Выбары, выбары...

Надоечы сустракаўся я са сваім сябрам, супрацоўнікам польскага Інстытуту краін Усходняй Еўропы Камілем, які раз на год прыязджае ў Беларусь "праманіторыць" тутэйшую сітуацыю. Аказваецца, цікавыя атрымліваюцца рэчы! Ён паведаміў мне, што некаторыя беларускія палітыкі і эксперты, размаўляючы з ім наконт нарады Лукашэнкі і Ярмошынай з нагоды даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў, сур’ёзна казалі пра тое, што, нібыта, Лукашэнка сыдзе.

Надоечы сустракаўся я са сваім сябрам, супрацоўнікам польскага Інстытуту краін Усходняй Еўропы Камілем, які раз на год прыязджае ў Беларусь "праманіторыць" тутэйшую сітуацыю. Аказваецца, цікавыя атрымліваюцца рэчы! Ён паведаміў мне, што некаторыя беларускія палітыкі і эксперты, размаўляючы з ім наконт нарады Лукашэнкі і Ярмошынай з нагоды даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў, сур’ёзна казалі пра тое, што, нібыта, Лукашэнка сыдзе.
Такую версію я падаў у аглядзе тыдня ў газеце "Новы Час". Спадарства, я прашу прабачэння перад усімі, хто ўспрыняў гэта ўсур’ёз! Гэта быў жарт! Можа, крыху няўдалы, а можа, занадта аргументаваны... Але ж я не чакаў, што ў сур’ёзных людзей, аналітыкаў і палітыкаў, узнікнуць такія думкі.
"Не волнуйтесь, я не уехал! И не надейтесь — я не уеду!" — спяваў калісьці Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі. Разлічваць на тое, што Лукашэнка скажа: "Я стаміўся, я сыходжу", не выпадае.
У Аляксандра Лукашэнкі папросту няма іншага выбару, чым балатавацца ў прэзідэнты. Таму што ён нікому не можа давяраць са свайго атачэння — хіба толькі членам сваёй сям’і. Вылучаць Віктара Лукашэнку — народ гэтага не зразумее. Тым больш, што акрамя прозвішча ў Віктара няма ніякай вядомасці. Вылучаць іншага "пераемніка" таксама не выпадае.
Хто можа быць пераемнікам? Сідорскі? Макей? Пяткевіч? Даць стопрацэнтную гарантыю таго, што яны будуць прыслухоўвацца да Лукашэнкі і захаваюць яго ў бяспецы не можа ніхто — і ў першую чаргу сам Лукашэнка, які вельмі добра разумее, што такое ўлада. Як вядома, улада разбэшчвае. А абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. І калі "пераемніку" захочацца абсалютнай улады, захочацца "саскочыць" ад уплыву Лукашэнкі, сканцэнтраваць уладу ў сваіх руках, то яму будзе гэта зрабіць вельмі проста. Дастаткова толькі звярнуцца да Гары Пятровіча Паганяйлы і даць загад скончыць расследаванне гучных знікненняў Ганчара, Захаранкі, Красоўскага і Завадскага.
Лукашэнка не можа гэтага не ўсведамляць.
Таму чарговыя выбары, пройдуць, хутчэй за ўсё, па іншым сцэнары. Па якім канкрэтна, — пакуль невядома (я ж не засядаю ў Адміністрацыі прэзідэнта J), але думкі на гэты конт ёсць.
Нездарма выбары ў мясцовыя саветы прызначаныя прыкладна за паўгады да прэзідэнцкіх. Хутчэй за ўсё, гэтыя выбары будуць "звышліберальнымі", асабліва зважаючы на тое, што для іх плануецца адмяніць парог яўкі. Але звышліберальнымі яны будуць толькі звонку. Абіраць будуць каля 21 тысячы дэпутатаў розных узроўняў. Апазіцыя возьме месцаў дзесяць — максімум сто. Прычым зроблена гэта будзе так, што ў асобны мясцовы савет пройдзе адзін апазіцыянер. Канешне, гэты адзін чалавек здолее дапамагчы асобным людзям, сваім выбаршчыкам. Але аніякіх глабальных зменаў, кшталту мясцовага самакіравання ці ўплыву на мясцовы бюджэт, не адбудзецца. Такія прапановы будуць забалатаваныя лаяльнай да ўлады большасцю дэпутатаў мясцовых саветаў.
