Не існуе «срэбнай кулі» для дыктатуры. А значыць, наш шлях да Беларусі працягваецца

Два гады таму акурат напярэдадні выбараў аўтары «Новага Часу» паспрабавалі зазірнуць наперад і напісаць, якой яны бачаць бліжэйшую будучыню. І мы самі здзівіліся, наколькі былі блізкія да рэчаіснасці. Таму ў працяг год таму, 9 жніўня 2021 года, мы зрабілі новыя прагнозы. За гэты час багата што змянілася, хтосьці з'ехаў, а кагосьці ўжо няма сярод жывых. Пачалася вайна... Але тое, што мы казалі год таму, застаецца актуальным і зараз.

Усё мае свой кошт, які ў любым выпадку давядзецца заплаціць


Год таму мы нават уявіць сабе не маглі, што пабачым мора людское з нацыянальнымі сцягамі, што беларуская мова стане ледзь не паролем для сумленных людзей, што нашы дзеці будуць за кратамі ці ў вымушанай эміграцыі. Што сусед-міліцыянер будзе хаваць вочы і не вітацца, а суседка-бабулечка будзе са сваёй пенсіі адпраўляць бандэролі палітвязням. Мы столькі ўсяго даведаліся за гэты год пра сябе, сваіх сяброў, родных, суседзяў, калегаў.

І менавіта гэтыя веды дадаюць мне аптымізму. За гэты год наша грамадства выгадавалася і пачало сталець. Інфантылізм і спадзяванні на дзяржаву сыходзяць, застаецца вера ва ўласныя сілы і адказныя дарослыя ўчынкі. А гэта значыць, што менавіта ў нас ёсць унікальны шанц стаць прыкладам для ўсёй Еўропы.

Прыкладам адказнага стаўлення да свайго лёсу і лёсу сваёй краіны, прыкладам унікальнай салідарнасці і грамадскай эмпатыі. Прыкладам неймавернага рыўку ў развіцці эканомікі і карпаратыўнага грамадзянства.

Я аптыміст, а не ідэаліст, таму разумею, што далёка не ўсё грамадства пасталела і гатовае да пераменаў (хаця ніколі масы не былі рухавіком прагрэсу). Разумею, што «светлую будучыню» не пабудаваць у адзін момант. Што ўсё мае свой кошт, які ў любым выпадку давядзецца заплаціць.

Але мы ўжо сталі на дарогу, зрабілі першыя крокі. Мы пачалі свой шлях па доўгай дарозе да Беларусі. Той самай Беларусі, пра якую марылі нашы продкі, за якую аддавалі свае жыцці героі тых часоў і нашай сучаснасці. Той самай краіны мары, за якую сёння за кратамі пакутуюць тысячы лепшых сыноў і дачок.

Жыве Беларусь! Жыве вольная, незалежная, дэмакратычная найлепшая краіна ў свеце!

Аксана Колб

«Нішто не спыніць ідэю, час якой надышоў»

Сведчанне гэтаму бачым увесь час — у распаўзанні па швах іржавай сістэмы, у яе істэрычных памылках. На жаль, і ў тэроры. Тэроры, які сцішае публічныя галасы, наводзіць жах, сее гора — але не можа змяніць утрыманне галоваў, не можа павярнуць людзей да спакойнага жыцця ў зоне камфорту соннай хлусні.

Грамадства прачнулася, заварушылася. Магчыма, тая ідэя, якая выцісне дыктатуру на звалку гісторыі, яшчэ дасюль не сфармаваная, не ўсвядомленая, не выпрацаваная. Мы адчуваем яе інтуітыўна, яна выспявае ў нашай салідарнасці, нашым адчаі, нашым супраціве.

Але пікеты, страйкі, «выбары», петыцыі, тэлеграм-каналы, спадзяванні на палітычных лідараў, санкцыі — гэта яшчэ не ідэя. Гэта толькі інтуітыўны пошук таго, што яшчэ нараджаецца, праз нейкія формы дзеяння — часам наіўныя, часам няўдалыя, часам ашаламляльна крутыя.

