«Беларусы, што мы можам зрабіць? Перш за ўсё — не ўступаць у гэтую вайну!»

Абы не было вайны, — так казалі многія беларусы падчас эканамічных і выбарчых катаклізмаў. Частка з іх была незадаволеная пратэснымі акцыямі супраць вынікаў выбарчай кампаніі 2020 года, бо непрыемна ўразілася стрэламі на вуліцах і трывожнымі гукамі выбухаў. Было парушана мірнае існаванне тымі, хто хоча нейкіх, на іх думку, залішніх правоў. І сілавыя структуры нібыта аднаўлялі парадак.

Фота УНІАН

Фота УНІАН

І вось вайна прыйшла пад наш дом. У нашу краіну-партызанку. Пакуль яшчэ за мяжой. Яна цяпер там, дзе вясной цвітуць каштаны і «слышится плеск Днепра». Там, дзе я вучылася на дзяржаўных курсах французскай мовы, а падчас летняга адпачынку ў маладосці жыла на ўзбярэжжы мора.
Каштаны цвітуць белым колерам, адзін з іх расце каля майго лецішча. Але ў гэтым годзе я не змагу глядзець на іх без слёз — буду бачыць на іх кроў і смерць ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў Украіны і яе абаронцаў.Іх цяпер спрабуе знішчыць, адправіць у іншы свет сусед пад назвай «Расія». Так, блізкі сусед, калісьці лічыўся амаль братам, бок аб бок з якім яны ваявалі супраць фашысцкай навалы. І там таксама вялася партызанская барацьба супраць захопнікаў.
Фашысты не давалі права на жыццё габрэям, забівалі ўкраінцаў, беларусаў і рускіх. Мой бацька страціў здароўе, ваюючы супраць нямецкага агрэсара ў складзе партызанскага злучэння. Ведаў, што ваюе за Радзіму, каб краіна не была пад фашысцкім ботам. Распавядаў мне аднойчы пра «кактэйлі Молатава», якія скарыстоўваў падчас спецаперацый. Палахліўцам не быў, меў узнагароды.
І вось праз многія дзясяткі гадоў я зноў чую пра «кактэйлі Молатава»…
24 лютага 2022 года Расія напала на Украіну «дзеля правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі». Колькі ні спрабую зразумець мэты і жаданы вынік гэтай «аперацыі» — не атрымліваецца. Замест абяцанай нейкай аперацыі свет убачыў жахлівую знішчальную і бязлітасную вайну.
З таго часу свет змяніўся. Мой таксама. З ранку да вечара, і нават уначы трывожна. Кожны дзень слухаю звесткі з франтоў.
У галаве суцэльныя пытальнікі. Што, напрыклад, значыць, вызваліць Украіну ад «нацыкаў»? Вызваліць ад тых, хто лічыць, што ўкраінская нацыя мае права на еўрапейскі выбар годнага жыцця і на абарончы саюз па свайму жаданню? Якім чынам «вызваліць»? Знішчыць усю ўкраінскую нацыю? Разграміць яе сёлы і гарады, ператварыць зямлю Украіны ў суцэльную варонку ад бомбаў? Паступіць з ёю так, як калісьці напаўдзікія старажытныя рымскія легіёны абышліся з Карфагенам — сцерлі з зямлі і зрабілі поле на месцы горада?
Але ж на зямлі ХХІ стагоддзе, замест старажытнага ваяўнічага дзікунства ў Еўропу даўным-даўно прыйшла цывілізацыя. Войны, здавалася, паступова саступілі месца эканамічнаму, культурнаму і спартыўнаму спаборніцтвам, турызму, узаемадзеянню розных культур. Мірна і цывілізавана хоча жыць увесь свет.
І вось гэты цывілізаваны агаломшаны свет зараз спрабуе спыніць вайну — усімі даступнымі для гэтага сродкамі. Спыніць ваеннае і нічым не апраўданае дзікунства, кроў, смерць і разбурэнне толькі па той прычыне, што адзін ваяўнічы сусед раптам захацеў, каб другі сусед падпарадкоўваўся яго поглядам на будаўніцтва свайго дома.
А мы? Беларусы? Што можам зрабіць мы? Чым дапамагчы?
Перш за ўсё — не ўступаць у гэтую вайну! Дамагацца, каб войскі агрэсіўнай дзяржавы выйшлі з тэрыторыі нашай краіны. Каб з нашых аэрадромаў не ляцелі братазабойчыя смяротныя ракеты і нашы салдаты не неслі смерць украінскім братам, не гарэлі ў танках і не ўгнойвалі ўкраінскую зямлю.
«Я, грамадзянка Рэспублiкi Беларусь, выступаю супраць выкарыстання тэрыторыі маёй радзімы Рэспублікі Беларусь для агрэсіі ў адносінах да брацкага народа Украіны! Я патрабую вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Я хачу, каб мая краіна стала тэрыторыяй бяспекі і не прымала ўдзел у агрэсіі. Виступаю против використання території моєї батьківщини Республіки Білорусь для агресії щодо братнього народу України! Я вимагаю виведення російських військ з Білорусі. Я хочу, щоб моя країна стала зоною безпеки і не брала участі в агресії», — напісала случчанка Ірына на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Напісала аж на трох мовах. Каб дастукацца да сэрцаў і мазгоў. Думаю, што гэтыя словы павінен сказаць кожны міралюбівы беларус, які хоча жыць пад мірным небам. І гэтыя словы павінны пачуць тыя, ад каго залежыць будучыня нашай краіны: ці застанецца родная Беларусь у гісторыі міралюбівай краінай-партызанкай, ці запляміць сябе на вякі, ператворыцца ў ваеннага агрэсара. І тады мірнага неба беларусы могуць не ўбачыць.