Узгадаем, што былі ўжо такія "адзіночкі". Алесь Зарэмбюк у Мастах, Юрась Глушакоў у Гомелі, Алесь Чыгір у Бабруйску... Усе яны былі дэпутатамі гарсаветаў, але змяніць нешта ў глабальным плане не здолелі.
Карацей, пасля мясцовых выбараў недзе з месяц будзе ісці разгляд скаргаў, "падбіццё" вынікаў кампаніі, "абсасванне" працэсу, фармаванне саветаў і гэтак далей. Адначасова з гэтым на працягу трох-чатырох-пяці месяцаў будзе ісці "прамыванне мазгоў". Быццам, "глядзіце, якая слабая апазіцыя, мы ім стварылі ўсе ўмовы, а яны набралі палову працэнта дэпутацкіх месцаў! Яны не карыстаюцца падтрымкай народа нават на месцах! А лезуць у цэнтральную ўладу!" Той жа самы трэнд будзе ўцюхвацца Еўропе, балазе, на мясцовыя выбары ані БДІПЧ АБСЕ, ані іншыя міжнародныя арганізацыі назіральнікаў не дасылаюць. Больш за тое, будзе ўсяляк прасоўвацца тэзіс пра тое, што гэтыя выбары былі звышліберальнымі.
Праз чатыры-пяць-шэсць месяцаў стартуе кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі. Праходзіць яна будзе ў фармаце 2006 года, з тэлевізійным "мачылавам" апазіцыі (падрыхтоўку да гэтага мы ўжо бачым зараз на прыкладзе паклёпніцкіх сюжэтаў у адносінах "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" і лідэра руху "Маладая Беларусь" Артура Фінькевіча), з недрукаваннем улётак, затрыманнем кандыдатаў і іх паплечнікаў і г.д. У сцэнары "элегантнай перамогі" Лукашэнка зноў "набярэ" за 80 працэнтаў галасоў.
Захад уроніць сківіцу на падлогу і здзівіцца: "Што гэта было?" У адказ Аляксандр Лукашэнка заявіць: "Тры разы "ха-ха". Гэта былі чэсныя і празрыстыя выбары. Мы ж вам увесь час казалі, што апазіцыя слабая, нават на звышліберальных мясцовых выбарах яна набрала паўпрацэнта! Яна проста не карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва, а карыстаюся толькі я — я ў белым фраку! Не верыце — вось вам вынікі мясцовых выбараў. Тьху на вас!"
І Захад падыме сківіцу з падлогі і скажа: так, нешта ў гэтым ёсць...
Многія адзначаюць, што для Лукашэнкі люты 2011 года — нязручны час для выбараў. У 2011 годзе Беларусь павінна перайсці да сусветных коштаў разліку за газ і нафту з Расіяй, у 2010 годзе эканамічны крызіс не толькі працягнецца, але і ўзмацніцца, і гэтак далей. Гэта канешне, так, але...
Хто казаў, што прэзідэнцкія выбары пройдуць менавіта ў лютым 2011? Люты 2011 — гэта скрайні тэрмін. Ярмошына і Лукашэнка абмяркоўвалі толькі прыкладныя даты кампаній. Выбары, па заканадаўстве, прызначае парламент. А на якую менавіта дату прызначыць выбары, і "спусціць" гэтую дату ў парламент, вырашае Адміністрацыя прэзідэнта. Так што цалкам магчыма, што прэзідэнцкія выбары могуць быць прызначаныя на канец восені — пачатак зімы 2010 года. Калі мы яшчэ не адчуем "газавых баталіяў"...
Дык чаму ж Лукашэнка і Ярмошына дамаўляліся па выбарах менавіта зараз? Адказ просты, як цвік. Проста па Выбарчаму кодэксу тэрмін прыйшоў выбары прызначаць. Вось і абмяркоўвалі.