Жонка палітвязня Аляксандра Зялюткіна: Малодшая дачка разумее, што кепскія дзядзькі забралі тату
Палітвязень Аляксандр Зялюткін быў адзіным кармільцам у сям’і. Пасля яго затрымання жонка засталася з шасцю непаўналетнімі дзецьмі на руках, у дваіх з якіх — інваліднасць.
З'ездзіў у кругасветку, клаў печы, гадаваў шасцярых дзяцей
Вольга і Аляксандр пазнаёміліся праз газету, дзе друкаваліся аб’явы аб знаёмствах. Яна жыла ў Браславе, ён — у Мінску. У аб’яве Аляксандр напісаў, што пазнаёміцца з дзяўчынай, згоднай пераехаць у сельскую мясцовасць. Вольга напісала яму і атрымала адказ. Хлопец даслаў ёй сваё фота, а дзяўчына да апошняга трымала інтрыгу і не дасылала сваё.
— У мяне сястра вучылася ў Мінску, і я паехала туды з ёй. Мы дамовіліся сустрэцца, але я сядзела чакала сястру. Яна спазнялася. Нарэшце, прыходзіць і кажа: «А я табе Сашу прывяла!». Яна бачыла яго фота і сустрэла яго на прыпынку. Я адразу так разгубілася, бо першая сустрэча адбылася не так, як я чакала! — усміхаецца Вольга.
У той дзень маладыя людзі пайшлі гуляць — і вось яны гуляюць разам ужо 15 гадоў. У Вольгі і Аляксандра Зялюткіных шасцёра дзяцей: 14-гадовая Таміла, 13-гадовы Ігар, 9-гадовы Багдан, 6-гадовы Леанард, 3-гадовая Дар’я і гадавалы Ян. Вольга гаворыць, што дзеці — сэнс яе жыцця, яна іх вельмі любіць і заўсёды хацела вялікую сям’ю.
Мара Вольгі здзейснілася. Нараджаліся і гадаваліся дзеці, муж займаўся пячной справай і стаў добрым спецыялістам у ёй. Часам нават бясплатна складваў печы сталым людзям у вёсках. А яшчэ дапамагаў іншым дзеткам, шмат увагі надаваў дабрачыннасці. Вольга прыгадвае, што муж ніколі нікому не адмаўляў у дапамозе. А калі, напрыклад, ехаў на рынак ці ў Мінск (сям’я жыве ў Валожынскім раёне), заўсёды прапаноўваў падвезці, калі камусьці з суседзяў таксама трэба.
— Раней Аляксандр шмат вандраваў разам з братам. Нават ездзілі ў кругасветнае падарожжа, былі ў Тайландзе, Кітаі, Камбоджы. У мінулым годзе разам з дзецьмі ездзіў у бок Дагестана. Дзеці засталіся ў захапленні, у іх шмат уражанняў пасля той вандроўкі. Яны ночылі ў намётах, былі на прыродзе, — распавядае Вольга. — Раней мы кожнае лета ўсёй сям’ёй ездзілі адпачываць на Нарач. А сёлета — усё…
Затрымалі на вачах у маці і дачкі
Аляксандра Зялюткіна затрымалі 7 снежня 2021 года ў Мінску ў межах крымінальнай справы (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) за нібыта «ўдзел у масавых беспарадках». Затрымлівалі на вачах у дваіх дзяцей — 14-гадовай Тамілы і 6-гадовага Леанарда, а таксама маці-пенсіянеркі.
— Гэта было паміж 9 і 10 гадзінамі раніцы. Усё было нармальна, чакалі майстра. Званок у дзверы. Адчыніць падыйшла Таміла. А там — людзі ў форме і са зброяй. Асляпілі яе нейкім святлом. Але яны ведалі, што ў доме дзеці, і зайшлі акуратна.
У дачкі быў шок, яна вельмі спужалася і не разумела, што адбываецца. Аляксандр у той час быў у ванным пакоі. Я яму тэлефаную — ён не адказвае. Тэлефаную яго маме. Яна доўга не здымала слухаўку, потым адказала. Я пачула голас збоку: «Пакуль нічога не кажыце». Яна яшчэ перапытала: «Не трэба казаць?». Але я не зразумела, да чаго гэта. Падумала, што ў Сашы праблемы са здароўем — у яго часам падымаецца ціск і збіваецца сардэчны рытм, ён некалькі разоў нават выклікаў хуткую.
А потым мне ператэлефанавала свякроў і сказала, што Сашу затрымалі — вывелі ў кайданках як нейкага злачынцу. Дачка ўся ў слязах, а меншы сын, на шчасце, гуляў на кухні і нічога не зразумеў, — распавядае жонка палітвязня.
Дзеці ведаюць, дзе тата
Першыя 10 сутак Аляксандр Зялюткін правёў на Акрэсціна, потым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
Вольга гаворыць, што з затрыманнем Аляксандра ў жыцці сям’і пачаўся цяжкі этап. Асабліва цяжкім быў першы месяц, калі жанчына літаральна жыла на супакаяльных. Муж быў адзіным кармільцам у сям’і. Хоць Вольга ўжо трохі ўвайшла ў рытм лістоў, перадач, спатканняў, але, апроч фінансавых, усе астатнія клопаты, якімі займаўся ў доме муж, таксама ляглі на яе плечы. Да таго ж двое дзетак у сям’і маюць інваліднасць і патрабуюць спецыяльных заняткаў з лагапедам і рэабілітацыі — а гэта яшчэ адзін артыкул выдаткаў грошай і часу, якіх у шматдзетнай маці вобмаль. Жанчыне дапамагаюць бацькі мужа, з якімі жыве сям’я.
Старэйшыя дзеці ведаюць, дзе тата, пішуць яму лісты, і ён піша ім у адказ.
— А малодшая, Дашанька, у свае тры гады стала паводзіць сябе па-даросламу. Яна разумее, што кепскія дзядзькі забралі тату. Нам даводзіцца ёй казаць, каб яна не думала, што тата яе кінуў ці не любіць. І дзіця пачынае пры гэтым плакаць, — гаворыць Вольга.
Яна прызнаецца, што трымаецца, але часам таксама зрываецца на слёзы.
— Але трэба ісці наперад. Я ў дзецях шукаю суцяшэнне і спакой. Ну і пішу лісты, распавядаю ў іх пра дзяцей, пра свае пачуцці.
Вользе ўдалося пабачыцца з мужам на спатканні. Па яе словах, Аляксандр выглядаў добра, трымаўся. Ён не прызнае за сабой ніякай віны — праўда, у чым абвінавачваюць мужа, Вольга сказаць не можа, следства яшчэ ідзе. Палітвязень займаецца спортам, чытае кнігі і ўжо будуе планы на вызваленне.
— Гэтая сітуацыя змяніла нашыя з ім адносіны ў лепшы бок, — прызнаецца Вольга. — Мы сталі больш цаніць адно аднаго, а муж зразумеў, што трэба больш часу праводзіць з сям’ёй.
Каб падтрымаць Аляксандра Уладзіміравіча Зялюткіна, вы можаце напісаць яму ліст, тэлеграму ці зрабіць грашовы перавод на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, камера №60.
Калі вы хочаце дапамагчы сям’і палітвязня, кантакты Вольгі ёсць у рэдакцыі.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева і з сямейнага архіву гераіні