Стась Карпаў: Еўропе варта задаць сабе пытанне, ці хоча яна вярнуць дэмакратыю ў Еўропу
«Калі мэр Канатопу збірае людзей на плошчы і кажа ім: "Ракеты скіраваныя на горад. Калі будзем змагацца — нас расстраляюць. Я за тое, каб змагацца. Галасуем усе", — вось гэта дэмакратыя. Гэта тое, для чаго была прыдуманая дэмакратыя». Публіцыст і паэт Стась Карпаў разважае ў сваім допісе ў фэйсбуку пра сапраўдную сутнасць дэмакратыі.
Еўрапейскія начальнікі перыядычна заяўляюць, што імкнуцца дапамагчы Украіне зрабіць дэмакратычны выбар, ну ці там падтрымаць дэмакратыю. Нешта такое.
Ну дык у мяне для іх кепская навіна.
Час, калі трэба было дапамагаць дэмакратызацыі Украіны, даўным-даўно прайшоў. Еўрабосам варта прызнацца самім сабе, што гэта у Еўропы і Амерыкі ёсць, магчыма, апошні шанец вярнуць дэмакратыю на свае рубяжы. Асэнсаваць, што такое дэмакратыя, зразумець, чым яна адрозніваецца ад словаў пра дэмакратыю — і вярнуць.
Разумееце, калі людзі паляць свае гарады, бо ім не падабаецца павышэнне кошту на бензіній — гэта не дэмакратыя. Гэта самы нізкі дасацыяльны інстынкт паразіта.
Калі ў ЗША руйнуюць гарады для таго, каб заявіць, што па-сутнасці забойствы, рабаванні і гандаль наркатой — гэта расава-культурная асаблівасць, і атрымаць на гэта квоту — гэта не дэмакратыя. Гэта яе скрайняя форма выраджэння.
А калі мэр Канатопу збірае людзей на плошчы і кажа ім: "Ракеты скіраваныя на горад. Калі будзем змагацца — нас расстраляюць. Я за тое, каб змагацца. Галасуем усе", — вось гэта дэмакратыя.
Гэта тое, для чаго была прыдуманая дэмакратыя. Гэта — самы важны сэнс існавання дэмакратыі.
Каб бачыць свайго прэзідэнта на вуліцы, а не ў бункеры. Каб падчас вайны ён быў у штабе, а не гуляў у хакей. Каб падчас эпідэміяў ён будаваў бальніцы, а не прапанаваў бухнуць і заснуць.
Украіна — гэта і ёсць дэмакратыя. І Еўропе варта не задаваць сабе пытанне: ці можам мы дапамагчы дэмакратыі Украіны. Еўропе варта задаць сабе пытанне: ці хоча яна вярнуць дэмакратыю ў Еўропу. Дапамажыце Украіне — і яна верне вам памяць пра страчаную дэмакратыю.