Беларусь, якая чакае: Дуброва (фота)

Бадай у кожным беларускім горадзе ёсць улюбёныя месцы адпачынку гараджан. Паркі, скверы, вадасховішча. У Мінску — Лошыцкі сад, паркі Горкага і Чалюскінцаў, Дразды. Але наш чытач Андрэй Мікалаевіч распавёў пра яшчэ адно месца, якое амаль невядомае нават дасведчаным людзям. Гаворка аб прыродным запаведніку «Дуброва», які знаходзіцца літаральна ў пары соцень метраў ад МКАД у Шчомысліцы. Сюды мы і выправіліся ў рамках нашага фотапраекта «Беларусь, якая  чакае».

_belarus_dubrova_zapavednik_duby_pryroda_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Дабрацца ў «Дуброву» зусім нескладана — аўтобусамі № 96 і 132 да прыпынку «Акадэміка Курчатава», электрацягніком да прыпыначнага пункту «Роща» ці на ўласным аўтамабілі з дапамогай навігатара. Дзве хвіліны ад МКАД і мы на месцы. Адразу расчаруем тых, хто думае з камфортам пасядзець на лавачцы падчас шпацыру — гэта не парк, а запаведнік. Тут няма ані лавачак, ані асфальтавых дарожак — толькі пратаптаныя наведвальнікамі сцежкі, таму паклапаціцеся аб адпаведным абутку калі будзеце сюды збірацца. Таксама раім не забыцца пра рэпеленты.


Як бачна з назвы, асноўныя дрэвы запаведніку — дубы. Іх тут насамрэч шмат, а сярэдні ўзрост гэтых прыгажуноў складае каля 150 год.


Акрамя дубоў тут расце больш за 80 відаў дрэваў і хмызняку. Шмат прыгожых кветак, імха. Падчас шпацыру трэба старацца не наступіць на слімакоў, якіх тут вельмі шмат. Кажуць, што можна сустрэць вожыка, кажана, альбо нават труса, але нам падчас наведвання так не пашчасціла — трэба будзе вярнуцца...


Шпацыруючы па шматлікіх сцежках «Дубровы» можна не баяцца заблукаць — запаведнік невялікі, але вельмі прыемны для наведвання зранку, альбо ўвечары пасля працы.
Сапраўднае месца адпачынку!
Дзякуем нашаму чытачу Андрэю Мікалаевічу за такую добрую параду!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!