«Мне за сябе не сорамна». Беларус, які дакументаваў катаванні пратэстоўцаў, цяпер фіксуе ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне
Стас Шашок быў у Беларусі актывістам «Моладзевага блока». Пасля рэпрэсій на радзіме выехаў ва Украіну. Пасля пачатку вайны ён застаўся ва Украіне. Цяпер дакументуе ваенныя злачынствы Расіі.
«11 месяцаў жыў у Беларусі на канспіратыўных кватэрах»
Стас з'ехаў з Беларусі ў красавіку 2021 года. Да гэтага хаваўся ад рэпрэсій — 11 месяцаў жыў на канспіратыўных кватэрах.
«Было цяжка, мяняў месца жыхарства, быў на паўлегальным становішчы, не мог дазволіць сабе розныя рэчы. Таму пасля 11 месяцаў выехаў з Беларусі. Трохі пажыў у Расііі і перабраўся ва Украіну», — расказвае беларус.
Стас кажа, што ўвесь гэты час працягваў дакументаваць катаванні, якія зазналі беларусы ў аддзелах міліцыі, ізалятарах і турмах: «Гэта важна — каб у будучыні праводзіць расследаванні і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у катаваннях. Цяпер мой досвед дакументавання злачынстваў стаў запатрабаваны ва Украіне».
«Паліцыя і СБУ праводзілі з намі "фільтрацыйныя мерапрыемствы", і я іх разумею»
Вайна заспела Стаса ў Кіеве. «Я жыў непадалёк ад урадавага квартала. Прачынаўся ад гукаў выбухаў ракет. Разумеў, што і мяне можа забіць. Шчыра кажучы, не хацеў такой долі, такой смерці. Вырашыў з сябрамі ехаць на захад Украіны. Было нялёгка, як і ўсім. Трое сутак дабіраліся праз блокпасты, стаялі ў вялізных заторах, якія не рухаліся. Да нас як беларусаў была, вядома, пільная ўвага з боку паліцыі і СБУ. Праводзілі "фільтрацыйныя мерапрыемствы" — дапытвалі, правяралі тэлефоны, перапіску. Таму што мы мелі беларускія пашпарты і нумары на аўтамабілі. Ваеннае становішча, што паробіш. Часам было даволі жорстка. Трэба было даказаць, што ты не дыверсант. За нас заступіліся нашы калегі — украінскія праваабаронцы», — патлумачыў Стас.
Урэшце ён дабраўся ў горад на захадзе краіны і пачаў працу — фіксацыю злачынстваў Расіі. Ён далучыўся да ініцыятывы «Еўрамайдан SOS». Яна працавала падчас Майдана-2014, цяпер аднавіла дзейнасць.
«Тут таксама праблема была бытавая: некаторыя нядобрасумленныя людзі скарысталіся момантам і падвысілі цэны на жытло, часам нават у чатыры разы. Але ім супрацьстаяць: робяць публічнымі такія факты, "здаюць" у бюро эканамічных расследаванняў. Нейкага негатыўнага стаўлення да сябе я пакуль не сустрэў. Можа, таму, што вельмі мала кантактую з вонкавым светам, бо цалкам паглыблены ў працу, няма часу гуляць. Але я не баюся і мне за сябе не сорамна, што я беларус. Калі ты беларус і апынуўся ва Украіне — ты ўжо шмат зрабіў, я так лічу», — разважае Стас.
«Мэта — паказаць расіянам праўду і сабраць інфармацыю для міжнародных судоў»
Стас з калегамі фіксуе сведчанні людзей, якія зазналі жахі вайны, збірае фотаздымкі разбурэнняў цывільнай і крытычнай інфраструктуры, жылых дамоў, дзіцячых садкоў, школ, дарог.
«Фіксуем, куды трапляюць бомбы, як абстрэльваюць гуманітарныя калоны. Фіксуем тое, што з'яўляецца ваенным злачынствам. Я запісваю інтэрв'ю з людзьмі, якія вырваліся з Ірпіня, Бучы. У Ірпіні расстралялі калону цывільных аўтамабіляў. Там у калоне было шмат машын, у іх сядзелі людзі. Іх забілі. Трупы былі ў аўто ці ляжалі на дарозе, іх ніхто не хаваў.
Наша мэта — сабраць як мага больш сведчанняў. Найперш каб паказаць расіянам, што робіць іх войска, якое нібыта "не страляе па цывільных аб’ектах". Па-другое, гэта збор матэрыялу для перадачы ў міжнародныя суды. Думаю, што будзе і ААН працаваць, і крымінальныя суды па гэтай тэме. Мы бяром згоду ў людзей на перадачу іх сведчанняў. Магчыма, будзе створаны асобны трыбунал, такі, які стваралі ў Нюрнбергу. Таму важна ўсё гэта цяпер зафіксаваць», — кажа Стас.
Цяперашнія сведчанні ўкраінцаў «больш жудасныя і бесчалавечныя», чым сведчанні тых, хто прайшоў Акрэсціна і Жодзіна ў Беларусі, гаворыць праваабаронца.
«Мае калегі ледзьве давалі рады сабе, эмоцыям, каб дакументаваць гэта. Праца нялёгкая таксама — дамовіцца з чалавекам, апісаць гэта ўсё, сабраць дакументы, занесці ў базу. Нам раілі не рабіць больш за два інтэрв'ю на дзень, каб псіхіка была жывая. Мне чалавек з Ірпіня пералічыў кожны дом на кожнай вуліцы, якія былі зруйнаваныя. Ён апісваў спаленыя аўтамабілі, забітых людзей... І ты разумееш маштаб гэтай жудасці. Я неўзабаве буду запісваць гісторыю, як адзін беларус трапіў у расійскі палон у Ірпіні, як яго расіяне абрабавалі. Яны скралі ў яго фотаапарат. Здаецца, навошта табе чужы фотаапарат, калі праз гадзіну ты ўжо, можа, будзеш мёртвы? Мяне гэта моцна ўразіла. Яны не разумеюць, у якім яны становішчы, і дазваляюць сабе рабаваць», — кажа Стас.
Паводле РС.