БХД 100 год таму: забытыя перамогі
Што агульнага паміж БХД сённяшняй і стогадовай даўніны? Пра генезіс БХД распавядае даследчык гісторыі хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі Андрэй Вашкевіч. Ён лічыць, што БХД, якая была ў 1920–1930-я гады, больш ніколі не паўторыцца.
Гледзячы з пазіцый сённяшняга дня на БХД Станкевіча і Гадлеўскага, знаходзіш адначасна і шмат агульнага, і шмат рознага з іх сучаснымі нашчадкамі. З аднаго боку, рэпрэсіі з боку аўтарытарнага рэжыму, курс на адстойванне незалежнасці, культурніцкая праца. З іншага — розны канфесійны склад, розныя мэтавыя аўдыторыі, ды і ці можна ўявіць, каб у кіраўніцтве сучаснай партыі ў Беларусі стаяў ксёндз альбо якая-заўгодна іншая духоўная асоба?
Пра генезіс БХД, якой сёлета спаўняецца 100 гадоў, распавядае даследчык гісторыі хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі Андрэй Вашкевіч.
— Нацыянальная самасвядомасць беларусаў, якія на 85–90% з’яўляліся сялянамі, пачала фармавацца толькі ў 1870–1890-х гадах. Дагэтуль нацыянальнымі катэгорыямі разважалі вышэйшыя саслоўі: шляхта, інтэлігенцыя, духавенства. Нават Паўстанне 1863 года не было паўстаннем нацыянальным, дзе б нехта рашуча казаў пра Польшчу, а нехта — пра Беларусь. Нават у Польшчы сялянства не падтрымала масава паўстання, бо не атаясамлівала сябе з польскай нацыяй. Гэты працэс пайшоў ужо пазней.
Толькі пасля адмены прыгоннага права ды Паўстання 1863 года пачалася нацыянальная крышталізацыя. Вызначэнне «я каталік», «я праваслаўны» пачало змяняцца на «я паляк», «я беларус», калі казаць пра канец ХІХ стагоддзя. З гэтым часам і звязана з’яўленне вялікага масіву польскай нацыянальнай меншасці на нашых землях.
Але ўжо на пачатку ХХ стагоддзя мы назіраем цікавы феномен: калі просты люд атрымаў больш шырокі доступ да адукацыі, з’яўляецца праслойка маладых вучняў каталіцкіх семінарыяў, якія пачалі сябе асэнсоўваць беларусамі.
— Чаму хлопцы ішлі ў семінарыі ды як маглі ўсвядоміць там сябе беларусамі?
— Уявіце сабе, што расце хлопчык, у якога ў хаце размаўлялі па-беларуску. Польскую мову ён чуў толькі ў касцёле. Калі ён адвучыўся ў народным вучылішчы і самастойна прапрацаваў курс гімназіі, то меў права здаць экзамен на аптэкарскага вучня. Пасля было два шляхі: юнкерская вучэльня, куды бралі ўсіх незалежна ад канфесіі, альбо — духоўная семінарыя. Трапіўшы ў апошнюю ўстанову, хлопцы атрымлівалі грунтоўную адукацыю, а ў дадатак — магчымасць назіраць за палякамі ды літоўцамі, самі ўжо задумваючыся пра свой нацыянальны шлях.
Так, напярэдадні Першай сусветнай вайны і Рэвалюцыі 1917-га з’явілася праслойка маладых адукаваных беларускіх святароў. Многіх мы памятаем, некаторыя амаль забытыя ў беларускім кантэксце. Напрыклад, ксёндз Генрык Бэта з ваколіц Саколкі, які пасля жыў у Польшчы, яшчэ перад Першай сусветнай вайной выдаў па-беларуску кнігу пра пчалярства. Іншы ксёндз — Юзэф Тшаска з таго ж рэгіёну — выпісваў «Нашу Ніву», ліставаўся з рэдакцыяй газеты. На пачатку ХХ стагоддзя дзясяткі маладых ксяндзоў усвядомілі сябе беларусамі.
