КДБ перадаў «справу патрыётаў» у Следчы камітэт

Камітэт дзяржаўнай бяспекі перадаў у Следчы камітэт крымінальную справу па "стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання".

 Следчы камітэт, wikipedia.org

 Следчы камітэт, wikipedia.org

Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавёў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.
"У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь дзейнасць незаконнага ўзброенага фарміравання адносіцца да катэгорыі злачынстваў супраць грамадскай бяспекі", — патлумачыў прадстаўнік Следчага камітэта.
Таксама ў СК падкрэслілі, што КДБ спыніў крымінальную справу па абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.
Гэтая справа атрымала ў СМІ назву "справа патрыётаў", аб "справа Белага легіёна". 14 абвінавачаных па ёй дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Некаторыя з абвінавачаных выпушчаныя пад хатні арышт.
Першапачаткова сілавікі затрымалі больш за 30 чалавек, абвінаваціўшы іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазней прыкладна палове з іх выставілі дадатковыя абвінавачанні ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Другую палову затрыманых паступова выпусцілі з-пад варты і знялі абвінавачанні.