Топ-10 фільмаў Ларса фон Трыера, вялікага і скандальнага рэжысэра

На гэтым тыдні адзначалі народзіны знакамітага сына Даніі. Фон Трыер пасьпеў зьняць шмат шэдэўральных працаў, стаць пераможцам кінафэсту ў Канах і пасьля быць выгнаным адтуль у якасьці асобы нон-грата за скандальныя словы пра Адольфа. Сёньня яго нібыта і пускаюць у Каны, але ў рэжысэра дыягназаваная хвароба Паркінсана. Мы стварылі сьпіс з лепшых фільмаў Ларса. Прыемнага прагляду! 

Кадр з адной са стужак нашай падборкі

Кадр з адной са стужак нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Антыхрыст (Antichrist). 2009

antichrist_1.jpg

Гэта адна з самых супярэчных і канфрантацыйных працаў Ларса фон Трыера. Уся яго творчасьць так і крычыць: хопіць з вас занудных камедыяў ці мэлядрамаў, я скамечу і выкіну на сьметнік усё тое, што вы бачылі. Без скрыгатаньня зубоў падчас прагляду вы не атрымаеце сапраўднага задавальненьня ад мастацтва. Зрэшты, задавальненьне на аматара. І калі вы- аматар такога кіно, вы не расчаруецеся (напэўна).

Гэтая стужка спалучае элементы псыхалягічнага трылера з жудасным адлюстраваньнем тэмаў прыроды, гора і зла. У фільме распавядаецца пра пару, ролі якіх бліскуча выканалі Ўілем Дэфо і Шарлота Гінзбур, якія сышлі ў ізаляваную хату ў лесе пасьля выпадковай сьмерці свайго дзіцяці.

Іх спроба справіцца з велізарным горам пераходзіць у жудаснае дасьледаваньне пачуцьця віны, жаху і першасных сілаў прыроды. Лес, у якім адбываюцца падзеі, мае ў фільме назву Эдэм.

Нумар 9. Німфаманка: Частка 2 (Nymphomaniac: Vol. II). 2013

nymphomaniac_vol._ii.jpg

Стужка, якая насычаная сцэнамі не самага прыстойнага характару. Агульнае разуменьне фільма можна будзе зразумець з апісаньня больш удала зробленай першай яго часткі ніжэй. А тут гісторыя прымае больш змрочны паварот, калі фон Трыер паглыбляецца ў больш шакавальныя і разбуральныя аспекты сэксуальнасьці галоўнай гераіні. У яе ролі Шарлота Гінзбур, якая, як падаецца, разам з Уілемам Дэфо была проста створаная для амаль кожнага фільма дацкага рэжысэра.

Вельмі змрочны фільм, фінал якога адлюстроўвае цынічны погляд фон Трыера на чалавечую прыроду.

Нумар 8. Мандэрлэй (Manderlay). 2005

manderlay.jpg

Гэтая стужка павінна была быць сур’ёзным працягам фільма Догвіль з Ніколь Кідман у галоўнай ролі, але як часта бывала з гэтым рэжысэрам, выдатная акторка не змагла больш выносіць здымкі на адной пляцоўцы з дацкім майстрам. Замена галоўнай гераіні безумоўна сказалася на агульным узроўні стужкі.

У другой частцы фон Трыер працягвае дасьледаваньне праблемаў амэрыканскага грамадзтва, зноў выкарыстоўваючы мінімалістычныя дэкарацыі для пастаноўкі складанай драмы пра расу і ўладу. Дзеяньне фільма разгортваецца ў 1930-я гады на паўднёвай плянтацыі, дзе рабства захоўваецца, нягледзячы на тое, што яно даўно адмененае. Гераіня з Догвіля прыяжджае разабрацца з гэтым.

