Жонка палітвязня Яўгена Харашкевіча: «Я ў дачкі зараз адна»

Яўгена Харашкевіча затрымалі ў студзені 2021 года па двух папулярных сёння артыкулах: «Распальванне сацыяльнай варожасці» і «Абраза». Зараз 27-гадовы хлопец адбывае турэмны тэрмін у шклоўскай калоніі, а за гэты час на волі ў яго паспела нарадзіцца дачка Мілана.

nina_haraszkevicz_novy_czas6_logo.jpg


Пра справу палітвязня, ціск на яго ў калоніі і пра тое, наколькі цяжка адной расціць дзіця, калі муж за кратамі, мы размаўляем з жонкай зняволенага Нінай Харашкевіч.
— Раскажыце, калі ласка, як вы пазнаёміліся?
— Мне было 18 гадоў, я тады вучыліся ў Полацкім эканамічным каледжы, уласна, толькі туды паступіла. Пайшла ў банк каля полацкага вакзала, Жэня таксама туды зайшоў. Мы неяк запрыкмецілі адно аднаго, але ніхто ні да каго не падышоў: я занялася сваімі справамі, Жэня — сваімі. Калі я ўжо выйшла з банка і падышла да пешаходнага пераходу, Жэня мне крыкнуў: «Прывет!» Дакладней, я яшчэ не ведала, што гэта ён, думала, што нехта знаёмы мне крычыць. Абарочваюся — бяжыць за мной, махае мне рукамі. Я спынілася — і ён прапанаваў мне пазнаёміцца, стаў такія пытанні задаваць — кшталту «А чым ты будзеш займацца?», і я спачатку падумала: «А можа, я яго ведаю, проста забыла?» Я ж паступіла ў каледж, шмат новых людзей было, і, можа, кагосьці не запомніла.
Мы дадалі адно аднаго ў «ВКонтакте», а вечарам таго ж дня ён мне напісаў і мы пайшлі гуляць. Пагулялі так пару разоў, спадабаліся адно аднаму. Ён хлопец камунікабельны, вельмі добры, шчыры, з ім ёсць пра што паразмаўляць. Мяне зачапіла яго непасрэднасць: да мяне першы раз нехта падышоў вось так на вуліцы пазнаёміцца, не пасаромеўся. Атрымалася вельмі жыццёва, нязмушана, і ў гэтым таксама быў свой шарм.
На трэці дзень нашага знаёмства ён прапанаваў мне сустракацца, сказаў, што я яму падабаюся. Так у нас усё закруцілася-завярцелася. Пакуль я вучылася ў каледжы, мы з ім сустракаліся два гады. Потым мяне накіравалі па размеркаванні працаваць на сельгаспрадпрыемства. Жэня на той момант працаваў памежнікам, у яго заканчваўся кантракт, і працягваць ён яго не захацеў. Прапанаваў мне з’ехацца. З 2016 года мы сталі жыць разам, а праз год распісаліся.
— Вы пазнаёміліся 8 гадоў таму. Ці было тады адчуванне, што гэта сур’ёзна? Ці думалі вы, што выйдзеце замуж за Яўгена?
— Не ведаю. Я, шчыра кажучы, не задумвалася над гэтым пытаннем ніколі. Я такі чалавек, што жыву сітуацыяй, ніколі не думаю, што будзе далей. У нас былі цудоўныя адносіны, мне было з ім камфортна, ён мяне кахаў, я яго кахала, і думаць пра тое, ці будзе ў нас нешта сур’ёзнае... Што значыць шлюб у наш час? Гэта, па сутнасці, фармальнасць. Калі людзям добра разам, можна жыць і без штампа ў пашпарце. Так што ці будзе ў нас шлюб, я не задумвалася, думала толькі, наколькі доўгімі будуць гэтыя адносіны. Мы з кожным годам усё неяк больш адно да аднаго прыціраліся, і ў мяне асабліва падстаў думаць, што нешта можа пайсці не так, у мяне асабліва не было. Шлюб, канешне, быў жаданым, але неабавязковым.