— А як на гэта рэагавала касцельная вертыкаль?
— Нават тыя мясцовыя ксяндзы, якія лічылі сябе палякамі, на пачатку ХХ стагоддзя не бачылі ў беларушчыне нейкай катастрофы для сябе. Шмат хто з касцельных іерархаў да беларушчыны ставіўся спакойна, маўляў, калі насельніцтва гаворыць па-беларуску, значыць, трэба дапамагаць і гутарыць на зразумелай народу мове.
Гданьскі біскуп Эдвард О’Рурк, які паходзіў з Навагрудчыны і меў ірландскія карані, фінансава і ідэйна падтрымліваў беларусаў. Блаславёны Юры Матулевіч, літовец, таксама спрыяў беларушчыне… Такім чынам, напярэдадні і галоўным чынам цягам Першай сусветнай вайны шматлікія беларускія ксяндзы цалкам арганічна аселі ў сваіх парафіях, пачалі гаварыць казанні па-беларуску, выдаваць кніжкі на нашай мове. Такіх парафіяў у Заходняй Беларусі было каля дваццаці.
Але галоўным фактарам быў асяродак, створаны маладымі ксяндзамі, ды газета «Беларус», якая пачала выходзіць у 1913 годзе. Газета арыентавалася на каталікоў-беларусаў. Каталіцкі рух, як не дзіўна, апанаваў акурат у гады Першай сусветнай вайны Міншчыну, актыўна разгарнуўся ў Пецярбурзе, дзе ксяндзы вучыліся ў Рыма-Каталіцкай мітрапалітальнай акадэміі. Ужо ў маі 1917 года беларускія святары сабраліся ў Мінску і заснавалі Хрысціянска-Дэмакратычную Злучнасць, ад якой пазнейшыя хадэкі акурат і выводзілі сваю гісторыю.
— Як выглядала сітуацыя пасля Рыжскага міру?
— Як вядома, Беларусь апынулася падзеленая на дзве часткі. У БССР кагосьці са святароў забілі ці выслалі, некага — падсадзілі на гачок: ксяндзы «расхрышчваліся» альбо публічна сцвярджалі, што «не будуць вызнаваць Ватыкан». Гэта былі ініцыятывы, санкцыянаваныя савецкімі спецслужбамі. У выніку беларускі хрысціянскі рух там быў цалкам знішчаны ўжо да сярэдзіны 1920-х гадоў.
Заставалася Заходняя Беларусь. Тут жыло каля мільёна каталікоў — прыкладна траціна насельніцтва. З гэтай колькасці 100 тысяч складалі этнічныя літоўцы, пэўная частка — прыезджыя польскія вайскоўцы ды чыноўнікі. Але асноўная частка былі мясцовымі каталікамі. Калі ў той жа Галічыне сапраўды была значная колькасць этнічна польскага насельніцтва, то на нашых землях гэта былі «тутэйшыя» каталікі, якія ў большасці назваліся палякамі толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя. Гэты мільён каталікоў апынуўся самай важнай апорай і зачэпкай польскай дзяржавы на нашых землях у той бурлівы час.
Польская дзяржава зразумела небяспеку беларусізацыі парафіяў, таму ў 1920-х гадах беларускіх ксяндзоў пачалі выціскаць: высылаць за этнічныя межы Беларусі, адпраўляць за мяжу «на вучобу» ці для місіянерскай работы. Семінарыі былі жорстка ўзятыя пад кантроль, таму перасталі прадукаваць свядомых беларускіх ксяндзоў. Чалавек, які на ўваходзе, запаўняючы дакументы, пісаўся беларусам, туды ўжо не трапляў.
— А што наконт БХД?
— Хадэцыі на пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі яшчэ не існавала як асобнай з’явы. Беларускі нацыянальны рух фармальна тады яшчэ быў адзіным. Большасць з тых беларускіх паслоў, хто прайшоў у польскі Сейм на выбарах 1922 года, былі настроеныя на супрацу з палякамі: высоўвалі шмат прапановаў наконт беларускіх школаў, зямельнай рэформы, інвестыцыяў у рэгіён, але палякі не зрабілі нічога, каб падтрымаць хаця б мінімальныя культурна-гаспадарчыя патрабаванні беларусаў.
