Вайскоўцы занялі Бангалор. Каманда Ціханоўскай ідзе ў Кіеўскі сквер у якасці гледачоў (ужывую)
Улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Мінску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Жывы рэпартаж з парку Дружбы народаў і Кіеўскага скверу зладзіла «Свабода».
Замест мітынгу Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў святкуюць Дзень чыгуначных войскаў. Святлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашала наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім скверы а 19-й гадзіне.
19:40. Сюрпрызы не скончыліся. У Кіеўскі сквер прыехаў Аляксандр Саладуха. Ягоны канцэрт быў у плане Дня чыгуначных войскаў у парку Дружбы народаў, пра намер заслужанага артыста Беларусі выступіць у Кіеўскім скверы звестак не было.
19:35. Паводле непацверджанай інфармацыі, штаб Святланы Ціханоўскай вырашыў не прыходзіць у Кіеўскі сквер, бо асцерагаецца правакацый.
19:30. Людзі ўжо не змяшчаюцца ў скверы, стаяць вялікія чэргі да пунктаў пропуску. Чакаюць Святлану Ціханоўскую, але яна не яшчэ прыехала, паведаміў па тэлефоне карэспандэнт «Настоящего времени».
19:20. Людзі пляскаюць і гукаюць «Верым, можам, пераможам!»
У скверы адбылася спрэчка ўдзельнікаў з дэпутатам Сяргеем Клішэвічам і прадстаўнікамі БРСМ. Людзей у скверы стала больш. Да месцаў пропуску сталі чэргі ахвотных прайсці ў Кіеўскі сквер.
У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысёрамі. Клішэвіч назваў дзеянні маладзёнаў правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касцюмах і АМАП. Уладзіслаў пачаў збіраць тэхніку.
«Перемен» стала апошняй песняй на «Дні дадатковай адукацыі». Пасля гэтага музычнае суправаджэнне адключылі.19:05. Паводле карэспандэнта «Настоящего времени», які таксама вядзе жывы рэпартаж з Мінску, лік сабраных ідзе на тысячы. Ён кажа, што людзі дасталі плакаты, выгукваюць лозунгі.
19:00. Нечакана на ўвесь парк уключылі песню «Перемен» Віктара Цоя. У інтэрв’ю Свабодзе адказныя за музычнае суправаджэнне сказалі, што яны працуюць у Палацы дзяцей і моладзі, але працу, бадай, ужо страцілі. Але яны за перамены. Іх учынак сустрэлі авацыямі і воплескамі.
18:50. Суразмоўцы ў Кіеўскім скверы аказваюцца прыхільнікам Святланы Ціханоўскай і пераменаў.
Музычнае суправаджэнне на мерапрыемстве — расійская папулярная поп-музыка.
18:45. Каля Кіеўскага скверу шматлюдна. «З гэтага можна зрабіць выснову, што ўстановы дадатковай адукацыі больш папулярныя за чыгуначныя войскі», — разважае вядоўца жывога эфіру Алесь Пілецкі.
18:30. Карэспандэнт Свабоды выправіўся ў Кіеўскі сквер, які месціцца непадалёк. Туды збіралася прыехаць каманда Святланы Ціханоўскай у якасці наведнікаў Дня адчыненых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі. Людзей на вуліцах становіцца ўсё болей. Адначасова часцейшымі становяцца перабоі ў сувязі і трансляцыі.
17:55. На пляцоўцы ёсць сцягі Камуністычнай партыі Беларусі.
17:45. Двое наведнікаў пагадзіліся адказаць на пытанні карэспандэнта ў жывым эфіры. Яны сярод іншага расказалі, што ўжо прагаласавалі датэрмінова.
17:30. На асноўнай пляцоўцы ў парку Дружбы народаў нешматлюдна. З забаваў — музыка, караоке, працуе гандаль ежай.
У Кіеўскім скверы, дзе 6 жніўня мусіў прайсці «Дзень адчыненых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі», пра наведванне якога пасля адмены мітынгу-канцэрту на Бангалор заявіла кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская з паплечніцамі, падвезлі вайскоўцаў і міліцыю, агарадзілі сквер стужкай.
Вакол скверу выставілі ачапленне з супрацоўнікаў міліцыі, агарадзілі яго стужкай, падагналі аўтазак. Усіх, хто хоча прайсці на свята, даглядаюць.
Яшчэ раніцай тут не было ні агароджы, ні міліцыі. Яны прыехалі ў сквер пасля 15-й гадзіны, адразу пасля заявы Святланы Ціханоўскай, што яна як грамадзянка Беларусі разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай плануе а 19-й наведаць свята «Дзень адкрытых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі», якое гарадскія ўлады арганізуюць сёння ў скверы.
Такую заяву пасля таго, як каманда адмовілася ад правядзення мітынгу-канцэрту 6 жніўня ў парку Дружбы народаў. Там улады зладзілі «Дзень чыгуначных войскаў». Афіцыйнае паведамленне пра немагчымасць правесці мітынг у сувязі з дзяржаўным канцэртам прыйшло на электронную пошту Святланы Ціханоўскай толькі ў дзень акцыі — 6 жніўня.
Мітынгі Ціханоўскай не даюць правесці на ніводнай з шасці дазволеных пляцовак у Мінску, усе яны занятыя.