«Мне не дазволілі узяць акуляры – у мяне дрэнны зрок, але супрацоўнікі казалі: «Суке не положено читать»

Ганна Лепяшкевіч – 23-гадовая дзяўчына, якая працавала ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На чатыры жнівеньскія дні яна быццам змяніла дзейнасць: ператварылася з музыкі ў актрысу. Здавалася, што дзяўчына знаходзіцца ў фільме пра вайну: людзей гвалтуюць, усюды кроў і холад. І фашысты — не немцы, а свае, беларусы, свае абаронцы народа і краіны. Толькі вось здымкі не спыняліся і акцёры не адпачывалі.

anja_14022101_130221.jpg

— Я была затрымана 10 жніўня разам са сваёй сяброўкай каля праспекта Пераможцаў. Мы вырашылі купіць медыкаментаў — на выпадак, калі каму-небудзь была б патрэбная дапамога. Аднак мы не паспелі нічога зрабіць i нікому дапамагчы, як нас затрымалі.
Пад’ехаў каля прыпынку гасцініцы «Вікторыя» цемна-чырвоны бусік з амапаўцамі. Яны выбеглі і пачалі хапаць мужчын. Маю сяброўку прынялі за хлопца і пабеглі за ёй, а потым паклалі тварам на асфальт. Я падбегла да амапаўца, спытала за што затрымалі, што здарылася? Гляджу, а сяброўка параніла нагу, калі ўпала на асфальт. Потым падбеглі іншыя ампаўцы і тады ўзяліся і за мяне. Нас дваіх завялі ў аўтобус. Там ужо было некалькі мужчын, гэта было а палове на дзявятую вечара. Праехалі квартал, потом амапаўцы пачалі адразу заплечнікі правяраць, адабралі тэлефоны, глядзелі, што за фотоздымкі ў галерэі.
Яны былі ўпэўненыя, што ў нас з сабой зброя або нешта падобнае, але дасталі, убачылі толькі закрытыя медыкаменты. Тое, што яны былі закрытыя, мабыць, і выратавала нас ад удараў. Яны нас не білі. Асабліва дасталося сяброўцы. Сілавікі псіхалагічна давілі з-за таго, што ў яе нетыповая для жанчыны знешнасць: кароткая стрыжка, татуіроўкі. Яе абзывалі, толькі адзін амапавец гаварыў, што мы ўсе ж такі дзяўчынкі, у нас пры сабе медыкаменты, прасіў, каб нас адпусцілі. Аднак яго свае ж і заткнулі.

anja_14022116_130221.jpg


Мы прыехалі ў нейкае месца, прыкладна праз квартал ад месца затрымання, нас выгрузілі з бусіка. Там ужо стаялі некалькі аўтазакаў. Іншыя амапаўцы зноў вывернулі ўсе заплечнікі. Там яшчэ былі людзі ў цывільным. Нам на камеру трэба было сказаць сваё імя, прозвішча і грамадзянства. Адабралі рэчы і запіхнулі ў аўтазак, разам с сяброўкай. Адзінае, што я пачула: «У шостай камеры дзяўчынкі, уключы кандыцыянер».
Страшна падумаць, у якім там стане знаходзіліся мужчыны, таму што гукі, якія мы там чулі, даволі страшныя. Я веру, што хлопцаў там запіхвалі і па пяцёра, і па шасцёра, таму што гукі былі непрыемныя. У аўтаўзаку мы былі менш чым гадзіну. Нас прывезлі ў Першамайскі РУУС і паставілі каля сцен. У той момант ва ўнутраным дворыку ўжо стаялі каля 20 чалавек. Нас таксама паставілі туды: твар да сцяны, рукі за галаву. Пашанцавала тым, што пры нас былі больш-менш адэкватныя супрацоўнікі міліцыі. Яны падышлі, паглядзелі, што мы дзяўчыны, і дазволілі стаць нармальна. Гэта быў першы раз у жыцці, калі я падзякавала, што нарадзілася не мужчынам.
Нас перавялі ў пачатак чаргі. Супрацоўніца выйшла і пачала запісваць нашы імёны. Яны былі ўсе здіўленыя, што мы не прастытуткі і наркаманы. Я выкладчыца ў музычнай школе, працавала ў філармоніі. Зрабілі перапіс і пачалі адводзіць у спартыўную залу. Там ужо знаходзіліся мужчыны. Амаль усе былі збітыя, але здаецца, што гэта зрабілі пры затрыманні або ў аўтазаках, таму што супрацоўнікі ставіліся да затрыманых лепш, чым амапаўцы.
У РУУС зрабілі невялічкі агляд. Дзякуй Богу, мужчыны нас не распраналі. У залу працягвалі прыводзіць людей да трэцяй гадзіны ночы. Паколькі ў нас былі вада і медыкаменты, нам дазволілі даць іх хлопцам, дапамагаць. У меня быў з сабой складны невялікі нож, і супрацоўнікі яго ў мяне бралі, каб аслабіць хлопцам сцяжкі.
А трэцяй гадзіне нас у зале было 56 чалавек — усе хлопцы, акрамя нас. Мужчын пасадзілі на адзін бок зала, нас — на другі. Здаецца, супрацоўнікі ведалі, што зараз прыедуць вучыць, як трэба жыць. Мабыць, нас крыху пашкадавалі, таму аддзялілі ад мужчын. Потым зачыніліся ўсе дзверы і супрацоўнікі выйшлі, акрамя аднаго, пачалі ўваходзіць хлопцы ў чорным. Форма была падобная да формы амапаўцаў, але не было ніякіх апазнавальных знакаў. Яны зайшлі. Спачатку далі каманду ўсім падняцца, потым усім легчы. Мужчыны ляглі, мы засталіся стаяць. Яны пыталі адзін у аднаго, што з намі рабіць. Хтосьці з іх вырашыў нас не чапаць — «хай сядзяць»”. А вось мужчын паставілі «на косці» – на калені, на локці, калі нельга цалкам вагу перакласці на рукі, ногі, і пачалі біць.

