У Мінску на Каменнай горцы будуюць барыкаду, пратэстоўцаў зачышчаюць
Пратэстоўцы ўзводзяць барыкады ля метро «Каменная горка», перадае карэспандэнт Свабоды. Тут сабралося каля 1000 чалавек.
Пад барыкады прыстасоўваюць сметніцы, камяні, іншыя вялікія прадметы. Рух транспарту быў спынены часткова. Байцы Унутраных войскаў пачалі разбураць барыкаду, у іх кідаюць петарды і фейерверкі, тратуарную плітку. Супраць пратэстоўцаў выкарыстоўваюць шумавыя гранаты. Натоўп спрабуюць разагнаць, туды з боку «Спартыўнай» рушыць калона аўтазакаў і тэхнікі.
Перад гэтым пратэстоўцы закідалі петардамі мікрааўтобус міліцыі — затрымалі некалькі чалавек.
Як паведамляе ў тэлеграме onliner.by, ДАІ перакрыла рух з Каменнай горкі ў цэнтр па вуліцы Прытыцкага.
Таксама спрабуюць узводзіць барыкады ў раёне «Пушкінскай»: некалькі хлопцаў выцягнулі на цэнтр дарогі лаўку і смеццевыя бакі.
Паводле Белсата, Каменную горку зачысцілі ад пратэстоўцаў: АМАП ехаў па тратуары, а не па дарозе.
Каля «Алмі» ў раёне Каменнай горкі міліцыянты расстрэльваюць пратэстоўцаў гумовымі кулямі, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Побач з маладым чалавекам выбухнула светлашумавая граната, ён трымаецца за галаву, з цяжкасцю ўстае.