Варта ўсвядоміць, што не існуе «срэбнай кулі» — нейкага дзеяння, структуры або лідара, якія маглі б у адно імгненне вырашыць праблему дыктатуры. Дыктатура згубіць шанцы на існаванне толькі тады, калі грамадства згуртуецца вакол новых каштоўнасцяў і мэтаў, важных для кожнага, не сумяшчальных з аўтарытарызмам, і пачне самаарганізоўвацца дзеля ўвасаблення гэтых мэтаў і каштоўнасцяў на ўсіх узроўнях жыцця — насуперак тэрору і ўціску.

Фармаванне агульнаграмадскіх каштоўнасцяў і мэтаў, вышэйшых за палітычную кан'юнктуру і кампанейшчыну, — тое, да чаго хацелася б нарэшце прыйсці. Выспяванне такой ідэі — гэта натуральны працэс, але яго зацягванне мае свой кошт — умацаванне карнага апарату, змарнаваныя гады чалавечых жыццяў, перакуленыя лёсы, людское гора.

Год у школе грамадскага жыцця скончаны. Базавыя іспыты здадзеныя — не без хібаў, але з гонарам. Ды наперадзе яшчэ вялікі шлях. Мы мусім яго прайсці разам, дзеля адно аднаго і дзеля нашых дзяцей.

Глеб Рубанаў

Жах і надзея

Многія з нас чакалі, што пасля выбараў у нашай шматпакутнай краіне нарэшце нешта зменіцца ў лепшы бок. Асабліва калі на вуліцы па ўсёй краіне выйшлі сотні тысяч нязгодных з афіцыйнымі вынікамі галасавання людзей, падавалася, што перамога здаровага сэнсу і справядлівасці вось-вось стане рэальнасцю. Але не стала...

Улада скарыстала ўсю сваю, назапашаную за больш як чвэрць стагоддзя антыдэмакратыі, моц, каб утрымацца. Дзясяткі тысяч арыштаваных, тысячы асуджаных па самых розных артыкулах Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў, безліч звальненняў з працы і выключэнняў з ВНУ, нечалавечая жорсткасць і катаванні людзей пры арыштах і за кратамі, больш за 600 палітвязняў, павальнае закрыццё грамадскіх і дабрачынных арганізацый і аб’яднанняў. А таксама вымушаная масавая эміграцыя самых разумных і таленавітых беларусаў за межы сваёй Айчыны, міжнародныя санкцыі, ізаляцыя. І яшчэ прапагандысцкая вайна супраць гістарычных сімвалаў і вядомых асоб, беспрэцэдэнтныя напады на незалежных журналістаў — не, не такога чакаў народ беларускі год таму.

Здавалася б, у Беларусі цяпер пануюць жах, масавы страх і няпэўнасць у заўтрашнім дні, расчараванне і адчай, нявер'е ва ўласныя сілы і ў нейкія перамены да лепшага. І гэта зразумела, бо на гэта на ўсю моц працуе магутная дзяржаўная машына, не абмежаваная ніякімі правіламі, законамі і нормамі. Хоць і застаюцца яшчэ аптымісты, якія вераць у лепшае. З іншага боку, калі не верыць у лепшае, не мець надзеі, то навошта наогул жыць? Таму верым. І жывем.

Генадзь Кеснер

Казаць праўду і не баяцца

Многія людзі, які застаюцца ў Беларусі, мучаюцца пытаннямі — што будзе і што рабіць. Ведаю, што мучаюцца і тыя, хто за мяжой, але для тых, хто ўнутры, яны больш вострыя. Мы многа гатовыя зрабіць і для сваіх родных за кратамі, і для Беларусі, але мы дайшлі да такой мяжы, калі мы стаім знясіленыя і не ведаем, што рабіць, мы гатовыя ўсё аддаць, але не ведаем, што.

Наша барацьба, тут, у Беларусі, перайшла ў пэўным сэнсе ў духоўную сферу, калі кожнаму сумленнаму чалавеку баліць, калі кожнаму даводзіцца змагацца са сваім страхам і са сваім бяссіллем. Гэта змрочны час, але ў моманты чалавечага бяссілля Бог працуе з сэрцамі. І гэтая праца, трансфармацыя — яна відавочная цяпер, яна кідаецца ў вочы. Я бачу, як людзі змяняюць сваё стаўленне да беларускай мовы, як адгукаюцца многім беларусам словы пра веру. Раней такога не было. Таму я думаю, нам усім зараз трэба імкнуцца рабіць 4 рэчы.