anja_14022110_130221.jpg

Білі нагамі, рукамі, дручкоў не было. Пачалі штурхаць рэчы. Калі яны не падабаліся, пыталі: «Чый бранзалецік? Чаму ў цябе з сабой шлем?» Калі адказ не падабаўся, пачыналі біць мацней. Яшчэ да іх прыходу мы ўсе медыкаменты дасталі з заплечнікаў і паставілі каля ўваходу: калі каму-небудзь будзе патрэбна, — вось, карыстайцеся. Так адзін з гэтых... карнікаў... не ведаю, як яшчэ іх назваць, падышоў да іх, спытаў: «Хто такі разумны, хто прынёс?» У той момант мужчын пачалі біць мацней. Мы адказалі, што гэта нашы. І зноў, дзякуй Богу, нас не кранулі.

Здаецца, супрацоўнікі ведалі, што зараз прыедуць вучыць, як трэба жыць


— Праз хвілін 15 гэты гвалт скончыўся. Усім сілавікам з гэтага было весела. Потым прыйшла другая змена. Яны таксама пратрымалі мужчын «на касцях»”, потым тварам у пол і па адным выводзілі складаць пратаколы. Змена супрацоўнікаў была з дручкамі, калі нешта ім не падабалася, маглі падысці і пакараць.
Так мы прасядзелі да гадзіны 10-й раніцы, і потым нас павялі фатаграфаваць, састаўляць пратакол. Вялі з лаянкай, рукі за спіны, галовой уніз — тут было так, як і ва ўсіх. Мой пратакол складала капітан міліцыі Ляліна. Яна вельмі жорстка абыходзілася: грубіяніла, не дала патэлефанаваць бацькам, зноў глядзела рэчы з заплечніка. Калі яна знайшла той маленькі нож, то раскрыла яго і наставіла на мяне са словамі: «Из-за таких сук, как ты, менты на улицах погибают».

anja_14022127_130221.jpg


Пратакол быў складзены са слоў нейкіх сведкаў, якіх я не бачыла. Я падпісала той пратакол, аднак унесла карэктыроўкі: затрыманяа не там, дзе напісана; не крычала лозунгі; была з сяброўкай, а не з натоўпам.
Потым нас павялі ў агульную залу. Крыху пазней прыйшлі з той змены міліцыянты, якія нас прымалі. Супрацоўнік — мабыць, нейкі начальнік, спытаў: «Чаму гэтыя дзяўчыны яшчэ тут? Чаму не адпусцілі?» Дзякуючы яму нас перавялі ў пакой чакання. Там ужо знаходзілася дзяўчына, якую затрымалі яшчэ 8 жніўня. Яна была назіральніцай у камісіі. Жанчына, якая чакала свайго сына (ён таксама быў назіральнікам), і хлопец, які расклейваў лістоўкі «За мірную забастоўку». Там мы знаходзіліся гадзіну, а потым нас павезлі ў бусіку ў суд Першамайскага раёна.
Мой суддзя быў Трушэвіч (Трусевич. — рэд. у рус.мове) — адзін з самых жорсткіх, як я потым даведалася. Ён даваў затрыманым вялікія штрафы і суткі. Спадзяюся, што ў яго добрая прэмія. Я адмовілася ад таго, што ён зачытваў у пратаколе. Вынік — мне далі шэсць сутак. Пасля суду нас зноў завезлі ў гэты маленькі пакойчык у Першамайскім РУУС. Там быў супрацоўнік, дзякуючы якому ў нас была ежа і вада. Ён пазваніў бацькам затрыманай дзяўчыны, і яны прывезлі ўсё неабходнае. 

l_anja_14022108_130221.jpg


— Мы былі ўсе стомленыя, збіраліся легчы на падлогу і перадыхнуць, і гэты супрацоўнік прынёс нам плед і нейкую штору. Якое-не якое, а ўсё ж чалавечае стаўленне. Таксама гаварыў, што яму дадзена каманда везці нас на Акрэсціна, але ён гэтага не хоча рабіць: «Молитесь, чтобы там не было мест и я вас туда не вёз». Вечарам заходзіць у поўным абмудзіраванні са зброяй і гаворыць: «У меня приказ. Поднимаемся и едем».