Нумар 7. Дом, які пабудаваў Джэк (The House That Jack Built). 2018

the_house_that_jack_built.jpg

Гледачоў запрашаюць глыбока залесьці, закапацца, засяродзіцца ў тонкай душы сэрыйнага забойцы Джэка, у ролі якога выступае Мэт Дылан. Кожнае з дбайна сплянаваных забойстваў галоўнага героя (у нашым выпадку антыгероя, у выпадку Фон Трыера магчыма ўсё-ж такі і героя) прадстаўленае як змрочна-іранічны твор мастацтва, дзе аўтар спрабуе намацаць элементы творчасьці, сапсаваныя вар'яцтвам.

Структура фільма ўяўляе сабой серыю размоваў паміж забойцам і таямнічым суразмоўцам, чыя роля становіцца ўсё больш зразумелай па ходзе фільма. Кожны ўрывак насычаны філязофскімі развагамі. Спалучэньне натуралістычнага гвалту з гумарам можа выклікаць страшэнную агіду альбо захапленьне.

Нумар 6. Німфаманка: Частка 1 (Nymphomaniac: Vol. I). 2013

nymphomaniac_vol._i.jpg

Гераіня Шарлоты Гінзбур падае асабістую споведзь жанчыны. Вельмі дарослае зьмесціва кадраў спадарожнічае з інтэлектуальнымі дыялёгамі, якія раз за разам аспрэчваюць звычайнае разуменьне сэксуальнасьці і самой этыкі.

Вобраз Шарлоты Гінзбур прапануе складаны погляд на жанчыну, жыцьцё якой вызначаюць яе сэксуальныя жаданьні. Стужка Ларса фон Трыера дакладна не для дзяцей, і быць можа, нават, не для дарослых. І справа не ў натуралістычных здымках, а ва ўзьдзеяньні на глузд. Часам можна задацца пытаньнем, а навошта падобныя стужкі ствараць увогуле?

Але аматарам творчасьці фон Трыера спадабаецца.

Нумар 5. Ідыёты (Idioterne). 1998

idioterne.jpg

Фон Трыер выкарыстоўвае правакацыйную гісторыю групы маладых датчанаў, якія прыкідваюцца інвалідамі ў мэнтальным разьвіцьці, як сродак для вывучэньня грамадзкіх межаў дазволенага. Гэты фільм, які зьяўляецца часткай руху Догма 95, адным з заснавальнікаў якога акурат і зьяўляецца Ларс фон Трыер, пазьбягае традыцыйных метадаў кінавытворчасьці. Усё на сьметнік!

Неабходнае натуральнае асьвятленьне, праца з ручной камэрай і эфект вашай прысутнасьці не як назіральніка, а амаль як удзельніка вакханаліі. Стужка зробленая амаль як дакумэнтальнае пацьверджаньне крывадушнасьці тагачаснага (і сучаснага) грамадзтва. Чаго толькі героі фільма не ўчыняюць!

Нумар 4. Эўропа (Europa). 1991

europa_1.jpg

Праца Ларса фон Трыера, якая атрымала шэраг узнагародаў на Канскім кінафэсьце. Сярод актораў можна знайсьці ўлюбёнца Інгмара Бэргмана – Макса фон Сюдава. Псыхалягічны і нялёгкі фільм паказвае нам пасьляваенны сьвет. Амэрыканец нямецкага паходжаньня вырашае ў 1945 годзе паехаць у Нямеччыну, каб разам са сваяком працаваць на чыгунцы.

Страшэнныя малюнкі пасьляваеннай Эўропы пад грукат цягніка грукаюцца ў ягонае сэрца. Гэты фільм – спроба рэжысэра асэнсаваць разгубленасьць пасьляваеннай Эўропы. Часам фантасмагарычныя дэкарацыі толькі падвышаюць градус гэтай гісторыі.

