«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 22: Выжыць і дайсці да Беларусі

У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала, як палкоўнік Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў зліў начальніка СІЗА Вашкевіча і за што пасадзілі жонку афіцэра КДБ. Сёння распавяду, якія лайфхакі ў няволі мы выкарыстоўвалі, каб выглядаць добра, як аператыўнікі гомельскай калоніі забаранілі мне наведваць кавярню і як, знаходзячыся ў Беларусі, я ўпотай дала інтэрв’ю «экстрэмісцкаму СМІ».

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_logo_1_logo.webp

Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай

Удар кулаком і шлейф турэмнай парфумы

Катаванні — гэта не заўсёды толькі фізічнае ўздзеянне. Псіхалагічныя катаванні выбіваюць глебу з-пад ног часам нашмат мацней. 

Калі жанчыне месяц не даваць расчоску, то для яе гэта нашмат большая псіхалагічная траўма, чым  калі б яе, напрыклад, штурханулі ці аблаялі. Калі супрацоўнік-мужчына корпаецца ў торбе з тваімі майткамі, робячы «шмон», ці падглядае за табой у вочка, калі ты пераапранаешся або мыешся, гэта ў літаральным сэнсе гвалт. Выбівае з раўнавагі нашмат больш, чым удар кулаком.

Немагчымасць нармальна памыцца, прывесці сябе ў парадак, даглядаць сябе, фарбаваць валасы, прывесці ў норму пазногці, мець неабходныя сродкі гігіены, апранаць нармальную вопратку — калі такія варункі цягнуцца месяцамі, гадамі…гэта даволі моцна ўздейнічае на самаацэнку жанчыны, яе самаадчуванне, усведамленне сябе паўнавартаснай.

За кратамі вельмі цяжка захоўваць жаночае аблічча. А хочацца ж. Праўда, не заўсёды. Бывалі перыяды, калі меланхолія цябе ў літаральным сэнсе пажырала. Тады ўжо асабліва не да знешняга выгляду. Напрыклад, у ШІЗА: у халоднай цёмнай камеры ты найперш засяроджаны на тым, каб сагрэцца, выжыць, а ўсё астатняе ўжо потым. 

Тым не менш, расчасаць валасы ў штрафным ізалятары вельмі хацелася. Як і скарыстацца пінцэтам. Але пра такія рэчы заставалася толькі марыць. Калі ў траўні 2021 года выйшла адтуль пасля трыццаці сутак, на жанчыну я была падобная вельмі аддалена. 

У СІЗА было трошкі прасцей сачыць за сабой: там і больш вольнага часу (скажам так, амаль што ўвесь час там вольны, і дэкаратыўную касметыку можна было тады перадаваць). Але службоўцы ўсё адно пастаянна прыдумлялі нейкія перашкоды — «чтоб жизнь слишком сладкой не казалась», як яны самі неаднойчы выказваліся. На той жа Валадарцы дазвалялася перадаваць шмат відаў дэкаратыўнай касметыкі, шмат крэмаў і іншых гігіенічных сродкаў. Але крэм для твару, напрыклад, кантралёры амаль што заўсёды з перадачак выкідалі. У выніку ў валанцёркі Тані Астроўскай было каля трыццаці крэмаў для ног і рук і ніводнага для догляду твару. 

Не дазвалялі на Валадарцы перадаваць і сродкі для зняцця макіяжу. То-бок фарбавацца можна сколькі заўгодна, а вось здымаць макіяж не было чым. Пінцэта таксама не было: замест яго мы выкарыстоўвалі запалкі.

Здавалася б, дробязі. Але з такіх дробязей там складалася наша жыццё. 

Адсутнасць гарачай вады. Не пасцірацца толкам, не памыцца. Ваду для сціркі і памыўкі грэлі ў тазіках кіпяцільнікам. 

У жодзінскім і брэсцкім СІЗА гарачая вада была. Мыцца можна было колькі заўгодна — але над ракавінай ці так званай прыбіральняй. У брэсцкім следчым ізалятары гэта было тое яшчэ выпрабаванне: з нашай прыбіральні супрацоўнікі ўвесь час зрывалі самаробную фіранку. Даводзілася мыцца і хадзіць у прыбіральню пад прыцэлам відэакамер. Плюс увесь час хтосьці назіраў за табой у вочка. 

Складаней за ўсё было даглядаць сябе ў гомельскай калоніі. Побытавыя варункі там вельмі жорсткія: душ раз на тыдзень, 15 хвілін, мыць галаву можна толькі ў спецыяльна ўстаноўлены для гэтага дзень. У адваротным выпадку схопіш рапарт ці нарад. 