Акрэсціна

— Калі мы ехалі, то чулі па рацыі, што ўвесь горад заблакаваны. Людзі блакуюць дарогі, штурмуюць Акрэсціна. Супрацоўнікаў так настроілі, быццам яны зараз будуць абараняць сваё жыццё, наша жыццё, трэба будзе выкалупваць нас з гэтага бусіка.
Нас прывезлі на Акрэсціна і павялі ў ЦІП. Таксама хацелася б падзякаваць гэтаму супрацоўніку за тое, што ён усю гадзіну, пакуль мы стаялі, не адыходзіў ад нас, пакуль не завялі ў камеры. Мабыць, таму нас і не білі, хто ведае.
Калі стаялі, бачылі паўсюль сляды крыві на падлозе, раскіданыя рэчы, чулі крыкі. Адзінае, што мне давялося ўзяць у камеру — гэта 3 мае антыдэпрысанты і копію пратакола з РУУС пра перапіс рэчаў. Мне не дазволілі узяць акуляры — у меня вельмі дрэнны зрок, але супрацоўнікі казалі: «Суке не положено читать».

anja_14022138_130221.jpg


Калі адчынілі камеры, мы пабачылі там больш чым 30 жанчын. Дзяўчыны казалі, куды сесці, бо іх учора вадой аблівалі за просьбу адчыніць кармушку. Сесці і стаяць было няма дзе. У выніку нас было 37 жанчын у камеры. Зноў дзякуючы таму супрацоўніку нашай дзяўчыне дазволілі ўзяць перадачку ад бацькоў. Так мы даведаліся, што жанчын ужо трое сутак не кармілі, не паілі. У камеры не было сродкаў гігіены і ў некаторых з-за стрэсу пачаліся крытычныя дні. З гэтай перадачай было трошачку лягчэй усім.
Увечары збіраліся ўжо неяк легчы спаць, але гэта было немагчыма з-за таго, як крычалі мужчыны. Я дрэнна магу ўявіць, што можна было рабіць з чалавекам, каб ён так крычаў. Адно з самых страшных было тое, што ты там знаходзішся, чуеш, як гвалтуюць людзей, і не можаш нічога зрабіць, не ведаеш, хто гэта крычыць. Можа, там твой бацька, каханы... Некаторыя жанчыны былі затрыманы разам з мужамі. У адной забралі ўсю сям’ю: яе дочак і мужа. Дзяўчынкі былі разам з ёй у камеры, а вось дзе іх бацька, не ведалі. Былі сярод нас і збітыя. У камеры была расіянка, якую добра пагвалтавалі.

anja_14022122_130221.jpg

Самае лепшае, што было ў камеры, — калі нам хтосьці на вуліцы крыкнуў, што зараз 9 гадзін раніцы. Ты не разумееш, колькі прайшло часу. Ад гэтага сябе накручваеш.
Зранку нам у кармушку прапіхнулі некалькі боханаў хлеба, а потым адчынілі дзверы камеры і пачалі па чалавек 10-12 выводзіць у калідор. Нам не гаварылі, куды мы. Мы не ведалі, вернемся назад ці не. Дзяўчыны, якія мылі бялізну на ноч, так і выходзілі без яе. Ужо на калідоры я пабачыла, што стаю ў лужыне крыві і мачы. Аказваецца, ноччу пад камерай згвалтавалі мужчыну. Нас пачалі выводзіць у двор, і гэта быў яшчэ адзін страшны момант. Здавалася, што гэта ўжо усё: раз так ставяць у чаргу каля сцяны, то нас зараз перастраляюць, як сабак. На той момант на Акрэсціна дзяжурылі ваенныя.
— Было чуваць, як супрацоўнікі Акрэсціна казалі, што нам плацяць 60 еўра — у кагосці ў кармане былі знойдзены грошы. Магчымасці глядзець, што адбываецца побач, не было, але я перыядычна бачыла, што некаторыя мужчыны былі голымі. А вось пабітыя былі амаль што ўсе. АМАП прычапляўся да тых, у каго штаны былі камуфляжнымі ці майка паласатая.