Як вынік, адбываецца радыкалізацыя мас. А тут акурат бальшавікі ў БССР пачынаюць даказваць беларусам: «Не трэба вам незалежнасці. У БССР будуецца Беларускі Дом». Тады Адам Станкевіч выступіў ініцыятарам стварэння шырокага беларускага руху, якім меў стаць Беларускі сялянскі саюз (БСС).
Бальшавікі пра гэта ведалі ды спрабавалі БСС падпарадкаваць сабе. Маё меркаванне, што на гэтую ролю рыхтавалі сенатара Васіля Рагулю. Той, аднак, шчыльна звязаў сябе са справай незалежнасці і хадэкамі. Тады была створана пракамуністычная «Грамада». Быў выкарыстаны менавіта рэцэпт Станкевіча: шырокі рух са стаўкай на беларускае сялянства. Рух меўся быць агульным, выконваць аб’яднаўчыя функцыі, але Браніслаў Тарашкевіч і яго каманда, завязаўшы ўсё на СССР, прывялі яго да краху.
— Як вынік, Адам Станкевіч стварыў сваю партыю?
— Калі ўсё стала зразумела, Адам Станкевіч абраў іншую тактыку: так, увосень 1926 года была створана БХД. Як партыя яна існавала менш за 10 гадоў: з кастрычніка 1926 па люты 1936 года. У Еўропе на той момант ужо існавала паняцце «хрысціянскай дэмакратыі» ў палітыцы. Да прыкладу, нямецкі хадэцкі рух быў створаны яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя.
Беларускія хадэкі адразу займелі сваю спецыфіку на агульнаеўрапейскім фоне. Па-першае, БХД катэгарычна ставіла пытанне пра незалежнасць, якое не стаяла для тых жа немцаў. Гэта была адзіная арганізацыя ў краіне, якая на той момант паслядоўна адстойвала гэтую пазіцыю ды карысталася ўплывам у масах. У БССР падобныя партыі былі знішчаныя. У Заходняй Беларусі эсэраў ужо не было, камуністы падтрымлівалі СССР, прапольскія беларускія партыі — Польшчу.
Па-другое, БХД радыкальна ставіла сялянскае і зямельнае пытанне. Заходнееўрапейскія хадэкі ж працавалі амаль выключна сярод рабочых. У Заходняй Беларусі гэта было цяжка, бо рабочыя былі збольшага яўрэямі, ды і прадпрыемстваў было не так шмат. Па-трэцяе, дзве траціны насельніцтва ў Заходняй Беларусі былі праваслаўнымі. То бок сацыяльная база — партыя арыентавалася на каталікоў — аўтаматычна звужалася.
— Ты кажаш пра ўплыў на масы, але як гэта рэальна выглядала?
Да канца 1920-х гадоў беларускіх ксяндзоў на парафіях ужо амаль не засталося. Самы характэрны прыклад, які стаў вядомы па ўсёй Польшчы — гэта гісторыя ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. На пачатку 1920-х гадоў біскуп Матулевіч прызначыў яго ў мястэчка Жодзішкі на Смаргоншчыне. Гадлеўскі, які прыехаў у 1922-м, ужо ў 1924 годзе пачынае весці набажэнства па-беларуску. Ён не ўводзіў беларушчыну за адзін дзень: чаргаваў. З часам на польскія службы пачало хадзіць усё меней парафіянаў. Хутка ксёндз стаў маральным аўтарытэтам, каб паслухаць яго казанні, людзі пачалі прыходзіць з вакольных парафіяў.
Улады зразумелі, што гэта запалка. І калі яна запаліць іншых, і агонь пойдзе далей, польскаму панаванню прыйдзе канец: калі 800 тысяч «касцельных» палякаў перастануць лічыць сябе палякамі — польскія ўлады страцяць пад нагамі ўсялякую глебу і маральнае права валодаць гэтымі землямі.
