10 тэзісаў аб сітуацыі з актамі катаванняў і забароненых відаў абыходжання

Ніводная з вышэйшых службовых асобаў Беларусі не выказала асуджэнне і шкадаванне з нагоды катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да мірных грамадзян



Збіты пратэстоўца пасля вызвалення 14 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org

Збіты пратэстоўца пасля вызвалення 14 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org

Пасля масавых затрыманняў і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да мірных дэманстрантаў 9 жніўня і ў наступныя дні Праваабарончы цэнтр "Вясна" сумесна з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў пачаў збіраць сведчанні пацярпелых і дакументаваць іх.

За 10 дзён да праваабаронцаў паступіла вялікая колькасць зваротаў аб выпадках катаванняў і жорсткага абыходжання з боку сілавікоў.

Эксперт "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў паведамленні пацярпелых ад незаконных дзеянняў уладаў і прыводзіць 10 тэзісаў аб сітуацыі з актамі катаванняў і забароненых відаў абыходжання.

1. У перыяд з 9 па 14 жніўня ў Беларусі супрацоўнікі розных падраздзяленняў МУС здзяйснялі шматлікія злачынствы ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі. Старт падзеям далі выбары прэзідэнта, праведзеныя з грубымі парушэннямі дэмакратычных прынцыпаў, падчас і пасля якіх грамадзяне выйшлі на вулічныя акцыі пратэсту, што ў цэлым ацэньваюцца назіральнікамі як мірныя. Удзельнікі мірных сходаў — у парушэнне права на мірныя сходы, свабоду выказвання меркаванняў, права на асабістую недатыкальнасць, права не падвяргацца катаваннямі і іншым відам жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, права на жыццё — падвергліся жахліва непрапарцыйнаму гвалту, які меў на мэце спыніць акцыі пратэсту і пакараць іх удзельнікаў.

2. Аналіз зваротаў дакладна выявіў сістэматычнасць катаванняў і жорсткага бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

3. Сярод тых, хто звярнуўся ў ПЦ "Вясна" — а гэта больш за 450 ахвяраў гвалту — няма людзей, якіх улады падазраюць ці абвінавачваюць у гвалтоўных злачынствах.

4. Тыя, хто звярнуўся ў ПЦ "Вясна", у прыватнасці атрымалі раненні ад выбуху гранатаў, стрэлаў з несмяротнай зброі, не здзяйсняючы пры гэтым напады на супрацоўнікаў міліцыі ці іншых грамадзянаў, не маючы пры сабе зброі ці іншых прадметаў, знаходзіліся ў групах людзей, якія не здзяйснялі нападаў і іншых дзеянняў, што пагражаюць жыццю і здароўю грамадзянаў.

5. Большасць людзей атрымалі цялесныя пашкоджанні — пераломы, сінякі розных памераў, аж да поўнага ахопу паверхні сцёгнаў, на целе, а таксама псіхічныя траўмы ад збіцця ў памяшканнях або на тэрыторыі аддзелаў унутраных спраў, у ізалятарах, іншых памяшканнях, якія выкарыстоўваліся для ўтрымання затрыманых, у выглядзе пакарання за ўдзел у мірных сходах, за палітычныя перакананні і з мэтай дамагчыся адмовы ад сваіх перакананняў і спыніць удзел у мірных сходах. Частка тых, хто звярнуўся, сведчылі аб збіцці з названымі мэтамі пры затрыманні або пры перавозцы ў аўтатранспарце МУС.

6. Усе, хто звярнуўся ў ПЦ "Вясна", не аказвалі супраціву і не здзяйснялі іншых дзеянняў, якія з'яўляюцца падставай для прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі супрацоўнікамі міліцыі ў адпаведнасці з Законам "Аб органах унутраных спраў".

7. Пры наяўнасці відавочных звестак аб здзяйсненні супрацоўнікамі органаў унутраных спраў злачынстваў, Следчым камітэтам дагэтуль не распачатая ніводнай крымінальнай справы, а адпаведна — не затрыманыя і не адхіленыя ад пасадаў асобы, якія маюць непасрэднае дачыненне да арганізацыі і здзяйснення злачынстваў супраць удзельнікаў мірных сходаў і выпадковых мінакоў.

8. Асаблівую занепакоенасць выклікае інтэрв'ю міністра ўнутраных спраў, з якога вынікае, як мінімум, што ён не здольны ў поўнай меры кантраляваць падраздзяленні органаў унутраных спраў спецыяльнага прызначэння і забяспечваць іх правамерныя паводзіны, а таксама паведамленні службовых асобаў МУС аб папярэдніх устаноўках на праяву жорсткасці пры спыненні пратэстных акцый.

9. Ніводная з вышэйшых службовых асобаў Беларусі не выказала асуджэнне і шкадаванне з нагоды катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да мірных грамадзян.

10. Пракуратура Рэспублікі Беларусь ухіляецца ад выканання сваіх функцый па забеспячэнні вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў.


 Праваабаронцы нагадваюць:

Калі вы былі збітыя пры затрыманні або ў РУУС/ІЧУ, апішыце падрабязна сваю гісторыю праз форму або на пошту: tortures2020@gmail.com



spring96.org