Беларусь, якая чакае. Таямнічыя рэшткі моста, стары млын і аўтэнтыка Смаргоншчыны (ФОТА)
Гарачы пачатак лета ў спалучэнні з кароткімі астуджальнымі ліўнямі вабіць да новых вандровак. У межах праекта «Беларусь, якая чакае» мы выязджаем па заходнім кірунку, каб у поўныя грудзі ўдыхнуць водар першай навальніцы, насалодзіцца маляўнічымі краявідамі і паказаць іх вам! Паехалі!
Пачынаем наш шлях ад надзвычай дагледжанай і ўтульнай вёскі з прыгожай балцкай назвай Вайнідзяняты. У цэнтры населенага пункта, на невялікім курганчыку з палявымі кветкамі, стаіць драўляны дарожны крыж. Побач — квітнеючы бэз і зараснікі мяты, ад водараў якіх галава ідзе колам. Там жа мы выпадкова адшукалі стары іржавенькі рарытэт, які «мэтчыцца» з наваколлем на ўсе сто адсоткаў! Ля Вайнідзенятаў знаходзіцца вялікі аўтамабільны мост праз Вілію (з ёй мы сустрэнемся яшчэ шмат разоў), што вядзе да Смаргоні.
Нашым наступным прыпынкам становіцца Расла. У гэтай непрыкметнай вёсачцы знаходзяцца два сапраўдныя скарбы — прыдарожныя каталіцкія каплічкі XIX стагоддзя. Менавіта з такіх маленькіх капсул часу і складаецца аўтэнтыка беларускіх прастораў. Разам з каплічкай, што стаіць на ўездзе да населенага пункта, кіроўцаў сустракае клан ручных гусей, застаўляючы змяншаць хуткасць перад вёскай. Такая сабе сучасная еўрапейская практыка заспакаення трафіку!
Працягваем шлях і ўжо праз некалькі кіламетраў бачым брутальны жоўта-блакітны ўязны манумент «Жодзішкі». З пункту гледжання спадчыны, якой удалося захавацца да нашых дзён, гэтае мястэчка прадстаўляе нават большую каштоўнасць, чым раённы цэнтр рэгіёна.
Першы пісьмовы ўспамін пра Жодзішкі, заснаваныя Мордасам Мішковічам, датуецца 1511 годам. У гэты час вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў мястэчку прывілей на таргі, карчмы і кірмашы. Цягам XVI стагоддзя мясцовасць знаходзілася ў валоданні Падбейпецічаў, Забярэзінскіх, Осцікавічаў, Кішкаў.
Найбольш славутая пабудова жодзішкаўскага сядзібнага комплексу, ад якой так і вее былой веліччу, — стары вадзяны млын на рэчцы Палавойка, прытоку Віліі. Да канца XIX стагоддзя на туташніх жорнах з дапамогай драўлянага кола дыяметрам у 4 метры малолі зерне на муку. У 1997 годзе будынак разам са ўсім абсталяваннем быў цалкам адноўлены. Праз чулы нагляд ён знаходзіцца ў выдатным стане і дагэтуль.
У цяперашні час млын у Жодзішках з’яўляецца адзіным дзеючым старадаўнім вадзяным млыном на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У будынку млына размешчаны этнаграфічны музей, а таксама музей збожжа і хлеба, вакол — старажытныя жорны, рэшткі былой тэхнікі для збору ўраджаю і маленькі сюрпрыз, пра які мы нікому не раскажам!
Яшчэ адным адметным будынкам сядзібнага комплексу з'яўляецца былы бровар, пабудаваны напрыканцы XIX стагоддзя наўпрост насупраць млына. Сёння яго гістарычнае аблічча, безумоўна, жорстка знявечана. Тут і пластыкавыя шклопакеты, і звычайны металапрофіль на даху, і жудаснае «дачнае» добраўпарадкаванне. Карацей, атмасфера ці то запраўкі, ці то прыдарожнага кафэ. Пад мостам ціхенькая рачушка Павалойка здабывае прыгожыя каменныя парогі і маляўніча расцякаецца скрозь духмяныя травы.
Паднімаемся вышэй, у сучасны цэнтр мястэчка, і хадзем у самотны і абсалютна пусты касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Першая жодзішкаўская святыня была збудавана ўладальнікамі мястэчка Осцікавічамі — у 1550 годзе ён ужо згадваецца як дзеючы ў межах Свірскага дэканата. Новы каменны кальвінскі сабор у стылі рэнесанс узвялі дзеячы вялікалітоўскага роду Кішок напрыканцы XVI стагоддзя.
У 1820-я гады сабор быў пераўтвораны ў парафіяльны Троіцкі касцёл. Пасля паўстання 1863-1864 гадоў святар Вішнеўскі быў сасланы ў Кастраму, касцёл застаўся парафіяльным, але былі канфіскаваны тры абразы: «Сэрца Ісуса», «Святы Іазафат» і «Благаверны Андрэй Баболя».
Пазней святыня была абкружана высокай мураванай агароджай, якая захавалася да нашых дзён. У гады Першай сусветнай вайны германскія войскі разбурылі вежы і арганізавалі ў будынку шпіталь, а потым і швейную фабрыку. У 1924 годзе пробашчам быў прызначаны прыхільнік беларусізацыі касцёла Вінцэнт Гадлеўскі, які значна падвысіў папулярнасць касцёла ў местачкоўцаў. Праз пяць год колькасць прыхаджан дасягала адно 4100 вернікаў.
Айцец В. Гадлеўскі падчас імшы ў Жодзішскім касцёле. Сярэдзіна 1920-х гадоў.
Кіруемся на поўнач ад Жодзішак да адной з самых невядомых і недаацэненых закінутых славутасцяў Беларусі — рэшткаў Тупальскага моста. Дабрацца да яго аказалася сапраўднай прыгодай: з левага боку Віліі адзіным шляхам з’яўляецца шасцікіламетровая лясная дарога з мноствам лужын і купінаў. З правага ёсць магчымасць пераадолець большую частку коламі па асфальце, але далей пачынаецца беларускае сафары па кукурузных палях, зарасніках крапівы і лесе з баршчэўнікам.
Апоры Тупальскага моста праз Вілію, што прастаялі тут ужо больш за сто гадоў, — маўклівыя відавочцы Першай сусветнай вайны. Пасля таго, як у 1915 годзе лінія фронту стабілізавалася і абодвум бакам трэба было наладжваць забеспячэнне сваіх войск, немцы праклалі па мосце вузкакалейку і перавозілі па ёй боепрыпасы, лес ды неабходныя тавары. Нягледзячы на тое, што гэта была 60-сантыметровая вузкакалейка па нямецкіх стандартах, а не звычайная чыгунка буйных памераў, збудаванне было надзвычай велічэзным і манументальным, у характэрным нямецкім стылі.
За больш чым стогадовую гісторыю на апорах выраслі бярозкі, што выглядае ну занадта захапляльна! Вельмі хочацца праплыць і падняцца на адну з апораў, але спускацца ў ваду вельмі страшна — на дне шмат арматуры, аскепкаў бетону і іншага смецця. Па малюнку на апорах таксама бачна, што раней узровень вады ў рацэ быў прыкладна на метр вышэй.
На зваротным шляху наведалі Блакітныя азёры — але не тыя, што з крыштальна чыстай вадой ля Лынтупаў, а смаргонскія. Ландшафтны заказнік разам з возерам Рудня прымыкае да аднайменнай вёскі, дзе знаходзіцца невялічкая плаціна. Хаця гэтыя Блакітныя азёры і маюць ледніковае паходжанне, у адрозненне ад «братоў» з Лынтупшчыны на вока ідэнтыфікаваць гэта цяжка: дно дужа глейкае, вакол чарот і іншыя балотныя зараснікі, купанне забаронена. Але краявіды ўсё адно цудоўныя!
Нашая насычаная вандроўка падыходзіць да завяршэння лагодным пяшчотна-блакітным заходам з персікавымі адценнямі. Схаваныя за дрэвамі хаткі хутка акунаюцца ў цемру, рыбакі згортваюць спінінгі, а мы вяртаемся дадому.
Напрыканцы, традыцыйна, прыгожыя здымкі беларускіх ландшафтаў, што разрываюць беларускія сэрцы. На гэты раз паказваем вышэй згаданую вёсачку Новая Рудня, якая атрымлівае 10/10 балаў у намінацыі «аўтэнтыка»!
Да новых сустрэч!