У выніку касцельныя ўлады арганізавалі ў Жодзішках плебісцыт. Прыехалі ксяндзы, падзялілі парафіянаў: маўляў, хто за беларускую мову — «направа», за польскую — «налева», утварыўся балаган... Калі паліцэйскія паставілі на званіцы кулямёт: народ разбегся. У выніку, Гадлеўскага пасадзілі ў турму, але не за інцыдэнт у Жодзішках, а за «антыдзяржаўную дзейнасць». Гэта былі плёткі, маўляў, калі Гадлеўскі бачыў партрэт Пілсудскага ў хаце, то адмаўляўся яе асвячаць, і далей у такім духу.
— Ёсць польскія законы, але ёсць міжнароднае касцельнае права: як падобныя выпадкі маглі мець месца?
— У 1925-м быў заключаны канкардат паміж Ватыканам і Польшчай, які паставіў крыж на ўсіх беларускіх ініцыятывах у касцёле. Ані пробашча, ані біскупа нельга было прызначыць без згоды Рады польскіх біскупаў. Ніводзін свядомы беларус пробашчам касцёлу ўжо стаць не мог. Нельга было змяняць мову службаў. Гэта было фармальнае і прававое афармленне ўціску беларушчыны ў касцёле.
Наогул, мяжа 1920–1930-х — вельмі цяжкі час для БХД. З аднаго боку, палякі змагаюцца з БХД не менш жорстка, чым з камуністамі. Хадэкаў арыштоўваюць, праводзяць вобшукі. Структураў партыі на мясцовасці амаль не было. Бо калі на вёсцы ты казаў, што з’яўляешся актывістам БХД, то меў праблемы з паліцыяй. Таму мы не ведаем, колькі было чальцоў у БХД: яны рэестраваліся праз Вільню.
— Хадэкам зноў трэба было змяняць стратэгію…
— У выніку, легальным прадстаўніцтвам БХД стаў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК). Гэта была легальная асветніцкая арганізацыя. Як у камуністаў было Таварыства беларускай школы (ТБШ), так у БХД — БІГІК. Яго чальцы вывучалі гісторыю, стваралі тэатральныя гурткі, ладзілі бібліятэкі, будавалі «народныя дамы», спрабавалі закладаць школы, праводзілі школьныя плебісцыты наконт мовы навучання.
У Вільні БІГІК займаўся друкам, прычым не толькі патрыятычнай і рэлігійнай літаратуры, але і гаспадарчай: брашуры аб пчалярстве, угнаеннях, даглядзе за жывёламі. Хадэкі падавалі заяўкі на рэгістрацыю вялікай колькасці беларускіх школаў, але атрымалася стварыць толькі дзве: Шаўляны (Віцебшчына) і Рудаўцы (Баранавіччына).
— Як гэтая дзейнасць выглядала?
— Галоўная сфера ўплыву інстытуту — Віленшчына: Смаргонь, Ашмяны, Вілейшчына, Валожыншчына. Часткова — Баранавіччына, ваколіцы Нясвіжа. Гурткоў інстытута па Заходняй Беларусі зафіксавана каля 50–70. Адначасна ў БІГІК магло працаваць каля 1000 чалавек — але гэта былі рэальныя актывісты, а не «мёртвыя душы». Наогул жа, праз БХД і яе структуры ў розныя часы прайшло, я думаю, не менш за 5 тысяч чалавек.
Час ад часу на 25 сакавіка ў вёсках Заходняй Беларусі хадэкі развешвалі бел-чырвона-белыя сцягі, таксама як камуністы развешвалі чырвоныя. Ёсць звесткі пра ваколіцы Смаргоні, дзе паліцыя канфіскоўвала сцягі ў хадэкаў нават па хатах: сябры партыі цвёрда трымаліся незалежніцкага курсу. Агулам жа фармат дзейнасці быў культурніцкім, кааператыўным, эвалюцыйным. Як тады, так і зараз БХД магло б быць паспяховай партыяй, але ва ўмовах рэальнага парламентарызму ў дзяржаве.
