«Нерухавасць зімой — адкладзеная параза». Як маразы паўплываюць на ход баявых дзеянняў ва Украіне

Пасля даволі цёплага снежня ва Украіну прыйшлі студзеньскія маразы. Ваенныя аналітыкі папярэджвалі, што менавіта такое надвор'е садзейнічае наступальным дзеянням зімой. Але ці пойдуць войскі ў атаку на змёрзлых палях расійска-ўкраінскай вайны? Разбіралася BBC.

Фота Генштаб УСУ

Фота Генштаб УСУ

Пасля вызвалення правабярэжнай часткі Херсонскай вобласці 11 лістапада лінія фронту ва Украіне практычна замерла. На поўдні войскі супрацьлеглых бакоў падзяляе Дняпро, на Запарожскім кірунку працягваюцца артылерыйскія двубоі.
Самыя жорсткія баі працягваюцца ў Данецкай і Луганскай абласцях.
Расійскія сілы, у прыватнасці «ЧВК Вагнера», наступаюць пад Бахмутам і Саледарам, аднак украінскія ўлады настойваюць, што поспеху гэтыя атакі не маюць. Пры гэтым узброеныя сілы Украіны наблізіліся да стратэгічна важных гарадоў Сватава і Крэмень ў Луганскай вобласці.
Імклівыя прарывы бронетэхнікі з абодвух бакоў пакуль спыняла досыць вільготная і мяккая для зімы глеба ў гэтым рэгіёне.
Але з нядзелі, 8 студзеня, на ўсходзе Украіны ўсталёўваюцца моцныя маразы. Ужо ў панядзелак украінскі гідраметцэнтр прагназуе, што ноччу каля Бахмута будзе да мінус 15 градусаў Цэльсія, а каля Сватава — мінус 14. Гэта можа істотна паўплываць на далейшы ход вайны.


Зімовая тактыка

У 1993 годзе Корпус інжынераў войска ЗША выпусціў кнігу, у якой падрабязна апісваліся асаблівасці вядзення баявых дзеянняў сухапутных сіл у зімовы час.

Фота EPA

Фота EPA

Яе аўтар Джордж Свінцоў нарадзіўся ў Расіі і падчас Другой сусветнай вайны быў інтэрнаваны ў Германію, пасля чаго пераехаў у ЗША.

Паводле распаўсюджанага пункту гледжання, у зімовы час актыўнасць баявых дзеянняў сціхае. Аднак, як піша Джордж Свінцоў, паколькі зіма ўскладняе дзеянні абодвум бакам на фронце, той, які будзе адчуваць сябе больш упэўнена, чые ваенныя будуць больш падрыхтаваны, павінны скарыстацца перавагай.

«Утрыманне кантролю над тэрыторыяй азначае стабільнасць. Зімой гэта азначае нерухавасць. А нерухавасць зімой — адкладзеная параза, у якой тэрыторыя губляе сваю стратэгічную каштоўнасць», — гаворыцца ў кнізе.

Адзіны прадуктыўны падыход у такой сітуацыі, паводле яго слоў, — дзейнічаць як мага больш гнутка, не асцерагаючыся губляць нейкую частку тэрыторыі.

«Фактар гнуткасці важны як у абароне, так і ў наступленні. Можна атакаваць, наўмысна прапускаць суперніка (напрыклад, у Сталінград), біць у фланг, захопліваць і неадкладна выкарыстоўваць варожае ўзбраенне, боепрыпасы і тэхніку — гэта ўсё абавязковыя прыёмы, якія вядуць да поспеху», — піша ён.

Пры гэтым, як лічыць Свінцоў, зімовы наступ магчымы пры пяці-шасціразовай перавазе ў жывой сіле. Калі такой перавагі ў суадносінах сіл няма на вялікім участку, яго неабходна стварыць лакальна.

Час для наступлення?

«Чакаем інтэнсіфікацыю баявых дзеянняў. Ударылі маразы ноччу да -17, наша цяжкая тэхніка, нарэшце, зможа прасоўвацца наперад хутчэй», — заявіў 8 студзеня кіраўнік Луганскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
Адначасова ён зазначыў, што марозным надвор'ем можа скарыстацца як украінскі бок, так і расійскі. Па словах Гайдая, цяпер войска РФ перакідвае сілы з Бахмуцкага напрамку на Крамянную. Узброеныя сілы Украіны вядуць баі ўжо за пяць кіламетраў ад гэтага горада і спрабуюць перарэзаць шляхі забеспячэння з акупаваных Севераданецка і Сватава.
Аб магчымай падрыхтоўцы наступлення расійцаў паведамляе і Галоўнае ўпраўленне разведкі мінабароны Украіны.
У інтэрв'ю італьянскай газеце Corriere della Sera прадстаўнік ГУР Вадзім Скібіцкі заявіў, што Расія на фоне зніжэння тэмператур рыхтуе новы ракетны ўдар па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры, а таксама паспрабуе наступаць на некаторых напрамках на ўсходзе краіны.
«Мы бачым узмацненне ціску ў Данецкай вобласці... Верагодна, яны пачнуць новы наступ і на Запароскую вобласць, — сказаў Скібіцкі. — А на харкаўскім кірунку паспрабуюць спыніць наша контрнаступленне. І паспрабуюць утрымаць пазіцыі ў Херсоне, дзе нарошчваюць абарону, а таксама на асабліва стратэгічнай для іх Крымскай паўвыспе».

Дарадца офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч упэўнены, што першай наступальную аперацыю правядзе менавіта Расія. Паводле яго слоў, Украіна пакуль не паспела назапасіць сілы і сродкі, неабходныя для наступлення ў бліжэйшы час.


«Праз тэмпы паставак [заходняй зброі] мы не паспяваем назапасіць раней, чым яны зробяць гэты наступ», — сказаў Арастовіч у эфіры праграмы «Фейгін-Live» на YouTube.
Арастовіч прагназуе спробы расійскага наступу на харкаўскім і запарожскім кірунках.