Па-першае, казаць праўду і не ісці на супрацу са злом у любой яго праяве, нават самай дробнай. Па-другое, старацца не баяцца. Па-трэцяе, размаўляць па-беларуску: беларуская мова цяпер — гэта наша зброя і наша абарона, беларуская мова цяпер — гэта як белы бранзалет летась. Па-чацвёртае, верыць і спадзявацца на Бога. Якраз вера і мова — цяпер, у час чакання, — гэта найважнейшыя чыннікі. Чым хутчэй беларусы пачнуць размаўляць па-беларуску і павераць, тым хутчэй мы пераможам.

Мне так бачыцца... Павел Севярынец падкрэслівае ў сваіх адкрытых зваротах з-за кратаў, што наша нацыянальная ідэя сканцэнтравалася цяпер у кароткі выраз — гэта Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску.

Вольга Севярынец

Душа народа застаецца

Апошні год можна аднолькава назваць і самым трагічным, і самымі натхняльным у гісторыі незалежнай Беларусі. Год таму мы займелі надзею і адчулі сябе нацыяй. Год таму нас жорстка падманулі, многія зведалі катаванні, зняволенне, у кагосьці забралі жыццё. Хтосьці за гэты год зразумеў, што ён здольны на многае. Нехта ўсвядоміў, што ў яго не засталося нічога — у тым ліку і радзімы.

Аднак, калі прыслухацца да ўнутраных адчуванняў, становіцца зразумела, што там ёсць крыўда, злосць, непрыманне, чаканне, надзея. Але няма страху — бо мы ўжо прайшлі паскораны курс пекла. Няма адчаю — бо мы бачылі, як нас шмат і на што мы здольныя.

Адназначна можна сказаць толькі тое, што гэты год зрабіў у нас незваротныя ўнутраныя змены. Мы ўжо ніколі не павернем назад, да колішняй абыякавасці і бяссілля. Так, хуткай перамогі не адбылося, дый не магло адбыцца — гэта было б няправільна і супярэчыла б законам гісторыі. І цяпер нам часам здаецца, што мы разбітыя і знясіленыя, застрашаныя і выціснутыя з роднай краіны. Але кожны новы дзень сведчыць, што мы застаемся няскоранымі і свабоднымі ўнутрана.

Краіна — гэта народ. І толькі захоўваючы ўнутраную свабоду і прыгажосць, транслюючы яе навокал, перадаючы сваім дзецям, мы зможам атрымаць тую краіну, пра якую марым, — вольную і шчаслівую. Бо любыя ўлады ўрэшце сыходзяць, хочуць яны таго ці не. А душа народа застаецца.

Дзіяна Серадзюк

«Все одно — добро закохає зло!»

Не трэба быць сур'ёзным аналітыкам, каб год таму прадказаць, што перамога хуткай не будзе.

Ці чакаю я нейкіх радыкальных перамен у хуткай будучыні? Хутчэй не. Больш за ўсё не хочацца варыянту, калі ўсё прыйдзе ва ўмоўную раўнавагу. Людзі будуць кропкава супраціўляцца, грамадзянскую супольнасць будуць паступова зачышчаць, пройдзе чарговая хваля рэпрэсій, пад якую трапяць тыя, каго пакуль абмінула.
Эканоміка руйнуецца, беларуская палітыка, дыпламатыя пераўтвараюцца ў фарс. І так, людзі з'язджаюць.

За апошні год краіну пакінулі не менш за пару дзясяткаў тых, каго я ведаю асабіста. Сярод іх, дарэчы, і мой старэйшы сын, які працуе ў адной з апальных рэдакцый. Я ведаю, што вымушаная эміграцыя для яго — вялікае выпрабаванне. Хоць, з іншага боку, і магчымасць для развіцця. Але больш за ўсё ён хоча вярнуцца.

Калі апаноўвае паняверка, я адкрываю леташнія публікацыі на сайце «Новага Часу» — рэпартажы з мітынгаў і ашаламляльных маршаў, прыгожых ланцугоў, якія злучалі цэлы горад, і дваравых акцый. Гартаю фотаздымкі Дзмітрыя Дзмітрыева, гляджу ў твары людзей, якія год таму паверылі ў сябе і перасталі баяцца. Шчаслівыя, натхнёныя, поўныя надзеі. Куды ўсё гэта падзелася?

