«Тут Бога няма, можаш ні на каго не спадзявацца»

11 жніўня Максіма затрымалі, калі ён проста ішоў з бара, зацягнулі ў аўтазак і пачалі збіваць — у ім убачылі каардынатара мітынгу. Яшчэ да выбараў Максім меў актыўную жыцьцёвую і палітычную пазіцыю. Менавіта таму пасля вызвалення ён выйшаў на цэнтральную плошчу Гомеля з таблічкай "Мяне катавалі", нягледзячы на пагрозы і шматлікія траўмы.

maksim14_081220.jpg


Гісторыя Максіма пачалася яшчэ да выбараў і пратэставых акцый. Ён уваходзіў у ініцыятыўную групу незарэгістраванага кандыдата ад Гомеля Уладзіміра Няпомняшчых. Выкарыстоўваючы свае акаўнты ў сацыяльных сетках, Максім паказваў, што адбываецца ў краіне ў моманты перадвыбарнай гонкі.
У ліпені на яго ўжо быў складзены першы пратакол па артыкуле 17.10, за тое, што ён, выкарыстоўваючы сетку ВКонтакте, займаўся прапагандай і распаўсюджваннем нацысцкай сімволікі. У якасці доказу быў прадастаўлены пост 2016 года: на фатаграфіі намаляваная экспазіцыя "падзенне нацысцкага Берліна", дзе бачная свастыка. Фота было зроблена падчас падарожжа ў Кіеў пры наведванні музея Вялікай Айчыннай вайны. Максім даў інтэрв'ю "Моцным навінам", гомельскаму незалежнаму інтэрнэт-рэсурсу. Справа была адпраўлена ў суд, але матэрыялы справы выдаваць адмовіліся, падаўшы толькі скрыншоты інтэрв'ю. Справу замялі.
Прагаласаваўшы 9 жніўня, Максім выйшаў у горад і адразу ўбачыў, як затрымалі некалькіх хлопцаў, якія стаяли ля абочыны.
— Я здымаў тое, што адбываецца, на камеру, нікуды не ўцякаў, таму прымільгаўся амапаўцам. Мне ўдалося сказаць ім: "Вы ж проста знішчаеце свой народ. Вы ж гомельскія, будзеце вадзіць сваіх дзяцей у тую ж школу, куды і я ваджу сваіх дзяцей! Вы ж здымаеце маску і будзеце глядзець на мяне сваімі сумленнымі вачыма". На што адзін з амапаўцаў адказаў: "Я выконваю сваю працу на 100 адсоткаў, і калі б не мы, доблесныя героі, то вы, пратэстоўцы, патоніце ў крыві!”

maksim02_081220.jpg


У свой час Максім працаваў электраманцёрам у цэнтральным аддзеле аховы. Раз у два тыдні ў калектыве праходзілі лекцыі па ідэалогіі дзяржавы.
– Нам дзве гадзіны пад запіс расказвалі аб поспехах і дасягненнях краіны за гады праўлення нашага прэзідэнта. У гэтых хлопцаў (амапаўцаў) такое "прамыванне мазгоў" адбываецца значна часцей, а яшчэ іх матывуюць высокім заробкам. Адна мая знаёмая сказала, што ў верасні атрымала аліменты ад былога мужа (ён з АМАПу) 4000 рублёў. А аліменты — гэта 25% заробку! Плюс ім развязалі рукі, законы на іх не распаўсюджваюцца. У любым чалавеку сядзіць маленькі звярок, і калі ён ўсведамляе сваю беспакаранасць, пачынае расці.

