«Бягучы старэйшы брат ужо, падаецца, і сам гатовы стаць малодшым»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму іранічнай манеры разважае, чаму тое, што было «запаветнай марай» беларускіх уладаў, цяпер, як у казцы, «ператвараецца ў гарбуз».

obval.jpeg


Вось я ўчора перажываў, што ў мяне не хапае ўяўлення, каб уявіць, чаго ў Расіі такога засталося, каб яна магла гэтым падзяліцца з малодшым саюзнікам. Дык усё. Ужо не перажываю. У цэлага беларускага ўрада і асобнага яго прэм'ера Галоўчанкі ўяўлення не больш, чым у мяне.

Гэта, як я разумею, старэйшы брат ім сказаў: «Прасі, чаго хочаш, нічога не шкада, усё роўна нам тут губляць ужо няма чаго». І беларускія ўлады ўвасобілі ўсе свае шматгадовыя фантазіі. Каб нафта была таннай, газ за расійскія рублі, беларускія трактары на расійскім рынку unlimited.

Толькі з крэдытамі крышачку памыліўся. Я думаў пра рэфінансаванне, а яны адразу вырашылі правесці рэструктурызацыю. Але, паколькі аддаваць гэтыя крэдыты ўсё роўна б ніхто не стаў, то розніца ў азначэннях не мае нічога істотнага. Як і ўвасабленне ўсіх іншых фантазій, якія, па цяперашніх часах, страцілі актуальнасць. Гэта значыць, да 23 лютага гэта быў бы казачны падарунак. Як быццам фея-хросная з'явілася на дзень нараджэння. Але пасля 24-га ўсё ператварылася ў гарбуз.

Вось хіба з нафтай беларускія ўлады, на самой справе, могуць зладзіць сабе маленькі гешэфт. Калі зрабіць зусім рэнтабельны кошт, то гэтую нафту неабавязкова нават везці на беларускія НПЗ. Расія будзе прадаваць яе разам са сваёй, а беларускія ўлады жыць на тыя тры адсоткі ад розніцы паміж рэнтабельнай і сусветнай цаной. І тут, зноў жа, не трэба прыдумляць нічога новага, таму што гэтым няхітрым нафтавым манеўрам саюзнікі ўжо карысталіся. Толькі вось у цяперашніх абставінах будучыня і расійскай нафты — цьмяная.

І ўвогуле беларускія ўлады, мабыць, таксама адчуваюць, што ўвасабленне фантазій у рэальнасць аказалася не такім, якім яно было ў фантазіях. Так што ўчора яны на розных узроўнях здзяйснялі неаднаразовыя акты дыпламатычнага ўзаемадзеяння. Галоўны, як я разумею, адбыўся на кітайскім напрамку, дзе нехта папрасіў кітайскага амбасадара выратаваць яго ад санкцый.

Жаданне знайсці сабе новага старэйшага брата, вядома, зразумелае і даравальнае. Не вельмі зразумела толькі, на што беларускія ўлады разлічваюць. Таму што бягучы старэйшы брат ужо, падаецца, і сам гатовы стаць малодшым. Вось толькі Кітай нешта не дэманструе энтузіязму з нагоды перспектывы атрымання новых сваякоў. Адна толькі плётка пра тое, што Расія папрасіла ў Кітая дапамогі, абваліў кітайскі фондавы рынак да шматгадовых мінімумаў.

І вось я, вядома, не ведаю, ці захоча Кітай рызыкаваць сваімі рынкамі дзеля Расіі. Але моцна сумняюся, што стасункі з беларускімі ўладамі ў вачах кітайскіх таварышаў вартыя хоць якіх-небудзь рызык. Як і ў вачах усіх астатніх патэнцыйных дыпламатычных партнёраў. Нават тых, якія яшчэ пакуль уваходзяць у малалікі «пул сяброў» Расіі.