Касметыку можна набываць толькі ў атаварцы — выбар невялікі і толькі беларускай вытворчасці. Калі ж ты «злоснік» (а гэты статус быў у мяне практычна з самога пачатку прыезду ў калонію), то атаварвацца ты можаш толькі на 2 базавыя велічыні. Карацей, асабліва не разгуляешся, не гаворачы ўжо пра касметыку. 

Вольга Класкоўская ў калоніі. Здымак публікуецца ўпершыню.

Вольга Класкоўская ў калоніі. Здымак публікуецца ўпершыню.

Але мне «пашанцавала» мець даволі вялікую колькасць дэкаратыўнай касметыкі, бо другі раз у калонію я заехала з брэсцкага СІЗА — з поўнай касметычкай. Амаль што ўсё кантралёры пры шмоне прапусцілі. Сказаць, што я радавалася, гэта нічога не сказаць. Жанчына заўсёды застаецца жанчынай, падумала я тады. 

Толькі вось карыстацца касметыкай даводзілася ў экстрэмальных умовах. Асабліва калі працуеш на фабрыцы ў першую змену. Часу на зборы пасля пад’ёму зусім няма. Часта не было магчымасці нават хуценька выпіць кавы ці схадзіць у прыбіральню. Але макіяж я ўсё роўна так-сяк паспявала нанесці. Называла я гэта «экспрэс-макіяж». На хуткую руку, халтурны, але тым не менш ён быў.

Працуючы ў другую змену, ад стрэсавай раніцы ты таксама не застрахаваны. У цябе 25 хвілін, каб узняцца, апрануцца, засцяліць канвертам ложак, папіць кавы, умыцца, схадзіць у прыбіральню. Пасля асуджаныя мусяць выстройвацца не праверку, пасля адразу ісці ў сталовую. Па вяртанні, памятаю, толькі пачнеш прыводзіць сябе ў парадак, фарбавацца, заліваеш сабе кубачак кавы, як цябе ўжо тузаюць на прамзону ці на якую бязглуздую лекцыю ў клуб. 

Недапітую каву тэрмінова выліваеш ва ўнітаз (бо кубак з напоем пакідаць у жылой секцыі, нават ва ўласнай тумбачцы ці локеры, нельга). І ідзеш з рыдлёўкай і з адным нафарбаваным вокам выграбаць лужыны ці, яшчэ горай, капаць які-небудзь роў альбо пераносіць распілаваныя дрэвы. 

А ўсё роўна так хочацца хоць трошкі пабыць жанчынай. 

Я заўважыла, што жаданне даглядаць сябе ў любых варунках заўважна ўзнімае настрой і дух. «Для кого ты здесь красишься?» — запытаў мяне неяк начальнік калоніі Талсцянкоў. «Для сябе», — шчыра адказала яму. 

Ішла камісія па пакаранні. Мяне адчытвалі за тое, што пазычыла ў каляжанкі падводку для вачэй. Аказваецца, гэта страшэнны крымінал і трактуецца турэмнікамі як «адчужэнне-прысвойванне», то-бок парушае правілы ўнутранага распарадку. Мне выпісалі пазачарговы нарад і прыгразілі, што ў наступны раз пакаранне будзе больш жорсткім. 

Што да прычосак, то валасы мы часта круцілі на касічкі, гумкі ці шкарпэткі. Замест парфумы выкарыстоўвалі гель для душа: расціралі на далонях невялікую яго колькасць, а затым наносілі на вопратку. Калі ішоў снег ці дождж, мая целагрэйка часта пачынала праз гэта пеніцца і была скрозь пакрытая мыльнымі бурбалкамі. 

photo_2023_09_17_16_33_23_logo.jpg

Амаль што дзевяць месяцаў я ўжо на волі. У спакойных, камфортных варунках, у бяспецы, сама сабе гаспадыня. Магу набыць сабе любую касметыку і парфуму. Але да гэтага часу не магу расслабіцца, калі наношу макіяж. І калі выходжу з ваннага пакою, рука аўтаматычна цягнецца да бутэлечкі з гелем для душа. Сама таго не заўважаючы, пачынаю расціраць яго ў далонях і наносіць на вопратку. 

Дайсці да брамы і да Беларусі

Трымаць цябе ўвесь час у напружанні і няведанні — улюбёны прыём турэмнікаў. На псіхіку зняволенага, асабліва палітвязня, служакі ціснуць пастаянна — праз невыносныя побытавыя ўмовы, абмежаванні, прыніжэнні, пагрозы, інфармацыйны вакуум, катавальныя варункі ШІЗА, дыскрэдытацыю, дэзынфармацыю. 