Напад і вяртанне ў 37-ы

11-га чысла Максім з сябрам адправіліся ў бар, дзе прабылі пару гадзін. Калі выйшлі, з цемры на іх наляцелі 7-8 бравых бамбізаў у чорнай вопратцы, паклалі на падлогу і затым пацягнулі праз квартал да аўтазака.
— Падводзячы да аўтазака, мяне некалькі разоў ударылі галавой аб гэты аўтазак. На мае пытанні: за што? і чаму? якое вы маеце права? — мне разбілі вока і пачалі збіваць дручкамі. Некалькі удараў трапіла ў заднюю частку калена, ногі сагнуліся, і я ўпаў. Калі мяне закінулі ў аўтазак, вокам практычна не бачыў. Там ужо сядзеў нейкі малы гадоў 17-ці ў істэрыцы. Я яму кажу: "Ды чо ты парышся, ты ж малалетка, па дупе надаюць і выпусцяць".
Пачуцці Максіма ў гэты момант — дзікая нянавісць: ты жывеш у 21-м стагоддзі, ціпа дэмакратыя, а тут вярнулі 37-ы год, НКУС, ідзеш па вуліцы — цябе проста выхопліваюць.
З-за перабояў з сувяззю Максім з сябрам ўзялі з сабой маленькія рацыі, каб паведаміць адзін аднаму, калі нешта адбудзецца. З-за гэтых рацый у РУУС у іх убачылі каардынатараў мітынгаў і паставіліся асабліва жорстка.
— Нас выкінулі на асфальт тварам уніз, затым быў калідор з амапаўцаў, дзе ўдары прылятаюць, куды давядзецца. Мяне зацягнулі на другі паверх, дзе ляжала куча людзей. Рукі былі ў кайданках за спіной. Мяне кінулі на падлогу і загадалі паўзці, увесь гэты час працягваліся пагрозы і збіццё. У нейкі момант на мяне надзелі маску клоуна і сказалі: "Мы цябе апазналі, ты ў гэтай масцы кідаў цэглу ў спецмашыну".

Допыт, катаванні

Адбываўся поўны хаос. Пасля ўсіх збіванняў Максіма распранулі і зацягнулі ў асобны кабінет, дзе знаходзілася яшчэ шэсць супрацоўнікаў. Яго зноў пачалі збіваць нагамі па твары, па галаве. А затым пачаўся допыт з пагрозамі згвалтавання. Прыносілі розныя рэчы: нажы, выбухоўку, пакеты, заплечнікі, і на кожную прынесеную рэч Максіма хацелі прымусіць падпісаць пратакол аб тым, што гэта яго, што ён хацеў напасці на кагосьці ці нешта падарваць.
— Кожны раз я адмаўляўся падпісваць пратакол і атрымліваў новую дозу ўдараў. У кабінет прыйшоў начальнік Цэнтральнага РУУС, ударыў мяне два разы ў пах, наступіў мне на галаву нагой і пачаў выціраць аб мяне свае чаравікі са словамі: "Каго ты хацеў падарваць, вырадак? Што ты хацеў зрабіць? Што табе не падабаецца ў гэтай краіне? Што ты хочаш змяніць?”
У нейкі момант я цалкам расслабіўся і думаў, што калі не можаш перамагчы сітуацыю — атрымлівай ад яе задавальненне (смяецца).
Затым яны прыцягнулі таго малалетку, які сядзеў побач са мной у аўтазаку, і сказалі: "Мы ведаем, што ты ўгаварыў яго выйсці з табой на мітынг, ён у гэтым прызнаўся!" Малы крычаў, што ні ў чым не прызнаваўся, што ўбачыў мяне ўпершыню ў аўтазаку. Яго збівалі пры мне, але ён пайшоў у адмову і нічога не падпісаў.
Вялікай колькасці здаровых, моцных мужчын такія абставіны праломвалі свядомасць настолькі, што яны гатовыя былі падпісаць любы дакумент, пагадзіцца на тое, што забілі кагосьці. Гэта магутная машына, якая працуе па адпрацаванай схеме. Да гэтага трэба быць гатовым.
Для сябе я заняў такую пазіцыю: я ўвесь час крычаў, што гэта не маё і я нічога не памятаю. У свой час перагледзеў вялікую колькасць фільмаў на гэтую тэматыку. Там гаварылася, што калі ў пратаколе будзе запісана, што ты не ведаеш, то потым любыя твае дапаўненні будуць азначаць, што ты схлусіў. А калі сказаць, што не памятаеш, то ў любы момант можаш тыпу нешта і ўспомніць. Вось такая хітрасць.