Так, няма вялікіх маршаў, вокны дамоў даўно не ўпрыгожваюць «па схеме бчб», і нават белыя аркушы па-за законам. Але дагэтуль шпацыруюць жанчыны з белымі і чырвонымі парасонамі, трывае «ціхі супраціў», а падтрымка зняволеных стала асобнай формай нашай салідарнасці. Мой малодшы сын па сваёй ініцыятыве вітае суседзяў воклічам «Жыве Беларусь!» і фарбуе сусветы ў Майнкрафце бел-чырвона-белым.

Апошнія месяцы маёй асабістай мантрай сталі радкі з песні ўкраінскага гурта ТНМК: «Щоб там не було, як би не було, все одно — добро закохає зло!» Мы моцна змяніліся год таму, супрацьпаставіўшы дабро злу. Так, пэўная частка тых, хто тады радасна махаў сцяжкамі, цяпер вярнулася да «звычайнага жыцця». Балюча за тых, хто сядзіць ці вымушана з'ехаў. Але агулам грамадства ўжо іншае. Можна закрыць рэдакцыю тут, але яна знойдзе магчымасць працаваць на Беларусь дзесьці там. Можна зачысціць грамадскія арганізацыі — але ж людзі застануцца! Мы рухаемся наперад, хоць і не так хутка, як хацелася. І я ведаю, што наш галоўны Марш яшчэ будзе.

Анастасія Рубанава

Інакш і быць не магло?

Ці так ужо складана было прадказаць развіццё падзей год таму? Хутчэй не, чым так — як казаў герой пісьменніка Юрыя Палякова. На сённяшні розум, дык часам увогуле падаецца, што аніяк інакш яно і быць не магло. Бо фармацыі не змяняюцца ў адзін момант. І хто там першы вымавіў, што бягучыя працэсы ў Беларусі — гэта марафон, а не спрынт? А марафон — справа доўгая і працаёмкая.

Год таму мой галоўны пасыл — Рубікон пяройдзены, і краіна больш не будзе ранейшай. То так. Столькі ўсяго мінула за гэтыя дванаццаць месяцаў. Столькі новага даведаліся адзін пра адно ўлада і грамадства. Столькі чырвоных ліній сцерлася і пад чорнымі берцамі сілавікоў, і пад «конверсамі», што знакаміта скідвалі пратэстоўцы, эстэтычна ўзыходзячы на тыя муніцыпальныя лаўкі… Зноў звязаць вузельчыкі пасля ўсяго перажытага — не, рассечанае не звязваецца.

Год таму галоўная думка — «дзейная ўлада мае дастаткова знешніх рэсурсаў і ўнутраных рэзерваў, каб сябе абараніць». То зноў так, хаця, зразумела, ва ўсяго ёсць цана, і ў «вышэйшых эшалонах» не могуць не разумець, што ў методыках «нармалізацыі» атрымаўся грандыёзны перабор. Тысячы крымінальных спраў, дзясяткі тысяч спраў адміністрацыйных, а колькасць палітычных эмігрантаў нават страшна сабе ўявіць. Плюс санкцыі, міжнародная ізаляцыя і супрацьстаянне заходняй цывілізацыі на мяжы халоднай вайны. Цана, канешне, выявілася спусташальнай, але ж гуляць дык гуляць.

Год таму галоўны сэнс — немагчыма ісці супраць законаў гісторыі. І зноў слушна, бо гісторыя, кажуць, навука дакладная, і адвярнуць яе кола ў зваротны бок яшчэ нікому не ўдавалася. Ёсць адчуванне, што гэта — хай і кожны па-свойму — разумеюць абодва бакі. Іншая справа: ніхто не ведае, калі перавернецца беларускі пясочны гадзіннік. У гэтай частцы дакладнасці навуцы гісторыі бракуе, і аніякі Шрайбман акуляр тут на рэзкасць не навядзе.

Таму надалей — лепш без прагнозаў, бо яны маюць уласцівасць збывацца. Лепш — проста верыць у разумнае, добрае і вечнае. Проста ведаць, што яно аднойчы надыдзе. Проста жыць.

Сяргей Кайко

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: