Вінцэнт Гадлеўскі. Святар, які стаяў за Беларусь
135 год таму, 16 лістапада 1888 годa, нарадзіўся чалавек, які нават пасля трагічнай гібелі не дае спакою сваім ідэйным ворагам. Вінцэнт Гадлеўскі — каталіцкі святар, палітык, тэарэтык беларускага адраджэння.

Ён сядзеў у турме пры Польшчы, прынцыпова не прымаў камуністаў, быў забіты нацыстамі. Жыццяпіс Вінцэнта Гадлеўскага вывучаны і вядомы навукоўцам добра. Яму нават прысвечанае асобнае манаграфічнае даследавання пяра беларускага гісторыка Андрэя Вашкевіча. Не кожны дзеяч нацыянальнага руху мае такі гонар. Хоць кніга і грунтоўная, але ж асоба айца Вінцэнта — не вядомая, а калі і вядомая, то палітая брудам яго ідэалагічных супернікаў.
Не так даўно інфармацыйнае поле скалыхнула навіна, што розныя «чарнасоценцы» і мінскія камуністы дамагліся дэмантажу крыжа памяці ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Хоць ён і стаяў на падворку касцёла на Залатой Горцы, схаваны за «сталінкамі» (як сімвалічна ж!), але вочы ідэйным нашчадкам Леніна ён муляў. Не рэабілітавала памяць святара і тое, што ён стаў ахвярай нацыстаў. Парадокс. Чым так не дагадзіў Вінцэнт Гадлеўскі, што нават памяць пра яго — непажаданая і небяспечная?

Крыж Гадлеўскага, Залатагорскія могілкі (2019)
Анкета Гадлеўскага
Гісторыю Гадлеўскага варта пачаць з яго біяграфіі, якая ахоплівае 52 гады зямнога жыцця. Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада 1888-га ў вёсцы Шурычы Ваўкавыскага павета. Паходзіў будучы святар з сялянскай сям’і. Каб вучыць сына, бацька прадаў маёмасць і пераехаў у Варшаву. Там Вінцэнт скончыў 3 класы гімназіі, а пасля, каб удала завяршыць Гродзенскую гімназію, Вінцэнт за грошы вучыў вясковых дзяцей.
Далей Гадлеўскі аказваецца перад выбарам: якім далей пайсці шляхам? Спыняецца на духоўнай сцежцы і ў 1912 годзе заканчвае Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Наступная прыступка — Пецярбургская каталіцкая духоўная акадэмія. А там у той час быў сапраўдны расаднік беларускіх нацыянальных кадраў для Каталіцкага Касцёла, які гуртаваўся вакол культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў.

Вінцэнт Гадлеўскі (1910 (1914))
Пасля акадэміі было прызначэнне ў Мінск, дзе святар паглыбляецца ў вір палітычнага жыцця. Такія часы! Гадлеўскі быў паўсюль: значыцца сябрам Беларускай народнай партыі сацыялістаў, выступаў ад імя БХД, быў абраны ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта, адзін з ініцыятараў З’езда беларускага каталіцкага духавенства, удзельнік Усебеларускага з’езда, уваходзіў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе працаваў у камісіі па бежанскіх справах.

Лідары БХД
Затым Гадлеўскі вядзе справы ў сферы адукацыі — займае пасаду прэфекта Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе спадарожна і выкладае беларускую мову. Пасля закрыцця семінарыі вяртаецца да святарскага служэння, якое ўвесь час спалучаецца з палітычнымі і грамадскімі справамі. Перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі для айца Гадлеўскага надзвычай плённы: ён і ў партыі БХД, і займаецца публіцыстыкай, і выдае газеты і часопісы, а ў дабавак — перакладае «Новы Запавет», піша навуковыя працы.

