Юрыст: Вайскоўцы нясуць адказнасць за выкананне злачынных загадаў
Юрыст Дзмiтрый Лаеўскi распавядае, чаму беларускiя вайскоўцы нясуць адказнасць у выпадку выканання загаду вайсковай дзейнасцi ва Украiне.
Абстрэл жылых дамоў у спальных раёнах украінскіх гарадоў рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню расійскай арміі ... Неймаверна, але факт - разбурэння жылля і забойствы мірных грамадзян Украіны. Сказаць, што гэта злачынства - нічога не сказаць. На гэтым фоне чутка пра намер адправіць ва Украіну беларускіх вайскоўцаў ставіць у тым ліку пытанне аб прававой ацэнцы іх магчымай "дзейнасці" там.
Нават не буду марнаваць час на тлумачэнне таго, што Украіна ніколі не нападала на Беларусь і не пагражала нам, таму любыя дзеянні беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыі Украіны - гэта што заўгодна, але не абарона свайго народа. А, значыць, уварванне туды (ужо сам заезд) не сумяшчальнае з правам.
Але ў апошнія дні я не раз сустракаў пытанне - ці праўда, што вайсковец не нясе адказнасці за здзяйсненне дзеянняў у выкананне загада? Адкажу: не, не праўда, нясе адказнасць.
Ёсць дзеянні, супрацьпраўнасць якіх відавочная для любога дарослага чалавека (гэта значыць для любога вайскоўца таксама).
Я прывяду прыклады толькі з аднаго з артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі - з артыкула 136 КК (злачыннае парушэнне нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброенага канфлікту):
- прымяненне сродкаў і метадаў вядзення вайны, якія наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбарчае дзеянне (невыбарчае дзеянне - гэта як раз пра сістэмы залпавага агню, якімі абстрэльвалі жылыя кварталы Харкава і іншых гарадоў);
- наўмыснае прычыненне шырокага, доўгачасовага і сур'ёзнага ўрону прыроднаму асяроддзю (напрыклад, калі бамбуюць хімічныя аб'екты, тыпу сховішчы нафтапрадуктаў);
- адвольнае і ўчыненае ў вялікім маштабе разбурэнне або прысваенне маёмасці, якія не выклікаюцца ваеннай неабходнасцю (зноў жа, калі страляюць з гармат/ракет па не ваенных аб'ектах);
- ператварэнне ў аб'ект нападзення або знішчэнне культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца пад абаронай, пры адсутнасці ваеннай неабходнасці (напрыклад, калі атакуюць музей або храм);
- учыненне нападу на грамадзянскае насельніцтва або на асобных грамадзянскіх асоб (тут усё зразумела - агрэсія ў адносінах да мірных грамадзян, якая ў тым ліку адбываецца пры абстрэлах жылых кварталаў);
- учыненне нападу невыбарчага характару, які закранае грамадзянскае насельніцтва або грамадзянскія аб'екты, калі заведама вядома, што такі напад пацягне празмерныя страты сярод грамадзянскіх асоб або прычыніць празмерную шкоду грамадзянскім аб'ектам (зноў жа, пра абстрэл жылых кварталаў або непасрэдны напад на мірных жыхароў).
Любое з такіх дзеянняў нават па нашым КК караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 20 гадоў. А ёсць і больш сур'ёзныя артыкулы, дзе прадугледжана ў т.л. выключная мера пакарання.
Іншымі словамі, кідаць бомбу/ракету на жылы дом або квартал - гэта злачынства. Страляць у безабаронных людзей - гэта злачынства. І гэтак далей.
Сказаць, што не разумелі злачынны характар такіх дзеянняў, не атрымаецца. Несці адказнасць за выкананне злачынных загадаў, калі такія паступяць, давядзецца. Імавернасць таго, што адказнасць наступіць, вельмі высокая, бо ў наш час усе дзеянні ваенных дакументуюцца, і няма сумненняў, што выканаўцы заўсёды будуць названы сваімі ж начальнікамі. А паколькі ўвесь свет на баку Украіны, то верагоднасць, што ўсіх, хто мае дачыненне, заклічуць да адказу за агрэсію, 100%.
У той жа час у частцы 3 артыкула 40 КК Рэспублікі Беларусь сказана - асоба, якая не выканала заведама незаконны загад, не падлягае крымінальнай адказнасці.
Ёсць аб чым задумацца, ці не так?