— Як выглядалі стасункі паміж хадэкамі ды заходнебеларускімі камуністамі?
З боку КПЗБ супраць БХД ішла інфармацыйная вайна: хадэкаў кляймілі «агентамі», «прадажнікамі»... У 1934 годзе нават была выдадзеная кніжка «Як беларуская хадэцыя гандлюе крывёю беларускіх рабочых і сялян». Яна напісаная на аснове паказанняў пасла Паўла Карузы, які быў абраны ад БХД у 1927 годзе, а пасля знік. Намаляваўся ён толькі пасля вайны ў Польшчы — там жыў і памёр.
Аказалася, што на пачатку 1930-х гадоў ён апынуўся ў Мінску — пасля пісаў, што «выманілі». У БССР яго ўзялі ў абарот чэкісты, і той распавёў шмат унутранай інфармацыі пра сваю партыю: напрыклад, пра тое, што канфіскацыі газеты «Крыніца» нібыта адбываліся па дамоўленасці Станкевіча і паліцыі — усё на аснове асабістых здагадак. Была і поўная лухта, маўляў, палякі далі БХД на выбары 1927 года… дзясяткі тысяч злотых! З паказанняў Ластоўскага нібыта былі вычапленыя факты, маўляў, хадэкі займаліся перадзелам спадчыны нейкага сваяка Пілсудскага — сотні тысяч злотых... І далей у такім стылі.
Але ў сярэдзіне 1930-х камуністам было дадзенае зялёнае святло на супрацу з нацыянал-дэмакратычнымі партыямі. Таму і адбылася спроба зацягнуць БХД у «Народны Фронт»: камуністы шукалі саюзнікаў. Аднак адкрытай супрацы не было, пра кантакты ведалі адзінкі.
Рэальныя стасункі паміж хадэкамі ды нізавымі камуністамі на месцах былі цалкам іншымі. Часта «правыя» і «левыя» актывісты паходзілі з адных сем’яў. Напрыклад, бацька камуністычнага паэта Валянціна Таўлая Павал узначальваў гурток БІГІК у вёсцы Рудаўка пад Баранавічамі. Мачыха, Стэфанія Таўлай, была дырэктаркай беларускай школы ў той жа вёсцы, якую фінансаваў Гадлеўскі і Станкевіч. Такіх гісторыяў шмат.
Супраца на месцах — гэта яшчэ і абмен друкаванай прадукцыяй, і грашовыя аперацыі: вядомыя выпадкі, калі тайныя камуністы на вёсках фінансава дапамагалі дзейнасці БІГІК. Гадлеўскі лічыў такую супрацу памылковай, спрабуючы трымацца цалкам незалежніцкай лініі. Яго пазіцыя была «крытыкай Станкевіча з правага боку».
— Адкуль насамрэч былі грошы ў партыі?
— Некалькі сяброў БХД былі пасламі Сейма. Зараблялі шмат: за адзін месячны заробак можна было купіць пару гектараў зямлі. Ксяндзы, якія жылі за мяжой, кшталту Пятра Татарыновіча, пастаянна пералічвалі БХД грошы: абклалі сябе «добраахвотным падаткам». Нешта давала Літва, але гэта былі адзінкавыя выпадкі, а не бесперарыўны паток «грантаў». Складкі шарагоўцаў у лепшым выпадку забяспечвалі фінансаванне канкрэтнага гуртка на мясцовасці: кнігі, памяшканні, рэчы для тэатральных пастановаў.
Хадэкі зрабілі геніяльны крок, купіўшы ў 1926 годзе частку друкарні «Люкс» у Вільні і заснаваўшы Друкарню імя Францішка Скарыны. Гэтая друкарня да 1939 года выдала больш за 150 кніжак. Гэта былі як патрыятычныя, так і камерцыйныя замовы. Без яе наогул цяжка сабе ўявіць заходнебеларускае культурнае жыццё таго часу. Яны друкавалі процьму газет і часопісаў, нават таго ж клубу «Змаганне», які трымаўся «левай» арыентацыі.