Настаўніцкая семінарыя ў Нясвіжы
Гадлеўскі ведаў, што такое свецкая ўлада, таму з пачаткам Другой сусветнай вайны і ўваходам Чырвонай Арміі ў Вільню ён перабіраецца ў літоўскі Каўнас, а ў чэрвені 1940 года ў акупаваную нацыстамі Варшаву. З верасня 1941-га Гадлеўскі ў Мінску, дзе пачынае правіць службу ў Чырвоным касцёле. Але ўжо праз год на вігілію Божага Нараджэння быў арыштаваны нямецкай паліцыяй і адразу ж расстраляны.
Да агульнай карціны жыцця святара засталося дадаць толькі штрых яго знешнасці: сярэдняга росту, крэпкага складу, прысадзісты, круглатвары з сінімі вачыма, глыбока асаджанымі, лоб крыху пахілены, голеная лысая галава; паходка жвавая, голас звонкі, палкі прамоўца ў стылі палітычнага аратара. У ксяндза Гадлеўскага пераважаў розум над пачуццямі, лагічная развага над пачуццевымі ўзлётамі.
Што ж, на першы погляд у Вінцэнта Гадлеўскага біяграфія тыповага дзеяча беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя. Але прыгледзімся да дэталей.
Шаснаццаць месяцаў катаргі
Адносіны ў ксяндза Гадлеўскага ні пры жыцці, ні пасля гібелі не складваліся ні з адной уладай. Нацысты яго фізічна знішчылі, для камуністаў і іх паслядоўнікаў ён — вораг і «руководитель националистического белорусского подполья»… Не быў у пашане беларускі святар і ў адміністрацыі Другой Рэчы Паспалітай.
Пасля Рыжскага міру і ўсталявання дзяржаўных меж Вінцэнт Гадлеўскі вяртаецца да пастырскага паклікання на пасаду пробашча парафіі ў Жодзішках. Ён пачынае паслядоўна беларусізаваць паству і Касцёл. Гэта свецкім, а пасля пэўнага часу і касцельным уладам, мякка кажучы, не падабалася.

Айцец В. Гадлеўскі падчас імшы ў Жодзішскім касцёле
Па даносах паліцыянтаў і мясцовых шавіністаў польскі суд двойчы судзіў актыўнага беларускага пробашча. Першы раз перад судом Гадлеўскі стаў летам 1925 года. Тады судовы працэс над святаром выклікаў міжнародную агалоску, і пасля пратэсту беларускіх паслоў у Сойме суд апраўдаў яго. Усё ж часы ў Польшчы былі яшчэ больш-менш дэмакратычныя. Пра арышт Гадлеўскага пісала нават афіцыйная праваслаўная прэса са спасылкай на беларускі друк і з ноткамі крытыкі ўладаў. Сапраўдны разгул дэмакратыі і свабоды слова!

Праваслаўная прэса аб арышце ксяндза-беларуса
Нанова Гадлеўскага арыштавалі ў 1926-м, абвінаваціўшы ў непавазе да ўлады. Але ізноў ён быў выпушчаны за адсутнасцю аргументаваных доказаў. У сакавіку ж 1927-га арышт скончыўся сапраўдным турэмным тэрмінам. Ксяндза абвінавацілі ў распаўсюджанні «рэвалюцыйнай дактрыны» на той падставе, што Гадлеўскі заахвочваў моладзь спяваць беларускі гімн «Адвеку мы спалі…». На гэты раз Варшаўскі суд прысудзіў беларускаму святару два гады зняволення ў астрозе.

Вінцэнт Гадлеўскі (1925)
16 месяцаў Вінцэнт Гадлеўскі правёў у адзіночнай камеры Макатоўскай турмы ў Варшаве. Рэжым і ўмовы ўтрымання лічыліся катаргай. Але ў астрозе святар час не губляў: ён бярэцца з пяро і піша адзіны тады беларускі падручнік па гісторыі ранняга хрысціянства пад назваю «Гісторыя святая, або Біблейная Новага Закону», а таксама працуе над перакладам «Новага Запавету» на беларускую мову.

Адзіночная камера ў міжваеннай польскай турме
Вызваленне Гадлеўскага адбылося па амністыі да 10-х угодак незалежнасці Польшчы і стала святам для беларускіх колаў. У Вільні яго сустракалі як сапраўднага героя. 15 ліпеня 1928-га а 8-й гадзіне раніцы цягнік з Варшавы сустракалі на вакзале некалькі дзясяткаў чалавек. Гадлеўскі, выйшаўшы з вагона, атрымаў букет руж, і ўсе разам, ледзь змясціўшыся ў пяці аўтамабілях, паехалі на кватэру Адама Станкевіча. Там ксёндз спыніўся на адпачынак.

