Добраахвотнік з батальёна Каліноўскага: Наступная мэта пасля вызвалення Украіны — вызваленне Беларусі

Расія напала на Украіну 24 лютага. А 25 лютага беларусу Глебу Гунько споўнілася 18, і на наступны дзень ён запісаўся на вайну добраахвотнікам. Праз два тыдні далучыўся да беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага, пазней удзельнічаў у вызваленні Бучы і атрымаў раненне.

hleb_hunko_bataljon_kalinouskaha_novy_czas5_1.jpg

«Амапавец ударыў мяне галавой аб аўтазак і сказаў, што заб’е»

Глеб Гунько быў вымушаны пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед у верасні 2020 года. Тады хлопцу было 16 гадоў, але ён прайшоў праз затрыманне і Акрэсціна. Хаця гісторыя яго асабістага супраціву сістэме пачалася нашмат раней, калі Глебу было 13.
— Усё пачалося яшчэ ў 2017 годзе, калі мой прыёмны бацька Дзмітрый Галко першы раз прывёў мяне ў Курапаты, — распавядае Глеб. — Пасля гэтага я паглыблена пачаў цікавіцца гісторыяй і хацеў звязаць з ёй далейшае жыццё. Удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй у 2019 годзе.

Разам cа Змітром Галко

Разам cа Змітром Галко

Хлопец удакладняе, што стаў тым, хто ён ёсць, менавіта дзякуючы журналісту Дзмітрыю Галко, таму лічыць яго бацькам. У Глеба ёсць родная мама, і да нядаўняга часу яна не ведала, што сын паехаў ва Украіну. Калі даведалася — расстроілася, бо вельмі за яго перажывае. Але, перакананы Глеб, у глыбіні душы яна яго падтрымлівае.
— Яна разумее, што я не змог бы проста сядзець склаўшы рукі і бяздзейнічаць, — перакананы Глеб.
10 жніўня 2020 года хлопец разам з сябрам, 17-гадовым сынам Дзмітрыя Галко Янам, вяртаўся з Мінска ў Фаніпаль, дзе тады жыў. У акцыях пратэсту ён тады яшчэ не ўдзельнічаў. Хлопцы прыйшлі на вакзал, селі на лаўку побач з перонам, і тут да іх падбеглі двое амапаўцаў. Яны запатрабавалі адкрыць заплечнікі і паказаць тэлефоны.
— Спачатку я адмаўляўся паказаць тэлефон, потым усё ж паказаў, а калі палез у заплечнік, на мяне надзелі кайданкі і павялі ў аўтазак, — успамінае Глеб. — Па дарозе я ішоў праз лінію амапаўцаў, глядзеў ім у вочы, і калі ўжо мяне падвялі, адзін з іх выйшаў, ударыў мяне галавой аб аўтазак і сказаў, што мяне заб’е.
Нягледзячы на тое, што хлопцы адразу паведамілі свой узрост, іх павезлі на Акрэсціна. Калі выходзілі з аўтазака, іх білі дубінкамі, у выніку Глеб атрымаў траўму калена. Усю ноч яны прастаялі на каленях, калі засыналі, іх білі прыкладамі і берцамі, не даючы спаць. Па словах Глеба, сярод затрыманых было больш за дзясятак непаўналетніх.
Раніцай іх адпусцілі, але бацькам ніхто не паведаміў пра затрыманне дзяцей. Глеб адразу паехаў да ўрача, каб зафіксаваць атрыманыя пашкоджанні. Пасля гэтага родныя напісалі заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу на сілавікоў. Вядома, што адказ СК быў адмоўны.

На другі дзень вайны, справіўшы паўналецце, запісаўся добраахвотнікам

hleb_hunko_bataljon_kalinouskaha_novy_czas6.jpg


З’ехаць Глеб вырашыў пасля таго, як у верасні яму прыйшла позва ў ваенкамат, а таксама на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. У ваенкамат ён, праўда, схадзіў, дзе паслухаў прафілактычную лекцыю пра тое, як трэба любіць дзяржаву і яе кіраўніка.
Неўзабаве хлопец даведаўся, што з’ехаўшы, прыняў правільнае рашэнне: да яго дадому прыйшоў ГУБАЗіК.
— Мы вельмі хутка зрабілі візу і выехалі ў Літву, а адтуль у Польшчу. Спачатку было крыху незразумела, куды мы едзем і навошта. Але потым прыйшло ўсведамленне, што гэта трэба, бо ў Беларусі будучыні ў мяне не было. Праз мае апазіцыйныя погляды мяне выгналі са школы, калі я скончыў 9 класаў, з жахлівым атэстатам — у далейшым я мог бы вучыцца хіба ў нейкім ПТВ. А я бачыў для сябе зусім іншыя перспектывы.
З 11 верасня 2020 года да 8 сакавіка 2022 Глеб жыў у Польшчы. Ён вучыўся ў ліцэі і падпрацоўваў, меў нармальнае жыццё, перспектывы на будучыню і нават магчымасць дапамагаць маці. Але як толькі з’явіліся чуткі пра тое, што Расія рыхтуе напад на Украіну, Глеб напісаў пост у Facebook, што ў выпадку нападу ён паедзе на дапамогу ўкраінскім братам.
— Я напісаў гэта 16 лютага, а 24 пачалася вайна. 25 чысла мне споўнілася 18 гадоў. Я адразу запоўніў заяўку на ўступленне ў Тактычную групу «Беларусь», бо батальёна Кастуся Каліноўскага тады яшчэ не было, ён сфарміраваўся толькі 8 сакавіка. Мяне запісалі добраахвотнікам. Тэлефанаваў куратар арганізацыі і праводзіў са мной інтэрв’ю. Такая невялікая верыфікацыя: хто я, чаму з’ехаў з Беларусі, намагаліся зразумець, прыняў я рашэнне з глупства ці свядома. У выніку мне далі дабро.

