мая нявестка ў гэтай сытуацыі пачала б моўчкі зьдзіраць з пляменьніцы куртку і боцікі, а тая енчыла б, "Я не хачу — ня будууууу!" Нявестка б пачала на яе крычаць, а потым вінавата выбачацца перад іншымі пасажырамі.

 Што робіць амэрыканская мама?

 — Оўкей, гайз, — кажа амэрыканская мама, — цяпер нам трэба прайсьці кантроль бясьпекі. Гэтыя дзядзі і цёці нас правераць. Ты, Джоні, калісьці так ужо рабіў, а ты, Кіці, мусі й не памятаеш. Карацей, вось у таткі скрыня. Сюды складаем красоўкі. У гэтую скрыню пакладзіце свае куртачкі і заплечнікі...

 Дзеці слухмяна выконваюць інструкцыі. Далей такім жа тонам дзяцей вучаць наступным этапам.

 Калі сям'я ўжо абулася і выходзіць да лавачак завязаць шнуркі, я думаю пра сябе, што вось яшчэ пару словаў не хапае, каб карціна боса з падначаленымі, што скончылі працу над праектам, была поўнай. І тут мамка проста чытае мае думкі:

 — Грэйт джоб! — кажа яна дзеткам.

 

ГАСТРАНАМІЧНАЕ–3

 На радзіме — і кока-кола смачнейшая. Кажуць, гэтае маё смакавае адвучаньне — не паршывы беларускі патрыятызм, а законы рынку: кампанія “Кока-кола дасьледуе смакавыя ўпадабаньні пэўных рэгіёнаў і карэктуе адпаведна ім свае формулы. Больш за тое, — на радзіме і соль салёнейшая,  і цукар саладзейшы. Хутчэй за ўсё, каб прымусіць спажыўца спажываць болей.

Нядзіва, што ў наведаным мной “рускім магазіне ў штаце Мічыган проста як у СССРда вайны — самы попытавы тавар — соль ды цукар. Прычым соль — украінская, а цукар — беларускі.