Эксперт: На Лукашэнку праліўся грашовы дождж — яму не да вайны

Падзенне ўкраінскай ракеты на Брэстчыне не стане Casus belli — нагодай да вайны. Пры адбіванні далейшых ракетных удараў па тэрыторыі Украіны залёт ракеты можа паўтарыцца. Так лічыць ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

000022_0d5f0416546b3bc34325892700463620_318535_jarss_1.jpg


29 снежня ў прамежку паміж 10 і 11 гадзінамі на тэрыторыі Беларусі ўпала ўкраінская ракета комплексу С—300. Тэлеграм—канал «Пул першага» назваў дзве асноўныя версіі здарэння:

  • залёт ракеты на тэрыторыю Беларусі, аналагічны нядаўняму інцыдэнту ў Польшчы, калі ракета паляцела не ў той бок;
  • ракета збітая ў выніку працы сістэм СПА Беларусі.

Пацярпелых няма, абставіны надзвычайнага здарэння высвятляюцца.
Аднак чужая ракета, якая прызямлілася на беларускай тэрыторыі, на фоне гіперактыўных сакрэтных стасункаў і перамоў паміж Лукашэнкам і Пуціным, выклікала абгрунтаваную трывогу. Першая думка: ці не стане «ўкраінская ракета» нагодай для ўступлення беларускага войска ў прамую вайну?  
Паспрабавалі разабрацца з ваенным экспертам Аляксандрам Алесіным — што ж насамрэч адбылося?
— Ёсць рэальныя факты. Уся паветраная прастора паміж Беларуссю і Украінай пакрытая радыёлакацыйнымі станцыямі, створанае суцэльнае радыёлакацыйнае поле, якое дазваляе дакументальна пацвердзіць, адкуль прыляцела ракета.
Факты: ракета была, ракета прыляцела з Украіны, ракета збітая сродкамі СПА Беларусі.
А цяпер паспрабуем разабрацца, што магло адбыцца.
Эксперты схіляюцца да версіі, што прычынай надзвычайнага здарэння стала дрэнная якасць ракеты, якая зробленая яшчэ ў савецкія часы, гэта значыць, не пазней за 1990 год; найбольш верагодна, што гэтая ракеты выпушчаная ў перыяд з 1982 па 1990 год расійскім заводам, ці, дакладней, савецкім заводам. Гарантыйны тэрмін захоўвання, на працягу якога яна павінна быць выкарыстаная, — 10 гадоў. 10 гадоў яна захоўваецца ў герметычным кантэйнеры; пасля заканчэння гэтага тэрміну ракета адпраўляецца на завод-вырабнік, капсула ўскрываецца, усе сістэмы правяраюцца, робіцца капітальны рамонт — і тэрмін эксплуатацыі працягваецца яшчэ на некаторы час, не на ўвесь гарантыйны тэрмін, а гадоў на пяць.
Дык вось, з моманту верагоднага вырабу ракеты да сёння прайшло тры гарантыйныя тэрміны, кожны з якіх патрабаваў праверкі і рамонту ракеты. То-бок, фізічна гарантаваць тэхнічны стан ракеты проста немагчыма.
Апрача таго, пад пытаннем і стан цвёрдага ракетнага паліва. Магла адбыцца хімічная рэакцыя, якая магла зрабіць цвёрдае ракетнае паліва непрыдатным — ці часткова, ці цалкам.
Невядома, у якім стане за такі доўгі час сістэма навядзення ракеты і галоўка саманавядзення: мікраэлектроніка таксама магла сапсавацца.
Галоўная версія інцыдэнту такая: пры адбіцці расійскай ракетнай атакі ўкраінская ракета С-300 магла выйсці з-пад кантролю і ўпала на тэрыторыі Іванаўскага раёна. Альбо па прычыне нераўнамернага згарання цвёрдага ракетнага паліва, або па прычыне збою ў сістэме навядзення.
Праўда, ёсць адно але: калі ракета, выпушчаная з комплекса С-300, адхіляецца ад мішэні, то яна самаліквідуецца, каб не нанесці ўрон на сваёй тэрыторыі. Але за 30 гадоў і блок самаліквідацыі мог выйсці са строю.
Версія нумар адзін: міжвольны залёт ракеты на беларускую тэрыторыю пры адбіцці расійскай ракетнай атакі.
Ёсць і яшчэ адзін варыянт, які разглядаюць эксперты. Гэта — свядомая спроба праверыць эфектыўнасць комплексаў С-400, пра пастаноўку на баявое дзяжурства якіх Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Пуціным. Прагучала версія, што ўкраінская ракета свядома накіраваная на беларускую тэрыторыю, каб засекчы месцазнаходжанне лакатараў, засекчы частоты, а заадно і праверыць гатоўнасць сістэмы СПА.
Пра харошую гатоўнасць сістэмы СПА-ПРА сведчыць яе хуткая рэакцыя і ліквідацыя ракеты.
А зусім нядаўна я пачуў і трэцюю версію. Маўляў, ніякіх спецыяльных мэтаў не пераследавалася, гэта звычайная правакацыя, каб уцягнуць Беларусь у прамое ваеннае процістаянне з Украінай. Можна падумаць, што Украіна толькі спіць і бачыць, каб уцягнуць Беларусь у прамое ваеннае процістаянне.
Мяркую, гэты інцыдэнт выкліча многа шуму ў СМІ, дэпутаты будуць кляйміць «варожую Украіну», можа, сам Лукашэнка жорстка выкажацца з гэтай нагоды. Але ў выніку інцыдэнт спусцяць на тармазах. Лукашэнка не зацікаўлены ваяваць: калі на яго пасыпаліся такія грошы, іх трэба асвойваць. Расія ніколі не была такой шчодрай: яна выдзяляла рэсурсы беларускаму кіраўніцтву дазіравана і пад строгім кантролем, каб трымаць беларускага кіраўніка на кароткім ланцугу. Цяпер жа Пуцін мусіць купляць лаяльнасць Лукашэнкі. І праўда, Расіі не выпадае будаваць уласныя заводы пад час вайны — гэта марная трата часу, а беларускія заводы могуць выпускаць тавары ваеннага і двайнога прызначэння: і мікраэлектроніку, і сродкі радыёлакацыйнай барацьбы, і оптавалаконнае абсталяванне для спадарожнікавай разведкі, і шасі, на якіх ездзяць расійскія «Уралы» і «КамАЗы». На Лукашэнку пасыпаўся залаты дождж, якога ён чакаў усё сваё праўленне.
Так што падзенне ўкраінскай ракеты не стане Casus belli — нагодай да вайны.
— Прылёт украінскай ракеты — выпадковасць ці заканамернасць? Калі ракета заляцела на тэрыторыю Беларусі адзін раз, то гэта можа і паўтарыцца…
— І Кіеў, і шэраг важных гарадоў Заходняй Украіны знаходзяцца не так далёка ад беларускай мяжы. А радыус дзеяння ракеты комплекса С-300 — 200 кіламетраў. Не выключана, што пры адбіванні наступных ракетных атак Расіі такі залёт можа паўтарыцца. І нават атрыманне адной-дзвюх батарэй комплексаў «Пэтрыёт» не змогуць цалкам абнавіць усю ўкраінскую сістэму СПА-ПРА, цалкам замяніць састарэлыя комплексы савецкіх часоў не атрымаецца.