Ізаляцыя актывістаў перад выбарамі працягваецца

Другога і трэцяга жніўня ў Беларусі працягваецца пераслед актывістаў. Некаторых затрымліваюць і адпраўляюць у ізалятары для адбыцця раней прысуджаных арыштаў, над іншымі праходзяць суды па адміністрацыйных справах.


Мінск

Увечары другога жніўня на выхадзе з парку Грэкавай у Серабранцы затрымалі актывіста "Народнай грамады", давераную асобу Святланы Ціханоўскай Валянціна Троцкага. Яго даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна. Вядома, што ў актывіста засталіся 15 "неадседжаных" сутак арышту, таму з вялікай верагоднасцю ён будзе іх адбываць.
Таксама стала вядома пра затрыманне паэта Анатоля Кудласевіча, якому раней прысудзілі 10 сутак арышту. Вядома, што ён знік, калі гуляў ва двары з сабакам. На наступны дзень яго сваякам пацвердзілі, што ён знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Аналагічная сітуацыя адбылася з актывістам Андрэем Шыпуліным, у якога засталіся неадбытымі 10 сутак арышту. Яго таксама затрымалі, калі ён выйшаў гуляць з сабакам.
Кандыдатка ў прэзыдэнты Святлана Ціханоўская падчас наведвання Баранавічаў паведаміла пра затрыманне блогера Мікалая Маслоўскага.
За расклейку плакатаў увечары ў нядзелю быў затрыманы Андрэй Клінцоў. Вядома, што яго даставілі ў РУУС Першамайскага раёна і не адпусцілі. У суботу за расклейку сцікераў з выявай міліцыянтаў быў затрыманы Леанід Скуратовіч. Вядома, што ён знаходзіцца ў ЦІП да суда.

Магілёў

Для адбыцця 15 сутак арышту за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі затрымалі магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча.


Масты

У Мастах працягваецца пераслед Аляксандра Мілюка, рэгіянальнага каардынатара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. На яго ўсё ж склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) па падзеях 3 ліпеня. Тады да Мілюка на вуліцы стаў чапляцца грамадзянін Валянцін Жураўлёў, пасля чаго вельмі хутка пад'ехала міліцыя і затрымала абодвух. Вядома, што Жураўлёву пазней прысудзілі 15 сутак арышту.
Паводле пратаколу, які пазней склала міліцыя, вынікае, што Мілюк "знаходзячыся ў грамадскім месцы...з хуліганскіх памкненняў выказваў відавочную непавагу да грамадства, абразліва чапляўся, хапаў за вопратку і спрабаваў ударыць Жураўлёва, лаяўся нецэнзурнай лаянкай, чым наўмысна парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян". Пры гэтым на відэа, якое здымаў падчас інцыдэнту сам Мілюк, бачна, што ён гэтага не рабіў.
Разгляд адміністрацыйнай справы прызначаны на 14.00 трэцяга жніўня ў судзе Мастоўскага раёна.

Вілейка

У 15.00 трэцяга жніўня прызначаны суд над актывістам Андрэем Кудзікам па ч.1 арт 21.16 КаАП (парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем). Пратакол на Кудзіка быў складзены за тое, што ён “пад гучна граючую музыку стукае невядомым прадметам па вечке рондля”, то бок прымае ўдзел у флэшмобе салідарнасці.

Светлагорск

Трэцяга жніўня адбыліся суды над затрыманымі ў суботу Юліяй Дудко і Арцёмам Данілавым, якія ў той дзень прыйшлі ў РАУС, даведацца пра лёс затрыманых тры дні таму іх сяброў. І ў выніку самі былі затрыманы. Дудко ставілі ў віну парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КаАП), то бок за ўдзел у велапрабегах салідарнасці. У чым абвінавачвалі Данілава, невядома.
Суды прашлі прама ў РАУСе. Юліі Дудко далі 10 сутак арышту. Арцём Данілаў верагодна атрымаў 15 сутак.

Хойнікі

У панядзелак распачаўся суд над затрыманым механізатарам Яўгенам Васільковым, аўтарам Youtube-канала «Хойнікі для жыцця». Ён вядомы сваім эмацыйным выказваннем пра выбары і ўдзел у іх настаўнікаў. Судзяць блогера за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.34 КаАП).

Суд над Яўгенам Васільковым у Хоніках. Фота Леаніда Судаленкі

Суд над Яўгенам Васільковым у Хоніках. Фота Леаніда Судаленкі



Віцебск

3 жніўня ў судзе Чыгуначнага раёна павінен адбыцца разгляд адміністрацыйнай справы, распачатай супраць удзельніцы велапрабегаў салідарнасці Вольгі Бабінскай. Жанчыну затрымалі ўвечары 31 ліпеня і пакінулі на выходныя ў ізалятары.

Кобрын

Мусіць адбыцца суд над затрыманымі ў пятніцу Уладзімірам Нікульшыным і Алегам Барысюком (каардынатар ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы). Вядома, што актывістаў з Кобрынскага ІЧУ даставілі зранку ў суд Кобрынскага раёна, але дакладны час суда пакуль невядомы. Барысюка будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).
spring96.org