maksim07_081220.jpg


Пасля таго, як Максім зняў відэа свайго фізічнага стану і выклаў яго ў Instagram, за некалькі дзён набралася 250 000 праглядаў. З ім звязалася мама гэтага непаўналетняга хлопца са словамі падзякі: Максім сваім прыкладам не даў яе сыну зваліцца ў адчай, ён супакойваў і падбадзёрваў яго, седзячы ў аўтазаку.
— Я падумаў, што трэба прыкінуцца бацюшкам (у мяне расце вялікая барада) і маліцца ў поўны голас, на што гэтыя ўблюдкі сказалі: "Тут Бога няма, можаш ні на каго не спадзявацца". Я спрабаваў весці з імі дыялог — гэта бессэнсоўны занятак. Яны падвесілі мяне за рукі паміж кайданкамі на дубінку, паднялі ўверх і пачалі выварочваць суставы. Я проста перастаў на гэта рэагаваць, маўчаў і паволі маліўся. Я не праявіў ніякай рэакцыі і праз нейкі час перастаў быць цікавым для іх — пратакол я ўсё роўна не падпісаў. Мяне кінулі на падлогу і пацягнулі па падлозе за балаклаву, якая вісела на шыі, зацягвалі яе так, што практычна задушылі мяне.
Усе гэтыя катаванні працягваліся гадзіны дзве. Людзей у гэтым РУУС збівалі так моцна, што яны мачыліся прама ў калідоры. Рэчамі Максіма выцерлі гэтую мачу і кроў на падлозе і загадалі яму апрануцца. Затрыманых перакінулі ў актавую залу, дзе яны яшчэ тры гадзіны ляжалі тварам у падлогу, а за любы паварот галавы іх збівалі. Збівалі хлопцы гадоў дваццаці, самае страшнае, што рабілі яны гэта з відавочным задавальненнем.

ІЧУ і анабіёз

— Затым нас пасадзілі ў УАЗік, дзе мы стаялі ў чарзе, якая складаецца з "страшных злачынцаў", і чакалі заезду ў ІЧУ. Нас было трое ў двухмеснай камеры. Далі брудныя, магчыма, блахастыя матрацы і падушкі, але мне было ўсё роўна, я проста лёг і паспрабаваў заснуць, прывесці сябе ў прытомнасць.
Святло ў камеры не выключалі ніколі, пастаянна зазіралі і білі па дзвярах. Харчаванне трохразовае — калі паспрабаваць выключыць смакавыя рэцэптары і не глядзець, то можна ёсць. У камеры Максіма не працаваў змыў у ўнітазе. За ўвесь час знаходжання яго так і не паправілі.
— Спаць было нялёгка. Я знаходзіўся ў стане анабіёзу: дрэмлеш, хочаш паспаць, але пры кожным найменшым руху тваё цела баліць. У галаве пастаянна каша з разважанняў: што ж яшчэ могуць прыплясці?

maksim04_081220.jpg


Па прыездзе ў ІЧУ Максім паспрабаваў звярнуцца да ўрача: у яго вельмі моцна балела галава і спіна, ванітавала, не мог падняць левую руку. На гэта лекар адказаў яму: "Падумаеш, у цябе лёгкія сінякі — зажыве". І дала таблетку аспірыну. На той момант Максім не бачыў ужо абодвума вачыма: твар быў цалкам разбіты. Ён ледзь перасоўваўся, бо былі збітыя ступні і ногі.
— Першы дзень служачыя на любое пытанне гаўкалі, як сабакі, як быццам мы сядзім на зоне строгага рэжыму. Іншая змена дазваляла нам папаліць, адкрыць акно. Былі дзяўчаты-служачыя, якія давалі кнігі і маглі ціхенька расказаць нейкія навіны праз акенца. На другі дзень я выпадкова пачуў прозвішча аднаго, калі яго перавялі ў суседнюю камеру.