anja_14022101_130221.jpg

Памятаю, што адна дзяўчынка са страху страціла прытомнасць. Мы падумалі, што зараз нас ўсіх паб’юць з-за гэтага. Калі падбеглі супрацоўнікі, мы былі гатовыя да таго, што яе зараз запінаюць. Але не, пасадзілі, прынеслі ваду, нашатыр. Тады і зразумелі, што ў нас не будуць страляць. Мы пачалі плакаць, размаўляць з супрацоўнікамі.
Жанчына, якая чакала свайго сына-наглядчыка, пачала моцна плакаць, у яе была істэрыка: яна не ведала, тут яе сын ці не. Было відаць, што малады супрацоўнік яе разумее. Здавалася, што мы ўсе — ахвяры стакгольмскага сіндрому. Дзякуючы сэксізму, які існуе у нашай краіне, нам, дзяўчынам, не так закрывалі раты, і мы маглі размаўляць з амапаўцамі.
Мы прастаялі так гадзіну. Потым нас пачалі грузіць у машыну. Жанчынам дазволілі сесці на лаўкі. Спачатку нам сказалі сядаць на падлогу, але зайшоў супрацоўнік, які даў загад пасадзіць жанчын нармальна. Мы чакалі, пакуль прывядуць усіх астатніх. Праз дзве гадзіны мы паехалі з Акрэсціна. За сцяной пабачылі, колькі там чакала людзей. Некаторыя дзяўчыны пачалі плакаць, таму што ўбачылі сваіх родных.

Жодзіна

— Так нас павезлі ў Жодзіна. Пра гэта расказаў супрацоўнік, які дазволіў сесці. Крыху пазней ён жа даў вады і хлеба. Быў яшчэ цікавы момант. Гэты ж супрацоўнік прапанаваў нам «гульню». Мы па чарзе называлі прозвішча, імя, узрост, адыкацыю і месца працы. Такую колькасць інтэлігенцыі на адзіны квадратны метр я даўно не бачыла. Некаторыя жанчыны у дарозе плакалі і пыталіся, ці будуць нас біць і што будзе з нашымі мужчынамі. У Жодзіна нас прывезлі ў такі прамежкавы пункт паміж турмой і камерай.
Праз пяць гадзін нас загналі у душавую камеру. Выглялала ўсё як у ваенным кіно. І страшна было, як на вайне. Амаль 100 жанчын разам адчувалі, што зараз пусцяць газ або перастраляюць.

anja_14022102_130221.jpg

Пасля нас пачалі пераводзіць у камеры. Там, дзе была я, камера была разлічана на 10, але нас было 15 чалавек. Гэта было такое шчасце, што мы можам паспаць на ложках, а не на стале. У Жодзіне ўжо было больш-менш нармальна: пачалі карміць, не гвалтавалі, а днём можна было як сядзець, так і спаць.
Так было да 14 жніўня, калі мы пачулі, што нешта адбываецца на калідоры. З камеры вывелі некалькіх дзяўчын, якія вярнуліся праз гадзіну. Яны размаўлялі са следчым, распавядалі аб тым, што адбывалася. Ім далі падпісаць паперу аб тым, што калі яшчэ раз будуць заўважаныя на масавым мерапрыемстве, то звярнуцца даседжваць свае суткі.
Нас пачалі выводзіць па 5-10 чалавек і падпісваць гэтую паперу. Зразумела, падпісвалі ўсе, таму што нікому не хацелася там заставацца. Нас пачалі адпускаць увечары 14 жніўня. Мы ўсе плакалі.
Ужо на волі я даведалася, што бацькі дзяжурылі то на Акрэсцна, то ў Жодзіне. У адным РУУС іх увогуле паслалі, адказаўшы, што мяне адпусцілі 13 жніўня. Баюся ўявіць, што адчувалі бацькі, якія не ведаюць, дзе дзіця, калі такое адбываецца ў краіне.

l_anja_14022128_130221.jpg

Ганна не магла выйсці з дома каля двух тыдняў. Калі яна прыехала на Акрэсціна за рэчамі, у яе пачалася істэрыка. Здавалася, што, калі яна зараз пераступіць парог гэтага будынка, больш ніколі адтуль не выйдзе.
P.S. Ганна пакінула краіну, таму што прымала ўдзел у дваравых канцэртах і бацькам пачалі тэлефанаваць і пытаць: ці займаецца дачка музыкай. Ганну пачалі шукаць, паколькі былі здымкі ў сацсетках. Дзяўчына прызнаецца, што пачала добра спаць, только калі з’ехала ў Вільнюс.
Ганна падавала скаргу ў Першамайскі суд. Хадзіла ў СК па справе гвалту, і супрацоўнік спытаў: ці будзе яна пісаць заяву на каго-небудзь. Дзяўчына разумела на той момант, што калі напіша, то ўжо будзе знаходіцца пад назіраннем сілавікоў. Яна не знайшла у сабе сілы.

august2020.info