«Як не маё, то нічыё». Чаму расейцы бамбяць «Адэсу-маму»?
Ноччу 23 ліпеня Расія ў пяты раз за тыдзень абстраляла Адэсу. «Як і Севастопаль, Адэса займае значнае месца ў фальклоры і міфах расейцаў. І зараз, калі яны вырашылі зруйнаваць горад, каб спыніць працу збожжавага калідора і справакаваць голад у Афрыцы, яны бамбяць свае ўласныя міфы і свой фальклор», — заўважыў у фэйсбуку Андрэй Стрыжак.
«02.05.2014 - 23.07.2023
Трагічныя падзеі на Куліковым полі ў 2014 годзе сталі фактарам, які мабілізаваў многіх адэптаў "рускага міра" на тое, каб далучыцца да атрада Гіркіна і ўключыцца ў расейска-ўкраінскую вайну. Як я называю перыяд 2014-2022 — Малую вайну. Тады гучныя заявы пра вызваленне "рускага горада Адэсы" былі адным з рэфрэнаў маскоўскай прапаганды. Да Адэсы ў маскавітаў ёсць асаблівы сэнтымэнт — горад разбудаваны Екацярынай, як і Мікалаеў, яны лічаць сваімі фарпостамі на Паўночным Прычарнамор’і.
Як і Севастопаль, Адэса займае значнае месца ў фальклоры і міфах расейцаў. І зараз, калі яны вырашылі зруйнаваць горад, каб спыніць працу збожжавага калідора і справакаваць голад у Афрыцы, яны бамбяць свае ўласныя міфы і свой фальклор. Фільмы, раманы, музыку, успаміны пра пляжны адпачынак — агромністы пласт сваёй ідэнтычнасці. Бамбяць Адэсу-маму, Уцёсава, серыял "Ліквідацыя", бычкоў з Прывоза і курортныя раманы з пляжа Аркадзія.
Раз-пораз мяне не пакідае думка пра тое, што імперыя дзейнічае па прынцыпе "як не маё, то нічыё" і нішчыць усё, што ня можа сажраць, але яшчэ можа дацягнуцца. Асаблівую нянавісць у яе выклікае тое "сваё", што вырашыла больш такім ня быць. Менавіта таму такая нянавісць да Ўкраіны, якая вырашыла ня быць часткай "рускага міра". Масква ўспрымае гэта як здраду, бо "сваіх не аддаюць", "сваіх" забіваюць.
Адэса выстаіць і праз сотню год экскурсаводы будуць расказваць не пра бамбардзіроўкі франка-ангельскай эскадры падчас Крымскай вайны, а пра расейскія ракетныя атакі 2023 года. І ўсё так жа будзе свяціць сонейка і будуць шпацыраваць людзі і гандаль на Прывозе будзе такім жа».
Нагадаем, ноччу 23 ліпеня Расія здзейсніла ракетны ўдар па Адэсе. Пашкоджаны жылыя дамы, зруйнаваныя два гістарычныя будынкі: Дом навукоўцаў і Праабражэнскі сабор Украінскай Праваслаўнай Царквы. У саборы пацярпелі праваслаўныя святыні: з-пад завалаў дасталі Каспяроўскі абраз Божай Маці, якая з'яўляецца заступніцай Адэсы.
Ёсць ахвяры і пацярпелыя сярод жыхароў горада. Прынамсі, адзін чалавек загінуў — гэта мужчына 1974 года нараджэння. Яго пасекла аскепкамі. Яшчэ 22 чалавекі траўмаваныя, сярод іх чацвёра дзяцей.
Па словах кіраўніка ваеннай адміністрацыі Алега Кіпра, у бальніцы даставілі 17 чалавек, уключаючы траіх дзяцей ва ўзросце 12 і 17 гадоў. 17-гадовы падлетак знаходзіцца ў рэанімацыі, яго стан цяжкі.