Ахвяры чырвонай цвілі

Мы, як ахвяра хатняга гвалту са стакгольмскім сіндромам, пастаянна пражываем адзін і той жа сцэнар, толькі цяпер «любімую» аддалі гопнікам з Піцера, Масквы і Грознага, пусцілі па коле, прыгаворваючы «цярпі, мая красавіца» — і «красавіца» цярпіць, то агрызаючыся, а то ласкава падстаўляючы найбольш цікавыя месцы.

275475932_2817261391911671_7224808557901382258_n.jpg


Неба над маім горадам цяжкае, свінцовае — першая прыкмета ваеннага часу: яно, можа, пастаянна такое, але цісне на плечы менавіта зараз, калі яго разрывае варожы гул знішчальнікаў. Мой горад, з якім у мяне не склалася раману, нягледзячы на яго прыгажосць, за ўвесь час, што мы ведаем адно аднаго, пакінуў мне нямала балючых успамінаў, якія няпроста перажыць. Падавалася, апошнім часам мы з ім прыйшлі да маўклівага паразумення — гэткай халоднай ветлівасці, якая зрэдку пакідае месца для больш цёплых эмоцый. Але гэта толькі падавалася: паразумення больш няма. Мой горад, горад самых складаных гісторый, горад бясконцага прымітыўнага гвалту цяпер стаў горадам вайны.
Калі я бачу, як фрывольна і самаўпэўнена па вуліцах майго дзяцінства раз’язджаюць калоны патрапаных машын колеру хакі, пазначаныя літарай «V» (якая яшчэ літаральна нядаўна мела зусім іншы сэнс), я адчуваю сябе згвалтаванай. Я адчуваю, як гвалцяць маю зямлю. Як і любая асобіна мужчынскага полу, якой ад цябе патрэбнае толькі цела, гэтыя — у камуфляжы — пачуваюцца тут гаспадарамі. Яны столькі гадоў «танчылі дзевачку», столькі гадоў цярпліва куплялі яе давер... і вось цяпер могуць рабіць з ёю што заўгодна. «Дзевачка» расплаціцца сваім целам, сваім гонарам, сваім імем.
Гэтая гісторыя, якую інакш як бруднай не назавеш, пачалася не цяпер. Як і ў безлічы такіх звыклых, нібы пад капірку напісаных гісторый, дзе ёсць гвалтаўнік і ёсць ахвяра, спіраль гвалту раскручвалася паступова. Я не люблю адчуваць сябе ахвярай, ды й мы, па шчырасці, далёка не заўсёды бездапаможныя авечкі, але катэгарыяльна факт застаецца фактам: цэлая краіна стала ахвярай калектыўнага гвалтаўніка, якому мы часта малюем вусы на твары, але насамрэч твар гэты мяняецца ў залежнасці ад мясцовасці і звычак. Адзінае, што застаецца нязменным — сціснуты кулак. «Любімую не атдают» канчаткова расставіла ўсё па сваіх месцах, і аказалася, што яе, гэтую самую «любімую», якая час ад часу ладзіла скандалы, спрабавала даць ад варот паварот і выгнаць прэч абрыдлага агрэсара, яшчэ і як аддаюць — напрыклад, сябру — калі прайграўся і няма чым расплаціцца.
«А што ж яна не сыходзіла?» — спытаеце вы. «Сама вінаватая», — кінеце ў спіну, як кідалі дагэтуль сотням жанчын, якія аказаліся ў падобнай гісторыі. Ліквідаваная днямі «Радзіслава» магла б шмат расказаць пра тое, як цяжка ахвяры хатняга гвалту выбрацца з лап гвалтаўніка — праз пераслед, пагрозы жыццю, збіццё, адсутнасць дому, праз дзяцей на шыі і шмат чаго яшчэ. Але «Радзіслава» ўжо не раскажа нічога: па іроніі лёсу, арганізацыя, якая дапамагала жанчынам выбірацца з гвалту, знішчаная гвалтаўнікамі, а адна з яе кіраўніц — Вольга Гарбунова — ужо больш за сто дзён знаходзіцца за кратамі. Ахвяры зноў застаюцца сам-насам са сваімі агрэсарамі.
Я памятаю, як мне ўдалося прывесці маму ў суд. Столькі гадоў здзекаў, боек, бяссонных начэй, столькі просьбаў падаць на развод, сысці, кінуць гэта — усё ўпустую. Бацькі сварыліся, разбягаліся, мірыліся і зноў сыходзіліся. І вось мы ў будынку суда: я — акрыленая надзеяй, мама — прыгнечаная разуменнем неабходнасці. Перапісваем узор заявы на развод.
Далей гэтая заява ніколі не пайшла. І ўвогуле ўсе, што калісьці былі напісаныя — для ўчастковага інспектара і ў выцвярэзніку — пасля прамоўленага на каленях цвёрдым, упэўненым тонам «я больш піць не буду, абяцаю» забіраліся назад. Праз шмат гадоў пасля маці скажа мне пра каханне, дзяцей без бацькі і патрэбу ў мужчыне побач — што для мяне як ахвяры, якая не выбірала жыць у гвалце, было здрадай.