"Справядлівы" суд і пагрозы

12-га жніўня адбыўся так званы суд: суддзя выдаткаваў на Максіма крыху менш за хвіліну, прачытаў пратакол, а на пярэчанні ніяк не адрэагаваў. Яны, вядома, маглі б паглядзець відэаматэрыял з камер назірання будынка КДБ, каля якога Максіма з яго сябрам затрымалі, і там убачылі б, што яны не аказвалі супраціў. Але суддзя сказаў, што яму не патрэбныя матэрыялы, яму хапае доказнай базы, якую падаў амапавец, які знаходзіўся там. Максім адмовіўся падпісваць гэты пратакол — яму прысудзілі 15 сутак замест 10.
— На наступны дзень, 13-га жніўня мяне выклікалі КДБшнікі са словамі, што мой сябар усё распавёў, і нам пагражае ад 8 да 15 гадоў, і што я магу ва ўсім добраахвотна прызнацца, тым самым скасцілі свой тэрмін. Я адказаў ім: "Калі мой сябар усё распавёў, то што я магу яшчэ дадаць?" Вядома, яны бралі на понт.
14-га чысла адбылася камісія. Усіх затрыманых сабралі ў актавай зале, дзе сядзелі тры супрацоўнікі, адзін з якіх катаваў Максіма. Яны давалі падпісаць паперу-папярэджанне: калі яшчэ раз будзеш заўважаны на мітынгу, атрымаеш ужо крымінальны артыкул. Максім паказаў на таго, хто яго збіваў і спытаў: "Хто адкажа за збіццё мяне самога і за дзясяткі іншых скалечаных людзей у горадзе?" Яму адказалі: "Ты нестабільная асоба, выпускаць цябе нельга, будзеш даседжваць ўсе 15 сутак".
— Вярнуўшыся ў камеру, я ўбачыў, што маіх сукамернікаў пачалі выпускаць. Ужо змірыўся з тым, што буду сядзець увесь тэрмін, але ўвечары мяне выпусцілі. Ля варот стаяла куча валанцёраў. Праз іх я выклікаў сабе хуткую дапамогу, і адразу на гэты ж нумар патэлефанавалі з міліцыі, маўляў, хочам пагаварыць з Максімам Уладзіміравічам пра тое, што яго нібыта збівалі ў РУУС. Я размаўляць з імі не стаў. Мяне тут жа паклалі на агляд, і зноў пачуўся званок ад дзяжурнай часткі, тэлефанавалі ўжо гэтаму доктару. Лекар не разгубілася, адказала, што ў яе пацыент у цяжкім стане і размаўляць яна не можа.

Бальніца, ператрус, пераезд

У гэты ж дзень Максіма даставілі ў абласную лякарню, дзе ён прайшоў абследаванне. Дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, закрыты пералом хрыбетніка, шырокія гематомы цела, сінякі на твары, удар лабковай косткі і грудной клеткі, удар вочнага яблыка.
— На наступны дзень вярнуўся дадому і даведаўся ад сваякоў, што ў маёй кватэры і машыне праходзілі ператрусы. Я потым тры дні ездзіў у гумовых пальчатках, нічога не чапаў, пакуль не заехаў на агляд да знаёмага ў аўтасэрвіс праверыць, ці не падкінулі мне што-небудзь.

maksim09_081220.jpg


У бальніцу да Максіма прыехала следчы і вывела яго на размову аб тым, што адбылося. Яна прыняла заяву аб збіцці і дала накіраванне на судмедэкспертызу. Пасля такіх падзей шмат разважанняў і самааналізу: ці магло быць усё па-іншаму? Павінен быў паводзіць сябе інакш? Максім паступіў так:
— 16-га чысла я надзеў вышыванку з кароткімі шортамі і пайшоў на мітынг у цэнтр горада з таблічкай "Мяне катавалі". Сярод масы мінакоў, знайшліся тыя (пераважна сярэдняга веку), якія падыходзілі і казалі мне: “Навошта вы нанеслі сабе такі грым?!" Я прапаноўваў ім сцерці гэты грым, а таксама рэкамендаваў добрую грымёрную — Цэнтральнае РУУС горада Гомеля.
27 жніўня Максім накіраваўся ў амбасаду Польшчы, дзе атрымаў рэкамендацыі па пераезду, калі яго здароўю і жыццю будзе пагражаць небяспека. На наступны дзень ён перайшоў мяжу і трапіў у двухтыднёвы каранцін у лагеры для бежанцаў. Цяпер Максім пражывае ў Польшчы.

photo_2020_12_16_19_35_27.jpg


Пасля шматлікіх інтэрв'ю, якія даў Максім розным выданням і каналам, у тым ліку замежным, пачаўся ціск на яго сваякоў, якія засталіся ў Беларусі: бацькі, сын, былая жонка і брат. Засталіся ў яго на радзіме вялікія праекты, ды і наогул, бізнес. За родных, вядома, Максім перажывае, але прызнаецца:
— Калі б была магчымасць нешта памяняць, я б не мяняў. Такія падзеі запускаюць вельмі добры механізм ўнутры цябе самога і вакол. Так, адзін з маіх блізкіх людзей таксама сказаў, што калі мяне білі, значыць было за што. Гэта ж як прамылі мазгі людзям, як яны замбаваныя гэтай сістэмай, што настолькі далёкія ад рэальнасці і на гары сваіх блізкіх рэагуюць і адказваюць вось так.
P. S. Звяртаўся ў Следчы камітэт, праверка па справе прыпыненая. Пабоі зафіксаваныя ў бальніцы.
august2020.info