— Ольга Александровна, ну что, прогулялись? А теперь разворачивайтесь обратно, — вымавіў мне ў дзень майго вызвалення 14 снежня 2022 года аператыўнік Чорны. Я ішла з торбамі да турэмнай брамы, да доўгачаканай свабоды. Пасля фразы маёра ўнутры ўсё абарвалася. 

«Бо насамрэч гэтыя здольныя на ўсё што заўгодна, — падумала я тады. — Няўжо я адсюль так ніколі і не выйду?»

photo_2023_09_17_15_58_51_logo.jpg

На волю я ўсё ж такі выйшла. Калі дзверы брамы адчыніліся і калонія за калючым дротам засталася за маёй спінай, сэрца шалёна закалацілася. 

— Только вы же понимаете, что все увеселительные учреждения Гомеля для вас сегодня закрыты, — выгукнуў мне наўздагон аператыўнік. 

— Ды якія тут забавы, ёлкі-палкі, — падумала я сабе і крыва ўсміхнулася — Хутчэй бы толькі ногі ўнесці ад вас.

Доўгачаканая свабода не прынесла радасці і пачуцця эйфарыі. Сілавікі не пакідаюць палітвязня ў спакоі, хоць ты і адседзеў увесь тэрмін, і ты, разумеючы змрочныя беларускія рэаліі, стараешся асабліва нідзе не адсвечваць пасля вызвалення. Гэта таксама катаванне, бо маўчаць, наступаць сабе на горла — вельмі цяжка. Усведамленне таго, што ты, маючы столькі сведчанняў і фактуры, мусіш зашыць сабе рот, цісне вельмі моцна. 

Я не вытрымала. Нягледзячы на папярэджанні і пагрозы з боку ГУБАЗіКа, дала ананімна вялікае інтэрв'ю сайту праваабарончай арганізацыі «Вясна». 

Размаўляла я з праваабаронцай, знаходзячыся на вуліцы. У кватэры я ўвогуле старалася ніякія тэлефонныя размовы не весці. Ніколі не выключала, што недзе ў пакоях візіцёры з ГУБАЗіКа пакінулі пасля сябе жучкі. 

Паранойя? Магчыма. Але лепей лішні раз перастрахавацца, чым пасля кусаць сабе локці. 

Сённяшнія сілавікі — гэта не тыя міліцыянты, што ў дзевяностых прыходзілі ў рэдакцыі і, забіраючы манітор, думалі, што забіраюць камп'ютар.

Сёння сілавікі больш прасунутыя, і гэта трэба ўлічваць, знаходзячыся ў Беларусі.

Пасля інтэрв'ю я маральна падрыхтавалася, што неўзабаве па маю душу прыйдуць. Вылічыць мяне, нягледзячы на ананімнасць, пры жаданні можна было — па стылі аповеду, па пэўных дэталях. Я была гатовая да непрыемнасцей, ведала, на што ішла. Але пачуццё палёгкі, маральнае задавальненне ад таго, што я нарэшце выказалася, перакрывала ўсё астатняе.

Часам мяне трыгерыць, калі бачу мікрааўтобус з таніраванымі вокнамі. Хоць я ў бяспечнай краіне і праходжу неабходны працэс аднаўлення, але флэшбэкі ўсё роўна здараюцца рэгулярна. І начныя кашмары. Вельмі часта сніцца, што мяне расстрэльваюць і што я ўцякаю ад сілавікоў нейкімі палямі, лясамі, цягнікамі…

Палітвязні, што вырваліся з пекла лукашэнкаўскіх засценкаў, сутыкаюцца з новымі выклікамі. І ў Беларусі, і ў эміграцыі. Кожны дзень зноў даводзіцца змагацца з самім сабой, узнімацца вышэй за абставіны, імкнуцца зменшыць боль ад пакутлівых успамінаў. Вядома, гэтая праца над сабой зойме не адзін месяц і, магчыма, не адзін год. 

Але асэнсаванне таго, што мы ў любым выпадку на волі і ў бяспецы, а тысячы нашых паплечнікаў працягваюць заставацца за кратамі, вельмі моцна мабілізуе, і ты разумееш, што не маеш права раскісаць. Мы мусім трымацца і для сябе, і для іх, аднаўляцца і множыць свой патэнцыял і свае высілкі для ажыццяўлення нашай агульнай мэты і мары — вольнай дэмакратычнай Беларусі. 

І мы абавязкова да яе дойдзем. Інакш і быць не можа.

Працяг будзе.