Прыняць не магу, але разумею, бо на ўласнай скуры ўсё гэта ведаю. Я расла, быццам толькі для таго і створаная, каб у будучыні забяспечыць камфорт нейкаму мужчыну: гатаваць, прыбіраць, шыць, праць, мыць за ім посуд, задавальняць у ложку пры першай жа патрэбе, выношваць і даглядаць яго дзяцей і, галоўнае, рабіць усё гэта моўчкі, не назаляць сваімі дурнымі патрэбамі. «Калі мужчына чагосьці хоча, ты павінна яму гэта даць» — галоўнае, што я засвоіла ў тэарэтычнай частцы. І таму калі прыйшла практыка, «цудоўны» свет юру, падступнасці і хлусні раскрыўся мне ва ўсёй сваёй прыгажосці.
У любым з такіх выпадкаў вы можаце проста памяняць словы і замест «маці» і «бацька» / «жонка» і «муж» / «ахвяра» і «гвалтаўнік» падставіць «краіна» і «дыктатар» — карціна ад гэтага не зменіцца ад слова «зусім». Мая краіна стала ахвярай рэгулярнага, сістэматычнага гвалту і настолькі да яго прывыкла, што цяпер сама яго ўхваляе.
У 2020-м на вуліцах беларускіх гарадоў, паводле розных падлікаў, было да мільёна людзей. І гэта было шмат як ніколі, і мы цешыліся з таго, што нарэшце прачнуліся і захацелі выйсці з заганнага кола «люблю-ненавіджу». У 2022-м адкрываецца іншая перспектыва, іншы погляд: дзе былі астатнія 4 мільёны (людзей працоўнага ўзросту) у той час, калі іх калег, суседзяў, сяброў, сямейнікаў збівалі на вуліцах і ў аўтазаках? Дзе былі яны, калі тых, хто выйшаў на вуліцы, катавалі на Акрэсціна і ў жодзінскай турме? Ці іх усё задавальняла — нават тады?
Брудныя боты людзей у камуфляжы топчуць вуліцы майго горада, а яго жыхары тым часам прыходзяць на «рэферэндум» паесці ў буфетах і купіць каўбасы, патанчыць на ганках выбарчых участкаў пад свінцовым небам, налітым гулам знішчальнікаў. Жыхары гэтага горада робяць выгляд, што не заўважаюць калон састарэлай тэхнікі: у лепшым выпадку адводзяць вочы, у горшым — пачынаюць набудоўваць цэлыя горы трызнення, жадаючы выратаваць сябе ад няёмкай праўды — праўды, пасля якой звыклага свету больш не існуе, і гэтае разбурэнне настолькі татальнае, настолькі непераадольнае, што прасцей заліць сабе вушы і вочы гарачай смалой прапаганды, чым яго прыняць.
Горад, як пачак запалак, напіханы ўсялякімі магчымымі «Грошыкамі», «Копеечками», «Три Цены», «FixPrice». Гвалтаўнік трымае «любімую» на кароткім павадку, дазваляючы адно толькі мінімальна магчымае існаванне. Людзі, якія знаходзяцца ў пастаянным змаганні за выжыванне, пазбаўленыя ўсялякага гонару і падстаў для яго, прагна жаруць кінутую ім, як косць, «маленькую победоносную войну» — магчымасць прымерыць на сябе касцюмы супергерояў, вызваліцеляў, пасланцаў Бога на зямлі. Свабодныя ад сумлення, якое даўно замяніў крыклівы тэлевізар, яны спакойна засынаюць, пакуль за іх вокнамі, пакідаючы за сабой доўгія хвасты фальшывага святла, нясуць смерць ва ўкраінскія гарады ракеты.
Горад прачынаецца рана. Заводы патрабуюць свайго чалавечага паліва, і гэтыя шрубкі і ніты ўстаюць на нелюбімую працу, дзе штодня ідуць «чысткі» занадта разумных і гаваркіх, а ў той час, пакуль яны зарабляюць на пракорм сабе і агрэсару, па вуліцах поўзаюць брыдкія шчупальцы таго самага «сябра», «старэйшага брата», з якім наш калектыўны агрэсар расплачваецца целам краіны. Пасля працы, гордыя прыналежнасцю да самай чыстай, самай духоўнай у свеце нацыі, нацыі «вызваліцеляў», яны пойдуць па сваіх «Грошыках» і «Копеечках» купляць на зніжках макароны і сасіскі, якія хтосьці потым панясе «бедным салдацікам» у лякарню. А дома, пад бясконцую істэрыку тэлевізара, яны будуць скардзіцца адно аднаму на ссучанае начальства і невыносныя ўмовы працы, на ўзляцелыя цэны і санкцыі (якімі абавязкова «сам Захад і падавіцца»), на ненавісных суседзяў, на якіх пасля данясуць куды трэба — і ўся краіна будзе чытаць навіны пра чарговых «тэрарыстаў».