Варшаўская турма Макотаў
«Крыніца» пісала, што на здароўе Гадлеўскі пачуваўся добра, на дух — зусім моцна. Пасля вызвалення святар асеў у Вільні, пры манастырскім шпіталі св. Язэпа ў якасці капелана і прэфектам у школе пры манастыры Бернардынак. Ксёндз Віктар Шутовіч у сваім лісце да а. Я. Тарасевіча пісаў: «Цяпер нішто сабе жывецца кс. Гадлеўскаму ў Вільні. Законніцы са шпіталя добра кормяць Гадлеўскага, як свайго капелана».
Прынцыповы ксёндз-беларус
І ўсё ж, што такога адбылося ў Жодзішках у 1920-я, што Гадлеўскі трапіў па мерках тых часоў у катаржны астрог? Па сутнасці, нічога не звычайнага: ён праявіў пазіцыю і прынцыповасць, а сярод прыхаджан разгарнуў шырокую беларускую культурную дзейнасць. Тым не менш падзеі, якія адбываліся ў Жодзішках у 1920-я, выклікалі рэзананс.
Чаму паліцыя чаплялася да пробашча? Адказ відавочны: ксёндз Гадлеўскі быў добра вядомым беларускім дзеячам. Ён адкрыта гаварыў з людзьмі ў парафіі на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія газеты, арганізаваў беларускі хор пры касцёле і сам спяваў беларускія песні. Хай бы спяваў, у гэтым улады не бачылі нічога заганнага ці злачыннага. Але святар да ўсяго праводзіў апытванне сваіх парафіян наконт таго, як яны адносяцца да беларускай мовы, да беларускага слова, да беларускіх казанняў у касцёле... І калі стала зразумела, што ў парафіі няма тых, хто супраць роднай мовы, ксёндз 7 верасня 1924-га сказаў першае казанне ў касцёле на беларускай мове.

Жодзішкі, касцёл
Падчас першага казання тры чалавека выйшлі з касцёла, нехта з іх клікнуў паліцыю, прыйшлі паліцыянты, пастаялі паслухалі, выйшлі і склалі пратакол… І справа закруцілася. Апагей яе — падзеі красавіка 1925-га.
Міністэрства па веравызнаннях і адукацыі, Віленскі біскуп і Міністэрства ўнутраных спраў на Гадлеўскага атрымлівалі шмат даносаў. Замест афіцыйнага загаду ў справе ўпарадкавання казанняў — чаго, уласна, дамагаўся сам Гадлеўскі — Віленскім біскупам была створаная спецыяльная камісія, якая павінна была на месцы разабрацца ў сітуацыі і далажыць біскупу. 26 красавіка ў Жодзішкі прыехала тая камісія на чале з паланафілам ксяндзом-дэканам В. Глякам.
Вінцэнт Гадлеўскі ў той дзень гаварыў два казанні: на беларускім прысутнічала вельмі шмат народу, чаго нельга было сказаць пра казанне на польскай мове, у час якога людзі сталі выходзіць з касцёла і шумець, што вымушала пробашча некалькі разоў рабіць заўвагі. Дэкан прапанаваў, каб пры выхадзе з касцёла парафіяне вызначыліся ў сваім выбары: хто за польскія казанні — ідзе направа, хто за беларускія — налева. Пры заканчэнні працэдуры ўсе ўбачылі вялікі натоўп людзей за казанні беларускія і маленькую кучку за казанні польскія.
Але дэкан Галяк у гэты час агучыў папярэднія вынікі «галасавання»: 60% — за беларускія казанні, 40% — за польскія. Пачаўся крык і шум з боку беларусаў з той нагоды, што вельмі шмат сярод палякаў было прысутных з іншых парафій, і тады кс. Галяк даў загад выйсці чужым за агароджу, а палякам перайсці на іншы бок. Пачаўся шум, гвалт, неразбярыха. Гадлеўскі, як мог, стрымліваў натоўп.
Але раптоўна з’явілася ўзброеная паліцыя з кулямётам. Толькі людзі не спалохаліся, ані пісталетаў, ані кулямётаў і не разыходзіліся. Калі трохі прыціхла, з’явіўся дэкан і аб’явіў вынікі: 60% — за беларускія казанні, 40% — за польскія. Калі ж натоўп зноў загудзеў, бо за польскія насамрэч было не больш ад аднаго да пяці адсоткаў, дэкан заявіў, што яму нішто не перашкодзіць напісаць за польскія казанні і 100%. На гэтым «плебісцыт» быў завершаны.
Выпадак паказальны. Гадлеўскага ён, канешне, зрабіў знакамітым і падкрэсліў: ксёндз Вінцэнт — сапраўдны беларускі святар. З гэтым трэба лічыцца.