«Ляжыць труп — а ў пяці метрах ад яго бегаюць дзеткі, машуць нам, радуюцца»

Прыехаўшы 8 сакавіка ў Львоў, Глеб далучыўся да навастворанага батальёна Каліноўскага. Ён гаворыць, што напачатку вайны яшчэ сустракалася негатыўнае стаўленне да беларусаў сярод украінцаў. Але з цягам часу яно знікла — у тым ліку дзякуючы працы медыйнай групы пры батальёне, якая даводзіць да ўкраінцаў, што беларусы — на іх баку.

hleb_hunko_bataljon_kalinouskaha_novy_czas4.jpg


Яшчэ знаходзячыся ў Польшчы, Глеб наведваў заняткі па медыцынскай і тактычнай падрыхтоўцы, а далейшыя вайсковыя навыкі ён атрымаў, прыехаўшы ва Украіну.
— Вайна ў XXI стагоддзі — гэта тое, што галавой зразумець немагчыма. Таму я не ведаў, што тут будзе. Толькі калі ўбачыў усё на ўласныя вочы, у мяне пачала складвацца карцінка, — прызнаецца хлопец.
Страху не было, гаворыць Глеб. Ён тлумачыць гэта тым, што вельмі моцна матываваны дапамагаць украінцам. Хаця разумее, што на вайне можа здарыцца ўсё, што заўгодна.

hleb_hunko_bataljon_kalinouskaha_novy_czas1.jpg

Хаця суразмоўца ўсё ж зазначае, што яму давялося ўбачыць тое, што яго моцна ўразіла і што застанецца ў яго памяці назаўсёды.
— Калі мы ўязджалі вызваляць Бучу, я на свае вочы бачыў трупы, у метры ад мяне — чалавека, які ехаў на ровары і яго забіла мінамётам. Далей — яшчэ адзін чалавек з прабітай галавой. І вось ляжыць труп — а ў пяці метрах ад яго бегаюць дзеткі, машуць нам, людзі сустракаюць, усміхаюцца, радуюцца… І я ў чарговы раз зразумеў, што я ў патрэбным месцы і буду выконваць сваю працу.
Глеб тлумачыць: у Бучы задачай батальёна была зачыстка горада ад расійскіх ваенных, якія яшчэ маглі там заставацца.

Атрымаў раненне і зноў гатовы ў бой

Хлопец прызнаецца, што яму пакуль яшчэ не даводзілася страляць у чалавека. Хоць ужо быў на мяжы, калі гатовы быў стрэліць, але тады патрэба ў гэтым адпала. Па словах Глеба, маральна ён да гэтага падрыхтаваны. А вось сам ён нядаўна паспеў атрымаць раненне.
— Ад 1,5 да 4 метраў ад мяне ўпаў снарад, і я атрымаў невялікую траўму галавы, посттраўматычны сіндром. Але цяпер ужо ўсё добра — здаровы, адчуваю сябе выдатна і гатовы далей выконваць задачы, — з аптымізмам гаворыць Глеб.

hleb_hunko_bataljon_kalinouskaha_novy_czas2.jpg

Пакуль хлопец настроены далей абараняць Украіну. Але ў будучыні хацеў бы вярнуцца да атрымання адукацыі і працаваць па якой-небудзь з мірных прафесій, магчымасць атрымаць якія дае яго ліцэй у Польшчы: гісторыка, палітолага ці юрыста.
Глеб яшчэ не ведае, ці звяжа сваё далейшае жыццё з Украінай. Але пакуль ён адчувае толькі неймавернае прыцягненне гэтай зямлі.
— Я вельмі люблю Украіну. Хоць быў тут усяго два разы, але адразу закахаўся. Тут паўсюль лунае свабода. У Польшчы такога, на жаль, няма. А для мяне свабода — самае важнае, што ёсць у гэтым свеце.
На развітанне суразмоўца гаворыць, што ў будучыні ёсць у яго і планы, звязаныя з радзімай. Прынамсі, наступная мэта батальёна Каліноўскага пасля вызвалення Украіны — вызваленне Беларусі.