Нумар 3. Мэлянхолія (Melancholia). 2011

melancholia_1.avif

Які стан душы найбольш пасуе чалавеку для зьмястоўнага жыцьця? Ларс фон Трыер стварыў фільм, дзе чалавечыя слабасьці шукаюць шляхі пераходу ў стан цалкам адваротны, дзе абыякавасьць дзівосным чынам пераўвасабляецца ў прагу да жыцьця і творчасьці. А імпэт і энэргія саступаюць месца безвыходнасьці ў той самы момант нябачнага пераходу. Мы бачым двух сёстраў у выкананьні Кірстэн Данст і Шарлот Гінзбур, якія становяцца ў цалкам іншую пазыцыю ў параўнаньні з тым, кім яны былі напачатку.

Гісторыя адбываецца на фоне набліжэньня да нашай Зямлі іншай плянэты — з назвай Мэлянхолія. Штосьці страшэннае альбо выратавальнае чакае кожнага несельніка Зямлі. Зьмены адбудуцца і з галоўнымі гераінямі.

Падчас прэм’еры стужкі на Канскім кінафэсьце адбыўся скандал, куды часта трапляе фон Трыер. У выніку рэжысэр быў абвешчаны асобай нон-грата і ягоныя стужкі больш не траплялі ў конкурсную праграму. Але за гэтую — Кірстэн Данст атрымала ўзнагароду як лепшая акторка.

Нумар 2. Догвіль (Dogville). 2003

dogville_1.jpg

Прыбярыце дзяцей ад экрану. Ніколь Кідман выконвае звыш эмацыйную ролю жанчыны, якая шукае прытулку ад гангстэраў у маленькім горадзе, які мае назву Догвіль. Фільм, зьняты рэжысэрам Ларсам фон Трыерам, уяўляе сабой рашучую крытыку крывадушнасьці грамадзтва. Фон Трыер дасьледуе здольнасьці чалавека да жорсткасьці, сьведкамі гэтаму становяцца гледачы.

Стужка адразу зьдзівіць сваёй мінімалістычную эстэтыкай. У горадзе няма сьценаў (зрэшты яны вядома існуюць, але толькі як лініі на зямлі). З разьвіцьцём гісторыі адносіны гераіні Ніколь Кідман з гараджанамі становяцца ўсё больш напружанымі, хаця пачыналіся праз сяброўскія вітаньні і зычэньні вечнага шчасьця.

Цалкам нязвыклы вонкавы сьвет Догвіля даволі хутка становіцца рэальным для гледачоў, якіх чакае па-сапраўднаму цікавае падарожжа.

Якім чынам вы паводзілі б сябе ў падобных абставінах? Абавязкова паглядзіце гэтую шыкоўную стужку.

Нумар 1. Тая, што таньчыць у цемры (Dancer in the Dark). 2000

dancer_in_the_dark_1.webp

Гэта вельмі эмацыйны фільм, які спалучае характэрны рэжысэрскі рэалізм Ларса фон Трыера з фантастычнымі элемэнтамі клясычных мюзіклаў. Ці чулі вы музыку завадзкіх трубаў і гаек, альбо як мэлядычна едзе таварны цягнік? У галоўнай гераіні ў выкананьні Б’ёрк атрымліваецца адчуць нават самы лёгкі дотык навакольнай шэрай рэчаіснасьці і пераўтварыць яго ў музыку свайго сэрца.

Б’ёрк, якая за сваю ролю была прызнаная ў Канах таксама і лепшай акторкай, пасьля выйсьця фільму заявіла, што ніколі не будзе здымацца ў фон Трыера: настолькі ён жорсткі і пэдантычны чалавек.

Стужка распавядае пра Сэльму, чэшскую эмігрантку і самотную маці ў Амэрыцы, якая паступова губляе зрок праз генэтычнае захворваньне. Каб адкласьці грошы на апэрацыю сыну, яна безупынна працуе і ўяўляе, што жыве ў мюзікле, якія так любіла глядзець у дзяцінстве, дзе ўсе радасныя, шчасьлівыя і здаровыя.

Б’ёрк стварыла і запісала ўвесь саўндтрэк да гэтай стужкі. Глядзець яе прыйдзецца з пачкам насовак побач. Ларс фон Трыер умее трапіць у самы-самы шчымлівы кавалачак сэрца.

Прыемнага прагляду!