Ксёндз Гадлеўскі сярод паствы ў Жодзішках
Ідэолаг нацыянальнага руху
Палітычны багаж Гадлеўскага — вялікі. Стварэнне кансерватыўнай хрысціянскай партыі, дзейнасць ва ўрадзе БНР… А спадарожна і тэарэтычнае абгрунтаванне і фармуляванне нацыянальнай ідэі.
Канешне, у цяперашні час слова «ідэолаг» мае крыху адмоўнае значэнне, асацыіруецца з непатрэбнай пасадай у дзяржаўнай арганізацыі, але ідэолаг — гэта той, хто стварае ідэю, фармулюе думку і сістэматызуе каштоўнасці ў праграму. Гадлеўскі быў менавіта ідэолагам.
Яшчэ ў лютым 1917-га, калі ў Расіі зрынаюць цара і адбываецца хваля стыхійнай дэмакратызацыі, у Беларусь вяртаецца палітычная свабода і свабода слова. З гэтага часу Гадлеўскі амаль безупынна фармулюе ідэі для нацыянальнага руху.
У 1921 годзе Вінцэнт Гадлеўскі ў адным са сваіх артыкулаў вітаў акт пра незалежнасць Беларусі, даказваў адпаведнасць беларускага вызвольнага руху хрысціянскай рэлігіі, яе сацыяльна-этычнай філасофіі. Ён сфармуляваў заклік: «Хай увесь беларускі народ і ўсё беларускае грамадзянства цвёрда верыць, што паміж імі і каталіцкім Касцёлам у справе адраджэння беларускай народнасці і дзяржаўнасці прынцыповых нязгодаў няма і быць ня можа». Для яго сутнасць беларускай ідэі — усведамленне Боскага і гістарычнага паклікання свайго народа, яго шматвяковай традыцыі, яго місіі ў гістарычным і сучасным быцці народаў свету.

Вінцэнт Гадлеўскі
На самым пярэдадні Другой Сусветнай вайны ў сацыяльна-філасофскім эсэ «Патрэба нацыянальнай ідэі» Вінцэнт Гадлеўскі пераканаўча даказваў: толькі палітычныя партыі і народы, якія аб’ядноўваюцца на грунце нацыянальных каштоўнасцей, сваёй мовы і культуры, могуць перажыць усе жыццёвыя буры, захаваць сваю свабоду і адзінства.
Сярод фундаментальных правоў народаў В. Гадлеўскі выдзеліў права кожнага народа на сваю родную мову. Не выпадкова, казаў ён, усе вядомыя ў гісторыі заваёўнікі, дэспатычныя імперыі імкнуліся любымі сродкамі падавіць родную мову заваяванага народа, каб пазбавіць яго гістарычнай памяці і асіміляваць рэпрэсіўнымі або псеўдадэмакратычнымі метадамі.
Глядзіце таксама

Ідэалогія Гадлеўскага — гэта беларускі кансерватызм, угрунтаваны на гістарычнай памяці, мове, культуры, традыцыях. У ролі нацыянальнай эліты, здольнай кансалідаваць і павесці за сабой нацыю, Гадлеўскі бачыў інтэлігенцыю. Кансерватыўны падыход гарманічна злучаўся з увагай да асобы.
Калі ўнікнуць у ідэі, якія фармуляваў ксёндз Гадлеўскі, становіцца зразумелым: ён усім нутром быў за беларускую Беларусь. Для нашчадкаў імперскіх шавіністаў — гэта звыш «злачынная» думка і, казалася б, у прагрэсіўным ХХІ стагоддзі.
Займаў пасады ў часы акупацыі: супрацоўніцтва?
Істотнай «плямай» у біяграфіі святара будзе час, калі Гадлеўскага нацысцкія ўлады прызначылі галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі. Але тут не ўсё так адназначна, і варта глядзець на гэты факт у шырокім кантэксце, чаго не робяць апаненты ксяндза і па «сталінскай традыцыі» ўсіх, хто жыў на акупаванай тэрыторыі, лічаць ворагам.
Спачатку Гадлеўскі схіляўся да немцаў і лічыў, што па сканчэнні вайны яны аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сілаў.

