Як украінцы ставяцца да беларусаў. Вынікі апытання паказваюць радыкальную змену

За час вайны істотна пагоршылася стаўленне ўкраінцаў не толькі да Беларусі як краіны, не толькі да Лукашэнкі, але і да жыхароў Беларусі, да народу, піша ў сваім блогу на сайце амерыканскага «экстрэмісцкага» ў Беларусі радыё Юры Дракахруст. Гэта паказваюць вынікі даследавання, якое напрыканцы красавіка сёлета правяла ўкраінская сацыялагічная група «Рэйтынг».

csbfq1111.jpg


І сапраўды — вось як у сакавіцкім апытанні «Рэйтынгу» рэспандэнты ставіліся да Беларусі як краіны.

Графік 1. Сяброўскія-варожыя краіны

Графік 1. Сяброўскія-варожыя краіны

Беларусь ацэньвалі як краіну, у той ці іншай ступені сяброўскую, толькі 7% рэспандэнтаў.

У апытанні ў канцы красавіка «Рэйтынг» высвятляў стаўленне ўкраінцаў да сусветных лідараў.

Графік 2. Стаўленне да сусветных лідараў

Графік 2. Стаўленне да сусветных лідараў

Ва Украіне Лукашэнка цяпер — «Саша 3%». Аляксандра Лукашэнку ацанілі станоўча толькі 3% рэспандэнтаў.

Гэтыя дадзеныя пацвярджаюць другую частку тлумачэння кіраўніка «Рэйтынгу»: «Беларусь як краіна і ўлада — кепская».

Але апытанне «Рэйтынгу», праведзенае напрыканцы красавіка, паказала, што першая частка яго ацэнкі, што для ўкраінцаў «беларусы як народ — добрыя», не зусім дакладная.

У гэтым апытанні задавалася прамое пытанне пра стаўленне рэспандэнтаў да розных групаў людзей.

Графік 3. Як бы вы ацанілі сваё стаўленне да гэтых групаў людзей?

Графік 3. Як бы вы ацанілі сваё стаўленне да гэтых групаў людзей?

Параўнаем цяпер графікі 1-3. Станоўчых ацэнак Лукашэнкі — 3%, Беларусь — сяброўская краіна для 7%, у той ці іншай ступені цёпла ставяцца да жыхароў Беларусі — 22% украінцаў, прыкладна кожны пяты.

Стаўленне да жыхароў Беларусі — у 7 разоў лепшае, чым да Лукашэнкі, і ў 3 разы лепшае, чым да Беларусі як краіны.

Але ў параўнанні са стаўленнем да іншых групаў, якія фігуруюць у графіку 3, да жыхароў Беларусі — стаўленне вельмі кепскае. Горшае, чым да іх, стаўленне — толькі да жыхароў Расіі.

Варта адзначыць, што ўласна этнічнасць і мова не цалкам вызначае стаўленне да адпаведных групаў. Да этнічных расійцаў, якія жывуць ва Украіне, стаўленне заўважна лепшае, чым да жыхароў РФ, хоць таксама не надта цёплае. А стаўленне да расійскамоўных украінцаў дык і вельмі добрае.

Пытанне пра стаўленне да беларусаў як этнічнай групы, а таксама да беларусаў — жыхароў Украіны, у апытанні не задавалася. Але адказы на пытанне пра стаўленне да жыхароў Беларусі — паказальныя і, так выглядае, вызначальныя. Магчыма, што калі б спыталіся пра стаўленне да беларусаў, што жывуць ва Украіне, яно было б лепшае, чым да грамадзян Беларусі. Але наўрад ці кардынальна лепшае.

Звяртае на сябе ўвагу, што частка «жыхароў акупаванага Крыму» і «жыхароў так званых ДНР/ЛНР» са зброяй у руках ваюе з Украінай, жыхары Беларусі — не ваююць. А стаўленне да іх — крыху горшае, чым да «жыхароў так званых ДНР/ЛНР», і значна горшае, чым да «жыхароў акупаванага Крыму».

Наступны графік дэманструе дынаміку стаўлення да некаторых з групаў, якія фігуруюць на графіку 3.

Графік 4. Дынаміка стаўлення

Графік 4. Дынаміка стаўлення

Як бачым, за год пазітыўнае стаўленне да жыхароў Беларусі абрынулася, зменшыўшыся ў 3 разы. На графіку 4 цікава адзначыць паляпшэнне стаўлення да расійскамоўных украінцаў. Яно істотна палепшылася ў параўнанні з 2021 годам, і крыху, але заўважна, палепшылася нават падчас вайны — з сакавіцкага да красавіцкага апытання.

Калі гаварыць пра сувязі стаўлення да жыхароў Беларусі з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі, то яны нязначныя. Крыху цяплей ставяцца да іх жыхары поўдня Украіны, людзі сталага веку, тыя, хто дома размаўляе па-расійску, і этнічныя расійцы — жыхары Украіны.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што за час вайны істотна пагоршылася стаўленне ўкраінцаў не толькі да Беларусі як краіны, не толькі да Лукашэнкі, але і да жыхароў Беларусі, да народу.

Украінскія ўлады, украінскія палітыкі збольшага такога стаўлення да беларусаў не дэманструюць. Але і яны бяруць пад увагу грамадскую думку, якую адлюстроўваюць — у прыватнасці, і сацыялагічныя апытанні.