Алесь Таболіч: «Толькі свабода ў сэрцы і думках дае нам шанец на дабрабыт!»

Алесь Таболіч, лідар гурта Znich, які вылучаў сваю кандыдатуру на пасаду беларускага прэзідэнта, паведаміў, што не сабраў 100 тысяч подпісаў. Музыка звярнуўся да сваіх выбарцаў і паабяцаў: «Я тапіў за Беларусь і далей буду гэта рабіць!»

101835795_3286784171366290_6899558463567822848_o.jpg

Адмысловую заяву наконт цяперашняй выбарчай кампаніі, затрыманняў, прапаноў да дэмакратычных кандыдатаў, што цяпер варта рабіць далей, Алесь Таболіч змясціў у сваім фэйсбуку.

“Паважаныя грамадзяне, мае сябры, прыхільнікі, сапраўдныя патрыёты Беларусі! Вялікі дзякуй усім Вам, што паставілі свой подпіс у маю падтрымку па вылучэнню кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь! Вялікі дзякуй маёй камандзе, мы зрабілі вельмі шмат і зробім у будучыні яшчэ больш.

Мы не сабралі 100.000, але па шчырасці, дастатковую колькасць сабралі ўсяго некалькі кандыдатаў, астатнім дапамагаюць іх куратары, каб мець для ўлады спойлераў. Усе Мы іх ведаем.

Я тапіў за Беларусь і далей буду гэта рабіць! Я прыцягваў увагу да нацыянальнай культуры, адраджэння і буду займацца гэтым і надалей.

На жаль, не ўсе кандыдаты ў прэзідэнты мелі выразную пазіцыю па пытаннях незалежнасці, суверэнітэту і нацыянальнай ідэі. Спрабуючы спадабацца з усіх бакоў, многія забываюць, што Беларусь — гэта не фірма, а яе незалежнасць і суверэнітэт не могуць быць прадметам гандлю і ставіцца пад пагрозу.

Не абапіраючыся на шматвяковую гісторыю, на нацыянальны падмурак — нельга пабудаваць будучыню. Гісторыя, нацыянальныя каштоўнасці і незалежнасць павінны аб’яднаць беларусаў. Але тое, з чым мы сутыкаемся апошнім часам, ні ў якім разе не аб'ядноўвае нас і не стварае годных ўмоў для жыцця і творчасці.

Ва ўмовах, калі праца выбарчых штабоў кандыдатаў рэзка абмежавана, распачатыя крымінальныя справы супраць Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага і больш за 40 іх паплечнікаў затрыманы, калі ўзбуджаны некалькі сотняў адміністрацыйных спраў за дазволеныя пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў і дзясяткі спраў супраць журналістаў, што асвятлялі гэтыя падзеі, немагчыма разлічваць на правядзенне роўных і справядлівых выбараў.

Я заклікаю ўсіх кандыдатаў сесці за стол перамоваў, каб спакойна і мудра абмеркаваць праблемы, што наспелі ў грамадстве, і прыйсці да адэкватных рашэнняў на карысць Бацькаўшчыны і народу нашай краіны. Выбары павінны быць без ціску, рэпрэсій, пераследу — з роўнымі ўмовамі для ўсіх кандыдатаў!

Я здымаю сваю кандыдатуру з перадвыбарчай гонкі на карысць Беларусі і мажліва падтрымаю таго кандыдата, які будзе мець блізкую мне і маім паплечнікам пазіцыію па захаванні і абароне незалежнасці і Беларусі, па зберажэнні традыцый і нацыянальных каштоўнасцей.

Мы беларусы — мірныя і моцныя людзі. Толькі свабода ў сэрцы і думках дае нам шанец на дабрабыт! Жыве вольная, незалежная Беларусь! HEAVY METAL у кожну хату!



Фота з фэйсбука Алеся Таболіча

Фота з фэйсбука Алеся Таболіча