Ці прымусіў расійскі бок Лукашэнку ўступіць у вайну?

Навошта ў Мінск прыязджаў міністр абароны Расіі? Аляксандр Класкоўскі лічыць, што «няма відавочных сведчанняў таго, што Пуцін так ужо выкручвае рукі Лукашэнку». Усё можа быць больш празаічна і не так сенсацыйна.

tytanik.jpg

3 снежня Сяргей Шайгу прыехаў з візітам у Мінск, дзе сустрэўся са сваім беларускім калегам Віктарам Хрэніным і з Аляксандрам Лукашэнкам. Па выніках сустрэчы Шайгу і Хрэнін падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у міждзяржаўнае пагадненне аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы.

Акрамя гэтага, беларускі кіраўнік у чарговы раз запэўніў Расію, што «абаронцы Саюзнай дзяржавы змогуць адбіць любую агрэсію» і што «Беларусь выконвае ўсе планы, узгодненыя з прэзідэнтам Расіі».

«Салідарнасць» папрасіла пракаментаваць візіт Шайгу ў Беларусь палітычнага аналітыка праекта «Позірк» Аляксандра Класкоўскага.

klaskouski_3.jpg

— Трэба адзначыць, што гэты візіт выклікаў фурор сярод аглядальнікаў, бо за ім цягнецца канспіралагічны след, — кажа эксперт. — Тут можна ўспомніць аб нашумелай публікацыі Robert Lansing institute, якая ашаламіла публіку інфармацыяй пра меркаваную ліквідацыю Лукашэнкі Масквой, каб паставіць на яго месца Станіслава Зася і каб беларускае войска нарэшце ўступіла ў вайну. На наступны дзень пасля гэтай публікацыі памёр Уладзімір Макей.

Гэта значыць вось такі канспіралагічны шлейф цягнуўся за візітам Шайгу, што таксама выклікала веер каментароў, у якіх дамінуе тое, што Пуцін даціснуў Лукашэнку ў плане ўступлення беларускага войска ў вайну, а Шайгу прыляцеў утрасаць нейкія дэталі.

Аднак, як лічыць Класкоўскі, калі адкінуць усю канспіралогію, якая выклікае вялікія пытанні, то ўсё можа быць больш празаічна і не так сенсацыйна.

— Нягледзячы на тое, што Шайгу прыляцеў у пажарным рэжыме ў выхадны дзень, журналісты прааналізавалі перадгісторыю: Пуцін яшчэ ў жніўні падпісаў распараджэнне правесці перамовы на тэму змяненняў у пратаколе, які ў выніку падпісалі два міністры абароны.

Далей уважлівыя назіральнікі адзначылі: на гэтых перамовах з беларускага боку былі віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык, які адказвае за прамысловасць, і старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус. Таму некаторыя эксперты зрабілі высновы, што на гэтай сустрэчы, хутчэй за ўсё, гаворка ішла аб забеспячэнні Расіі ўзбраеннямі і прадукцыяй падвойнага прызначэння.

Такую выснову зрабіў і Павел Латушка: ён заявіў, што змены гэтага пагаднення могуць тычыцца вытворчасці абсталявання і ўзбраенняў у Беларусі. Гэта цалкам праўдападобная версія, зыходзячы з сутнасці гэтага пратаколу і з таго, што не маглі ў гэтым пратаколе запісаць «з такога дня мы нападаем з поўначы на Украіну». А вось што тычыцца вытворчасці ўзбраенняў — гэта магчыма.

Мы ведаем, што расійскае войска панесла вялікія страты не толькі ў жывой сіле, але і ў тэхніцы, і ў боепрыпасах.

А вось пытанне, ці прымусіў расійскі бок Лукашэнку ўступіць у вайну супраць Украіны наўпрост (гэта значыць, адправіць туды беларускія войскі), на думку аналітыка, застаецца адкрытым.

Класкоўскі лічыць, што гэта не выключана, але візіт Шайгу ў Мінск не абавязкова павінен пра гэта сведчыць.