Вінцэнт Гадлеўскі, 1941/1942 гг.
На ўсіх этапах Другой сусветнай вайны ксёндз Гадлеўскі распрацоўваў стратэгію і тактыку практычнай рэалізацыі беларускай ідэі. Спачатку ў акупаванай Варшаве, а пасля ў Мінску ён быў лідарам незалежніцкага руху беларускага народа — неафіцыйным кіраўніком падпольнай Беларускай незалежнай партыі, заданнем якой было паступова ахапіць густой сеткай сваіх рэгіянальных партый усю Беларусь.
Падпольная антыфашысцкая дзейнасць прыкрывалася… яго пасадай Галоўнага школьнага інспектара пры Генерал-камісарыяце Беларусі! Пад яго кіраўніцтвам ва ўсіх рэгіёнах краіны аднаўлялася і стваралася сетка беларускіх пачатковых, сярэдніх і спецыяльных школ на аснове традыцыі, якая склалася за дзесяцігоддзе беларусізацыі школаў БССР, але ачышчаных ад бальшавіцкай ідэалогіі, створаных на аснове беларускай мовы і беларускай нацыянальнай ідэі.
Пра тое, у якіх умовах прыходзілася дзейнічаць ксяндзу Гадлеўскаму і іншым беларускім святарам, сведчаць успаміны іншага беларускага нацыянальнага і каталіцкага дзеяча Язэпа Малецкага:
«Ксёндз Гадлеўскі атрымаў жорсткую вымову ад немцаў, і яму забаранілі казаць казанні, на якія заўсёды схадзіліся грамады людзей. Застаўся толькі адзін ксёндз Ігнатавічус, які набажэнства адпраўляў па-лацінску і чытаў толькі Святое Евангелле па-беларуску, народ жа ў час набажэнства спяваў беларускія рэлігійныя песні».
Як бачым, «супраца» ксяндза з нацыстамі неяк не склеілася…

Пераклад Евангелля В. Гадлеўскага
Апошняя вігілія
Пасля паражэнняў на ўсходнім фронце акупацыйныя ўлады разагналі беларускае школьніцтва. Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні да беларускага народу. Канфлікт ксяндза з уладамі абвастраўся… Немцы пакуль што не чапалі Гадлеўскага. Але ў хуткім часе нямецкае становішча на фронце пагоршылася яшчэ больш. 19 лістапада 1942-га савецкія войскі перайшлі ў наступленне пад Сталінградам i абкружылі ix 330-тысячную армію, было відавочна, што акружаная армія будзе ліквідаваная. Гадлеўскі зразумеў, што надыходзіць хвіліна, калі трэба дзейнічаць тут, у тыле нацыстаў.

Гадлеўскі падчас Другой сусветнай
15 снежня 1942-га група беларускай інтэлігенцыі сабралася у Генеральным Школьным Інспектараце, каб ушанаваць гадавіну адкрыцця Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917-га у Менску. Рэферат чытаў кс. Гадлеўскі — удзельнік таго легендарнага Кангрэсу... Раптам гасне святло — нехта злосна выключыў электрычныя коркі. Тады ксёндз Гадлеўскі запальвае дзве свечкі і гаворыць:
«Як першыя хрысціяне збіраліся пры агні свечак i паходняў у катакомбах, так i нам сёння давялося запаліць свечкі. Верма, аднак, так, як i яны верылі, што справа нашай незалежнасці, за якую змагаўся Першы Усебеларускі Кангрэс, святая i перамога будзе за намі!..»
Многія лічаць, што гэты выступ кс. Гадлеўскага прыспяшыў ягоны арышт. І вось, на вігілію Божага Нараджэння, 24 снежня 1942-га нямецкая Служба бяспекі арыштавала ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.
Святар быў расстраляны ў Трасцянцы.
***
Час расставіў усё па сваіх месцах… Гадлеўскі змагаўся за незалежную Беларусь, яна ўзнікла на палітычнай карце Еўропы. Ён быў непахісным праціўнікам камуністаў — іх дзяржава знікла ў небыцці, як і рэжым нацыстаў. Канешне, шматлікія пытанні беларускай гісторыі змагання за волю пакуль застаюцца без адказу і проста чакаюць. Аднак бясспрэчна адно, у ксяндза Гадлеўскага не было сантыментаў ні да нацыстаў, ні да камуністаў. Ён непахісна трымаўся на пастулаце: абарона і захаванне беларускай нацыі. Няўжо гэта кепска?

Навуковая кніга пра кс. Гадлеўскага
Ідэйны паслядоўнік ксяндза Гадлеўскага, лідар адроджанай партыі БХД Павел Севярынец напіша: «Вінцэнт Гадлеўскі — святар, які стаяў за Беларусь перад брамай пекла».