— Дык БХД знікла ў выніку расколу?
— У 1936 годзе адбыўся апошні моцны ўсплёск нацыянальнага руху перад вайной. Хадэкі, у асобе БІГІК, аб’ядналі высілкі з ТБШ, выдаўшы адозву «За родную школу». Пачалася вялікая кампанія. Уладам былі пададзеныя дзясяткі тысяч дэкларацыяў за школы па-беларуску. Палякі адказалі на гэта зачысткай у канцы года: дзясяткі арыштаў ды вобшукаў, у тым ліку ў Адама Станкевіча. На пачатку наступнага 1937-га ўлады афіцыйна зачыняюць ТБШ і БІГІК.
— Падчас вайны шмат хто з беларускага актыву легалізаваўся праз супрацу з немцамі. Што наконт БХД?
— Адам Станкевіч падчас вайны не заангажаваўся ў палітычныя ініцыятывы, хоць яго і схіляў да гэтага Радаслаў Астроўскі: прапаноўваў пасаду ў Беларускай Цэнтральнай Радзе. Блізкія да Станкевіча людзі трымаліся такой жа пазіцыі. Пэўная частка трапіла ў нямецкую адміністрацыю, але збольшага займалася культурай і адукацыяй.
Ёсць сведчанні пра сувязі Станкевіча з партызанамі, пра тое, што ён хаваў яўрэяў, смаргонскіх камсамольцаў, нейкіх акружэнцаў. Кажуць, што ён хаваў у касцёле нават намесніка кіраўніка савецкай Вільні. Цікава, што ў 1970–1980-я гады пра гэта пісаў нават «Голас Радзімы». Савецкая ўлада мусіла б даць яму медаль за гэта!
— Мажліва, акурат таму Станкевіч і дажыў ажно да 1949 года?..
— Дажыў, бо спрабаваў давесці савецкай уладзе, што ёй трэба беларусізаваць касцёл: пісаў даклады, запіскі. Планаваў сабраць для гэтага святароў, дамагчыся, каб некага выпусцілі з турмаў. Маўляў, дайце нам адчыніць касцёлы і служыць па-беларуску, і мы будзем лаяльнымі да вас. Яму паставілі ўмову: адрачыся ад Ватыкану, крытыкаваць Папу як імперыяліста і г.д.
Станкевіч адмовіўся стаць «чырвоным біскупам». Цікава, што ў сваім дзённіку Станкевіч назваў нкусаўца, які яго пераконваў, «Мефісто» — спакушальнік. Калі стала зразумела, што перамовы нічым не скончацца, яго арыштавалі і прысудзілі да 25 гадоў. Дарога ў лагер трывала амаль месяц, таму ўжо не малады і хворы Адам Станкевіч памёр літаральна адразу па прыездзе.
— Як склаўся лёс Вінцэнта Гадлеўскага?
Гадлеўскі, як вядома, быў галоўным школьным інспектарам у Генеральнай акрузе Беларусь. Зрэшты, гэта не ўратавала яго ад расстрэлу гестапаўцамі на каталіцкае Божае нараджэнне 1942 года… Месца пахавання Вінцэнта Гадлеўскага невядомае, таму ў Трасцянцы пад Мінскам стаіць сімвалічны крыж ягонай памяці.
Цікава, што мястэчка Жодзішкі, дзе ў 1920-х гадах працаваў Гадлеўскі, падчас вайны стала адным з магутных цэнтраў беларускага руху. Школа і дакументацыя вяліся па-беларуску, быў створаны свой атрад Самааховы. У 1943 годзе ў мястэчку прайшла зачыстка, арганізаваная мясцовым аддзелам Арміі Краёвай... Забівалі нават старых дзеячаў БХД, якім было па 70 гадоў і якія не супрацоўнічалі з немцамі. Касцельнага арганіста Тамаша Трызну застрэлілі ў ложку разам з жонкай.