Калі хмары над маім горадам рассейваюцца, так ясна відаць шнары на небе, пакінутыя ракетамі і самалётамі, азлобленыя твары, задумы, учынкі, памкненні. Веснавое сонца падсвечвае кожную літару, якую мы пішам ва ўласных гісторыях — незалежна ад таго, пішам мы справаздачу, раман ці данос. А даносаў гэтых тым часам становіцца ўсё болей: за жоўта-блакітныя стужкі на заплечніках, за допісы ў сацыяльных сетках, за антываенныя плакаты на вокнах. Доўгачаканы рэванш поскудзі, якая амаль два гады таму назвоньвала на 102 і здавала суседзяў — проста так, калі ніхто не прымушаў. Проста ад задавальнення зрабіць хоць нешта, нагадзіць бліжняму ў адказ за ўласную нікчэмнасць. Проста таму што да гэтага самага бліжняга лягчэй дацягнуцца.
2020-ы мог стаць часам нараджэння нацыі. Яна і нараджалася, уласна, — з тых самых ненавісных цяпер канапнымі воінамі кветак у руках бяззбройных смелых жанчын, якія не спынялі танкаў, але спынялі АМАП; са знятага абутку перад лаўкамі — з павагі да сябе і да свету, з негатоўнасці гадзіць вакол і прыпадабняцца да іншага боку; тысяч, дзясяткаў і соцень тысяч адважных людзей, якія даўно выбралі жыццё, а не смерць, любоў, а не нянавісць, свабоду, а не рабства, — і не іх віна, што тыя, хто першымі мусілі ўсё гэта падтрымаць, сталі насупраць. Не іх віна, што наш свет настолькі зламаны і перакулены, што ў ім удары ў спіну, даносы і стрэлы ад «сваіх» — гэта норма.
Мы не саспелі. Гэта становіцца ясна зараз, тут, унутры краіны, дзе расклад вырашаюць не тыя, хто вымушаныя былі з’ехаць ці сядзяць у турме, а тыя, хто на волі і ў каго замест абразоў на покуці даўно вісяць тэлевізары. Хто кожны дзень стаіць у чэргах у крамах па макароны з сасіскамі; хто апраўдвае масавае забойства людзей і гарадоў «абаронай рускіх», «вяртаннем нашых зямель», «барацьбой з геямі і лесбіянкамі», «вынішчэннем нацыстаў» і ўсім тым, чым іх кормяць нашчадкі Гебельса; для каго «галоўнае — каб мірнае неба было над НАШЫМІ галовамі». Гэта пра іх пісала Ханна Арэндт, гэта яны — маўклівыя забойцы будучыні, самага ненавіснага ім слова, таму што яно ў корані сваім прадугледжвае жыццё і адказнасць за гэтае жыццё, расплату за зробленае ў такім жаданым і недасяжным мінулым.
Мы не саспелі — таму што нас па-ранейшаму вызначаюць не каштоўнасці, а таўшчыня кашалька і напоўненасць халадзільніка. А ў турмах сапраўды сядзяць лепшыя з нас: іх хвалявала і хвалюе нешта большае, чым пусты страўнік, і за гэтае «нешта большае» яны паклалі сваю свабоду — найвышэйшую каштоўнасць для любой асобы.
Што праўда, асобаў у нас аказалася недастаткова для таго, каб зямля зараз не стагнала ад эшэлонаў і картэжаў, ад зброі, якая адсюль страляе па нашых блізкіх, сябрах, суседзях за мяжой.
Мы, як ахвяра хатняга гвалту са стакгольмскім сіндромам, пастаянна пражываем адзін і той жа сцэнар, толькі цяпер «любімую» аддалі гопнікам з Піцера, Масквы і Грознага, пусцілі па коле, прыгаворваючы «цярпі, мая красавіца» — і «красавіца» цярпіць, то агрызаючыся, а то ласкава падстаўляючы найбольш цікавыя месцы.
Прачнецца яна скарыстанай і выкінутай, і абуджэнне гэтае будзе вельмі балючым. Пройдзе ўгар «вызваліцеляў», «герояў», «вялікіх і непераможных», забудуцца і «спецаперацыя», і «фэйкі», і ўсе гэтыя «высокатэхналагічная зброі», «навейшая тэхніка», «другая армія свету». Што застанецца? Варыянтаў няшмат. Згвалтаванне, ведаеце, рэч паўсюдная (але ад таго не менш страшная), і наступствы вы можаце назваць і без мяне: ад траўмы на ўсё жыццё і нежаданых напамінаў пра былое — наўпрост да смерці. Ні аднаго з іх я не жадаю сваёй краіне, але буду маліцца, каб абышлося тым, што пасля можна прапрацаваць і залячыць — каб мы змаглі жыць далей.