Івонка Сурвіла: Мы марылі аб вяртанні ў Беларусь цэлае жыццё

Калі б Ціханоўская магла сказаць, што мы змагаемся за Беларусь ужо 105 гадоў і што яна працягвае гэта змаганне, яна б зрабіла вялікую працу для краіны, лічыць старшыня Рады БНР.

2018_03_27_07.03.55_1_logo_1_logo_1_1.jpg

«Наша віна ў тым, што наш народ абраў Лукашэнку ў 1994 годзе. Каб не гэта, мы былі б ужо нармальнай краінай»

— Мы ўцякалі з Беларусі не таму, каб нешта хаваць ці ад нечага хавацца, мы ўцякалі, бо ратавалі сваё жыццё. Мы мусілі з'язджаць, бо не мелі магчымасці выжыць у Беларусі, — успомніла старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi Івонка Сурвіла ў інтэрвʼю «Еўрарадыё». — Мы ўсё жыццё думалі, што змагаемся за беларускі народ, які патрабуе нашага змагання.

Усё жыццё гэтаму прысвяцілі. Уся наша старая міграцыя, усё маё пакаленне, пакаленне маіх бацькоў — мы за гэта змагаемся.

Што мне найбольш баліць — падзел паміж беларусамі-эмігрантамі і беларусамі ў краіне. Страшэнна баліць. У нас падзелу ніколі не было, мы марылі аб вяртанні ў Беларусь цэлае жыццё.

І на кожным святкаванні 25 сакавіка (Дзень Волі) гаварылі: дачакаемся, вернемся, усе імперыі развальваюцца, і гэта разваліцца.

79 гадоў я жыву на чужыне. Часта гавораць, што беларусы выязджаюць і забываюцца пра Беларусь. Але ж шмат беларусаў знайшлі Беларусь на чужыне.

Знайшлі, бо тут адчулі боль па Беларусі, адчулі тугу па Беларусі і адчулі фактычна, што іх кліча зямля свая. І толькі тут людзі гэта разумеюць, у Беларусі не разумеюць.

Я заўсёды кажу: «Мы адзін народ». Ну і што, што я пражыла ўвесь час на чужыне. Але я жыла як беларуска ўвесь гэты час. Я набралася ўсяго добрага ў Даніі, Францыі, Іспаніі, Канадзе, навучылася шмат чаму.

Але я была беларускай, верыла, што я беларуска, і не патрабавала нічога іншага. І беларускасць мая, прыналежнасць да краіны зрабілі мяне шчаслівай асобай.

Івонка Сурвіла прызналася, што з першых дзён падтрымлівала Святлану Ціханоўскую, якая перамагла на апошніх выбарах у Беларусі.

— Тое, што робіць Ціханоўская — гэта тое, што нам трэба цяпер рабіць. Беларусь апынулася ў такой сітуацыі з-за Лукашэнкі, з-за яднання з Расіяй, удзелу ў вайне і г.д. І Беларусь магла канчаткова страціць свае прэстыж і гонар.

І тое, што робіць Ціханоўская, калі ездзіць у кожную краіну і кажа, што Беларусь — гэта не Расія, што беларускі народ не змагаецца супраць Украіны, гэта вельмі добрая праца. Яна цудоўны амбасадар.

Я сачу за яе выступленнямі. Зараз Беларусь, як ніколі, патрабуе абаронцаў, патрабуе людзей, якія будуць яе бараніць ад таго, што робіць Лукашэнка.

Мне сорамна, што нехта можа сказаць пра беларускі народ, што ён агрэсар. Ці што ён хоча аб’яднацца з Расіяй. А Ціханоўская кажа, што беларускі народ — гэта беларускі народ.

Наша віна ў тым, што наш народ абраў Лукашэнку ў 1994 годзе. Каб ён не выбраў тады Лукашэнку, думаю, мы былі б ужо нармальнай краінай.

Я падтрымлівала Святлану з самага пачатку і падтрымліваю цяпер. Але хацелася б, каб яна калісьці сказала, што яе ўрад зараз працягвае працу БНР.

Я разумею, урадам на чужыне быць вельмі цяжка. І ўсё ж, калі б Ціханоўская магла сказаць, што мы змагаемся за Беларусь ужо 105 гадоў і што яна працягвае гэта змаганне, яна б зрабіла вялікую працу для краіны, — упэўнена лідарка БНР.

 Паводле gazetaby.com