Вярнуцца ў СССР
Першамай быў адным з самых улюбёных савецкіх святаў. І адначасова ў гэты дзень нас заклікалі «не расслабляцца», нагадваючы, што гэта ўсё ж дзень салідарнасці працоўных у барацьбе за свае правы. Пасля скону Савецкага Саюза свята засталося — як свята працы.
У чарговы раз нам, напэўна, нагадаюць, што сучасная
Беларусь узяла ад СССР «усё самае лепшае». Але, як заўжды, не ўдакладняць, што мы
ўзялі канкрэтна.
Зараз становіцца ўжо відавочным, што нічога «лепшага» з часоў СССР мы не ўзялі. Права на працу для некаторых катэгорый грамадзян ператварылася ў абавязак. А некаторыя працу проста знайсці не могуць — беспрацоўе пашыраецца. У савецкія часы быў артыкул за «лайдацтва», у нас жа для лайдакоў зрабілі падатак. «Добраахвотна-прымусовая дапамога» ў дзіцячых садках ды школах ператварае «бясплатную адукацыю» ў «платныя паслугі». А колькасць студэнтаў ВНУ, якія аплачваюць сваё навучанне, дасягае 65%.
Пра «бясплатную медыцыну» лепш ўвогуле прамаўчаць.
«Мы сапраўды захавалі сацыяльныя гарантыі, якія былі ў Савецкім Саюзе. Але захавалі іх выключна на паперы», — кажа старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч. Больш старэйшаму пакаленню ён раіць узгадаць, што можна было набыць за адзін савецкі рубель, і што можна набыць нават за дзесяць тысячаў рублёў зараз.
Напрыклад, калі лічыць у вучнёўскіх 12-старонкавых сшытках, то на савецкі рубель іх можна было набыць 50 штук. Зараз для гэтага спатрэбіцца каля 125 тысяч рублёў.
На 1 рубель можна было 20 раз праехаць у метро. Сёння гэта будзе каштаваць 110 тысяч. Адзін рубель каштаваў комплексны студэнцкі праязны. А зараз «ільготнага студэнцкага» папросту няма.
Што ж тычыцца правоў працоўных у СССР і зараз, то Фядыніч адзначае: савецкія людзі не ведалі, што такое Міжнародная арганізацыя працы і Камітэт па правах чалавека ААН. Затое яны ведалі, што на прадпрыемстве ёсць прафсаюз, камісіі па працоўных спрэчках, а ў асабліва складанай сітуацыі — і «самы гуманны і справядлівы суд у свеце». «Зараз дзяржава проста не жадае паказваць існаванне сапраўдных прафсаюзаў у краіне — іх правы парушаюцца. Камісіі па працоўных спрэчках ператварыліся немаведама ў што. А наконт судоў… Нават у савецкі час суддзяў абіралі, а не прызначалі!» — заўважае Фядыніч.
І, канешне ж, у савецкі час чалавек мог прыйсці на прадпрыемства «маладым спецыялістам» і адпрацаваць там усё жыццё. Альбо звольніцца па ўласным жаданні і перайсці на іншую працу. Зараз, у пэўным сэнсе, няма ні першага, ні другога, адзначае прафсаюзны лідар. «З аднаго боку, абсалютна кабальная сістэма кароткатэрміновых кантрактаў, якія заключаюцца на год, і дэкрэт кіраўніка дзяржавы №5, згодна з якім чалавек можа страціць працу ў любы момант. А з іншага боку, ніхто не адмяняў і дэкрэт №9, які забараняе працоўным звальняцца з прадпрыемства, дзе ідзе мадэрнізацыя», — зазначыў Фядыніч.
Так што зараз, на яго думку, працоўныя як у фінансавым, так і ў вытворчым плане пастаўленыя «ў значна больш цяжкія ўмовы», чым у СССР.
Намеснік кіраўніка партыі левых «Справядлівы свет» Валер Ухналёў, таксама, як і Генадзь Фядыніч, сярод страчанай СССРаўскай спадчыны найперш узгадвае сацыяльныя гарантыі. «Была праца, быў заробак, не было такога беспрацоўя, дурных падаткаў». Але і кажа, што мы нешта і захавалі ад савецкай сістэмы. Праўда, адзначае ён, захавалі мы не самае лепшае — тое, з-за чаго СССР і разваліўся.
«Ад Савецкага Саюза мы захавалі камандна-адміністратыўную сістэму, сістэму кіраўніцтва прамысловасцю і галінамі эканомікі, нейкую незразумелую адзіна правільную дзяржаўную ідэалогію… Калі і спрабуюць нешта захаваць ад СССР, дык гэта тое, ад чаго трэба адназначна пазбавіцца», — кажа камуніст Ухналёў.
І нават тое, пра што апошнім часам кажа Аляксандр Лукашэнка — «захаваць працоўныя калектывы», — гэта, па меркаванні Ухналёва, страчваецца. І страчваецца высілкамі дзяржавы. «У савецкія часы працоўныя калектывы былі сапраўды калектывамі. Пры ўсіх нюансах гэта былі людзі, якія былі разам, салідарныя ў дзеяннях і інтарэсах. Калектыў, — хоць і не палітызаваныя, але арганізаваныя людзі, якія могуць разам выступаць у абарону сваіх інтарэсаў. Дзяржаве сёння гэта не выгадна, і яна робіць усё, каб не было калектыву, а былі проста працоўныя».
У савецкія часы мала хто цікавіўся статыстыкай. Навошта, калі і год таму, і сёння, і заўтра праезд у тралейбусе каштаваў адны і тыя ж 4 капейкі? І калі працоўны атрымліваў 120 рублёў — ён атрымліваў 120 рублёў. А што зараз?
Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у сакавіку 2016 года вырасла на 478 000 да 7 094 521 рубля, рабочых і служачых — на 483 700 да 7 136 393 рублёў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Адначасова, па ягоных жа падліках, рэальная заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у сакавіку знізілася на 3,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Сярэднямесячная рэальная зарплата ў 1 квартале 2016 года знізілася на 3,4%.
Ці было такое ў СССР, каб заробак адначасова і ўзрастаў, і падаў.