Пасля выказванняў Дзядзі Вані пра выбары адмянілі ягоны гомельскі канцэрт на 3 ліпеня
У Гомелі на афіцыйны Дзень незалежнасці (Дзень рэспублікі) 3 ліпеня быў запланаваны канцэрт спявака і шоумэна — Івана Вабішчэвіча — Дзядзі Вані. Афішы ўжо былі размешчаныя ў горадзе, абвестка пра канцэрт была таксама на сайце газеты «Гомельская праўда» — цяпер іх прыбралі, паведамляе «Свабода».
Арганізатарам канцэрту выступала «Правда Радио» — структурнае падраздзяленне газеты «Гомельская праўда».
«Канцэрт адменены. Адмянілася фінансаванне», — пракаментаваў Іван Вабішчэвіч. Ён адмовіўся наўпрост адказаць, ці звязаная адмена канцэрту з выказваннямі спевака пра выбарчую кампанію і заклік да перамен: «Я не ўнікаў у падрабязнасці. Мы ўсе разумныя людзі».
Раней у сваім Інстаграме Вабішчэвіч напісаў, што ганарыцца людзьмі, «якія ўсвядомілі, што мы не „народзец“, а народ», і тымі, хто перастаў і перастае баяцца.
«Я ганаруся тымі, хто, нягледзячы на перашкоды і складанасці, карміў, дапамагаў і працягвае дапамагаць медыкам. Ганаруся медыкамі, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасці і „ўмоўную“ падтрымку дзяржавы, працягваюць лячыць, ратаваць людзей і не шкадаваць сябе. Ганаруся тымі, хто не пабаяўся сказаць „не“ нават пры пагрозе звальнення. Аказалася, што ўсіх нельга звольніць або пасадзіць. Ганаруся тым, што многія ўжо зрабілі свой выбар. Ганаруся тым, што з’яўляецца ўсё больш людзей, якія пачалі думаць і задумаліся. Людзей, якія сталі сумленнымі перад сабой!» — напісаў Вабішчэвіч.
Музыка сказаў, што пойдзе на выбары, каб прагаласаваць, за каго лічыць патрэбным. І спадзяецца, што кожны так зробіць, бо нельга дапусціць абыякавасці.
«А што да спраў апошніх дзён і дзеянняў уладаў... Па-мойму, гэта страх. А той, хто баіцца, не можа весці за сабой людзей. Страх заразлівы. Я нават не буду ўдавацца ў падрабязнасці, хто баіцца больш — той, хто вышэй, або той, хто ніжэй... Гэта ўжо ня важна. Перамены патрэбныя!!! Толькі давайце памятаць пра цвярозы, халодны розум і сумленнасць перад сабой!» — напісаў Вабішчэвіч.