— Вядома, Масква напэўна хацела б, каб Беларусь больш актыўна ўдзельнічала ў гэтай «аперацыі». Хоць можна толькі гадаць і ўзважваць, якім чынам.

 

Ва ўсякім выпадку гэтыя інтрыгуючыя версіі, што Крэмль нібыта саспеў для ліквідацыі Лукашэнкі і для таго, каб паставіць на яго месца Зася або Вальфовіча, выглядаюць не вельмі пераканаўчымі.

У прыватнасці, узнікае пытанне: а як можна таго ж Зася паставіць на чале Беларусі? Не напіша ж Пуцін указ паставіць свайго стаўленіка на чале іншай краіны.

І нягледзячы на тое, што наконт незалежнасці Беларусі можна спрачацца, усё ж дзейнічае Канстытуцыя, якая прадугледжвае, што ў выпадку смерці прэзідэнта яго абавязкі часова выконвае старшыня Савета Рэспублікі або, калі відавочна, што смерць гвалтоўная, то паўнамоцтвы пераходзяць да Савета Бяспекі.

Гэта значыць, ёсць людзі, гатовыя падхапіць уладу пасля Лукашэнкі, а Зась сёння — гэта нават не беларускі чыноўнік. Каб паставіць сваю марыянетку, Маскве неабходна рэальна акупаваць Беларусь і замяніць усю адміністрацыю.

На мой погляд, Пуціну прасцей даціснуць Лукашэнку, каб той уступіў у вайну, чым ладзіць аперацыю па яго ліквідацыі.

Акрамя гэтага, Аляксандр Класкоўскі лічыць, што ў Пуціна больш магчымасцей ціснуць на Лукашэнку, чым у міністра Шайгу. Гэта значыць, што расійскі прэзідэнт можа сказаць яму ўсё неабходнае сам-насам, улічваючы іх частыя сустрэчы і тэлефонныя размовы, і для гэтага зусім не абавязкова дасылаць Шайгу.

Наконт версіі, што Лукашэнка сёння нібыта гераічна адбіваецца ад спроб Расіі прыцягнуць беларускае войска для ўдзелу ў вайне, эксперт выказваецца так: «Ёсць толькі здагадкі, але няма відавочных сведчанняў таго, што Пуцін так ужо выкручвае рукі Лукашэнку».

— Так, нейкія дыскусіі на прадмет Украіны паміж імі адбываюцца. Можна меркаваць, што Пуцін хацеў бы больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў гэтай «аперацыі». Але мы бачым: Лукашэнка выкарыстоўвае ў тым ліку публічна нейкія аргументы накшталт таго, што наша армія павінна ў першую чаргу знаходзіцца на заходнім рубяжы, каб супрацьстаяць магчымаму натаўскаму нападу.

У ліку іншага Лукашэнка падчас сустрэчы з Шайгу заявіў, што ні ён сам, ні спецслужбы не бачаць, каб Украіна была гатовая да перамоў. Гэта значыць, «Спецыяльная ваенная аперацыя» не спыніцца. На думку Класкоўскага, такімі заявамі Лукашэнка працягвае агучваць наратывы расійскай прапаганды.

— Многія аглядальнікі адзначаюць, што ў апошні час Лукашэнка стаў рупарам Пуціна і Крамля. Раз-пораз ён артыкулюе нейкія заявы, якія, можа быць, самому Пуціну нязручна рабіць, бо калі ён будзе казаць пра неабходнасць перамоў, то гэта ўскосна будзе сведчыць, што Маскве не ўдаецца дасягнуць мэт сваёй вайсковай авантуры.

Таму Лукашэнка ў нейкай ступені прасоўвае наратыў Крамля і расійскай прапаганды, таму што, відавочна, расійскаму боку патрэбна нейкая перадышка, каб папоўніць часткі жывой сілай і тэхнікай, робіць выснову эксперт.

gazetaby.com

Пераклад «НЧ»