«Будзьма рэалістамі — лёгкага выйсця няма». Пра што пісаў «Новы Час» напярэдадні выбараў

Роўна два гады таму, 7 жніўня 2020 года, выйшаў апошні перадвыбарны нумар газеты «Новы Час». Мы рыхтавалі яго з трывогай, але і з надзеяй. Аўтары «НЧ» у рэдакцыйнай перадавіцы тады паспрабавалі зазірнуць наперад і напісаць, якой яны бачаць бліжэйшую будучыню краіны. Як паказаў час, яны мелі рацыю.

novy_czas_7.jpg

«... Магчыма, мы ўсе цяпер з’яўляемся сведкамі таго, як мяняецца гісторыя. Дакладней, мы самі яе мяняем. Непахісная на працягу чвэрці стагоддзя глыба раптам пачала калоцца. Проста дакладна не будзе, і душа дрыжыць ад прадчування таго, што наперадзе. І хто б ні прыняў інаўгурацыю напрыканцы лета, пасля сёлетняй выбарчай кампаніі краіна ўжо не будзе ранейшай. Амаль на 100 працэнтаў у выніку выбараў пераможа Святлана Ціханоўская. І амаль на 100 працэнтаў Лукашэнку «намалююць» новую кадэнцыю. Таму мужнасць, трываласць і аптымізм усім спатрэбяцца, каб абараняць свой голас і свой выбар. Зразумела, будуць рэпрэсіі. Але ў любым выпадку мы павінны выйсці з іх больш моцнымі і кансалідаванымі, чым цяпер», — пісала галоўная рэдактарка «НЧ» Аксана Колб


А праз год мы самі здзівіліся, наколькі тады былі блізкія да рэчаіснасці. І прапанавалі разам з падсумаваннем года пасля выбараў новыя прагнозы ад «Новага Часу».

Ці памятаеце знакамітае пасланне Лукашэнкі народу і парламенту 4 жніўня 2020 года? Менавіта ў гэты дзень у дзяржаўнай прэсе была апублікаваная яго перадвыбарчая праграма. «Ніводзін раз пасланне не перарвалася апладысментамі — нягледзячы на тое, што ён некалькі разоў рабіў паўзы, у якіх апладысменты маглі ўзнікнуць. Скончыўшы сваю прамову, ён вельмі хутка сышоў — практычна збег — з трыбуны, і прысутныя паўтары хвіліны хлопалі пустому месцу. Так праводзяць у апошні шлях акцёраў. Ён з намі развітваўся?», — спрабаваў тады разабрацца Сяргей Пульша.
У гэтым жа нумары быў апублікаваны ліст ад вязня Глыбоцкай папраўчай калоніі No13 Ігара Златагурскага. Ён падзяліўся сваімі разважаннямі пра народ, уладу, суверэнітэт, грамадзянскую супольнасць. Аўтар перакананы, што без грамадзянскай супольнасці не бывае трывалых суверэнітэту і незалежнасці. І што павазе не толькі да ўлады, але і да іншага чалавека заўжды папярэднічае павага да самога сябе. Пры гэтым самапавагі бракуе шмат якім беларусам, а ў тых, хто вызначае сябе простым чалавекам, з ёй увогуле бядотнае становішча. Ліст цікавы яшчэ і тым, што напісаны ён чалавекам, які шмат гадоў знаходзіцца за кратамі і можа сачыць за тым, што адбываецца ў краіне, толькі адтуль.
Адзіны (першы) помнік Кастусю Каліноўскаму і адзіны (апошні) помнік Іосіфу Сталіну ў Беларусі знаходзяцца ў Свіслачы. Маленькае беларускае мястэчка паблізу ад мяжы з Польшчай некаторыя называюць горадам кантрастаў. У самым цэнтры горада на вуліцы 17 Верасня месціцца сквер, на ўсю яго даўжыню расцягнуліся памятныя знакі: брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў, Іосіфу Сталіну, Уладзіміру Леніну, Рамуальду Траўгуту, салдатам-інтэрнацыяналістам. Наводдаль праз дарогу стаіць таксама бюст Кастуся Каліноўскага, з яго пачынаецца (ці заканчваецца) алея. Пра парадоксы гісторыі свіслацкай «алеі помнікаў» пісала Ганна Варонка.