Тады ж быў забіты брат Станкевіча Валянцін — асобамі, якія прынамсі фармальна паказвалі сябе акаўцамі. На Смаргоншчыне вядома яшчэ некалькі выпадкаў забойстваў міжваенных беларускіх актывістаў (у тым ліку і хадэкаў) менавіта акаўскімі падраздзяленнямі. Логіка тут зразумелая: хто ў ваеннай завірусе будзе шукаць вінаватых? А палітычнае поле для пасляваеннага часу можна зачысціць... Некаторыя з хадэкаў былі расстраляныя немцамі.
— У тых жа Жодзішках зараз памятаюць Гадлеўскага?
— Так, і Гадлеўскага, і БХД там памятаюць дагэтуль. Дарэчы, найбольшую колькасць падпісаных па-беларуску магілаў, сярод якіх ёсць нават помнікі 1980-х гадоў, я бачыў акурат у Жодзішках. Для каталіцкага мястэчка гэта нешта неймавернае. І ўсё гэта зрабіў адзін чалавек. А калі б такіх была сотня?.. Усё, Беларусь выглядала б па-іншаму.
— Ці можна неяк падсумаваць вынікі дзейнасці міжваеннай БХД?
— Я лічу, што БХД зрабіла, як мінімум, дзве рэчы, якія маюць быць прапісаныя ў нашых падручніках па гісторыі. Па-першае, хадэкі давялі, што каталікі могуць быць беларусамі. Паводле перапісу 1921 года беларусамі сярод каталікоў Заходняй Беларусі запісалася каля 60 тысяч чалавек. У 1931-м — ужо каля 80 тысяч. З аднаго боку, рост невялікі і яго можна спісаць на блытаніну статыстыкі, але ўлічыце, што гэта адбывалася нягледзячы на агрэсіўную палітыку паланізацыі праз усе дзяржаўныя ўстановы ды той жа касцёл. Беларусы — выстаялі.
Па-другое, гэта была партыя, якая пранесла ідэю незалежнасці Беларусі праз 1920–1930-я гады, зрабіўшы гэта годна, будучы прыкладам і для каталікоў, і для праваслаўных. БХД стварыла фантастычны культурны прэцэдэнт. Калі мы гаворым пра культуру Заходняй Беларусі ў міжваенны час, то згадваем часопіс «Калоссе», сотні выдадзеных у Вільні кніжак ды газет, якія мы маем дзякуючы хадэкам. Заўважце, што друкаваліся там і іх апаненты: той жа камуніст Максім Танк.
— Чаму гістарычная роля БХД зараз забытая?
— Пасляваенная эпоха вымыла нават глебу для ўспамінаў і размоваў пра БХД. Масы людзей пасля вайны запісаліся палякамі і з’ехалі, каб пазбегнуць рэпрэсіяў ды іншых акалічнасцяў жыцця ў «савецкім раі». Віленшчына стала літоўскай. Касцёлы зачыняліся. Ксяндзоў альбо павысылалі, альбо пазабівалі. Вядома, што касцёл у Вішневе быў адзіным, дзе ксёндз Чарняўскі ў савецкі час вёў набажэнства па-беларуску.
— БХД зараз існуе ў выглядзе партыі, хай і не зарэгістраванай. Ці назіраеш ты пэўную пераемнасць паміж міжваенным БХД і сучасным аднайменным рухам?
— Тое БХД, якое было ў 1920–1930-я гады, больш ніколі не паўторыцца. Хаця б таму, што на 80% было каталіцкім рухам. Сёння ж там і пратэстанты, і ўніяты, і праваслаўныя. Цікава, што ўсё гэта адбываецца пры мінімальным удзеле святароў, у адрозненні ад міжваеннага часу: лідары сучасных хадэкаў — свецкія асобы. Але ідэйная пераемнасць, безумоўна, прысутнічае.