khoroshkevich_2.jpg


— Які чалавек ваш муж?
— Сумленны, вельмі тэмпераментны: ад радасці да гневу ў яго адзін крок. Непастаянны, паўсюль вельмі ініцыятыўны. У краме, напрыклад, быў такі выпадак: прадавец прадаў нейкі пратэрмінаваны тавар, і Жэня ўбачыў, што на гэтую жанчыну, якая яго купіла, ціснуць і спрабуюць сітуацыю вырашыць яўна не станоўча. Ён улез туды, заступіўся за жынчыну. Здавалася б, ну твая якая справа, чаго ты туды лезеш? Гэта заўсёды яго такі «свяшчэнны абавязак», і вось так ён паўсюль.
Мне падаецца, ён рэдка задумваўся, што могуць быць нейкія негатыўныя наступствы, праблемы. Для яго самае важнае — унутранае пачуццё, што яму патрэбна неяк выказаць сваю нязгоду, паказаць, што ён супраць. Рэдка калі мог прамаўчаць. Часам гэта раздражняла, часам гэта многім не падабалася, але такі вось ён, Жэня, у гэтым яго разынка.
Спачатку і мяне гэта раздражняла, пасля звыклася, а потым выявілася, што гэта вельмі рэдкая якасць у людзях — калі людзі не баяцца, выражаюць сваё меркаванне.
— Ці можаце вы ўзгадаць якія-небудзь цікавыя моманты з вашага сумеснага жыцця, якія б яго характарызавалі?
— Жэнеў характар складваецца з нейкіх такіх маленькіх момантаў. Самае яркае яго праяўленне — гэта перадвыбарчы і поствыбарчы перыяд, а да гэтага, калі шчыра, усё трымалася на нейкім бытавым узроўні: дробязі на працы, калі, дапусцім, на дзяржаўным прадпрыемстве пастаянна ламалася машына, а прадпрыемства не магло забяспечыць запчасткі. Жэня ўсё дабіваўся, ледзь да скандалаў не даходзіла.
Такога каласальнага, каб ён горы зварочваў, не было, але больш дробныя моманты былі заўсёды.

Ніна Харашкевіч з дачкой Міланай

Ніна Харашкевіч з дачкой Міланай


— У адным з матэрыялаў пра вашага мужа была такая фраза: «Яўген палітызаваўся паступова». Можаце патлумачыць, што гэта азначае?
— Калі мы з ім пачалі сустракацца, у нас ніколі не было размоў пра палітыку. Гэта быў 2014 год, і, здавалася б, тэм было дастаткова: і Украіна, і будучыя выбары 2015 года, — абмеркаваць было што. Можа, мы былі юныя, закаханыя, гарачыя хлопец і дзяўчына, і нам гэта ўсё было нецікава... А потым ужо, пасля 2015 года, мы ўпершыню пайшлі на выбары — і ён, і я, — і вось тут пачаліся нейкія кропкі судакранання. Пасля, у працэсе сумеснага жыцця, у любым выпадку, як бы нам ні хацелася, усе сферы жыцця неяк датычыліся палітыкі. Усё гэта ўзаемазвязана. Сутыкнуўся недзе з несправядлівасцю — адно чапляецца за другое, трэцяе, дзясятае... То-бок і ў мяне, і ў яго гэты працэс праходзіў адначасова і паступова, гэта ўсё набывалася з жыццёвым досведам. Сутыкаешся з праблемай — разумееш ісціну, бо пакуль ты сам з гэтым ні сутыкнешся, колькі б ты кніжак ні перачытаў, пакуль сам не пройдзеш, да канца не зразумееш, дзе тая ісціна.
І менавіта да 2020 года, напэўна, у нас з Жэнем ужо сфармавалася сваё меркаванне, свая пазіцыя. Не хачу сказаць, што гэтая пазіцыя была адкрытай, відавочнай, што мы апазіцыянеры, займаліся нейкімі валанцёрскімі работамі — такога не было. Але пазіцыя была, і на гэтым усё. Зразумела, што на той час выражаць яе асабліва не было дзе, людзі ў асноўным абмяркоўвалі палітыку, седзячы на кухнях за сваім сталом.
Мы з Жэнем яшчэ і жыцця толкам не ведалі: Жэню зараз 27 гадоў, мне — 25, а на момант нашага знаёмства я ўвогуле толькі скончыла школу, так што жыцця набіраліся ў працэсе.
— І Яўгена затрымалі, фактычна, за тое, што ён быў назіральнікам.
— Гэта я так лічу. Гэта адна з прычын, па якой затрыманне магло адбыцца. Хутчэй за ўсё, ён прыцягнуў да сябе лішнюю ўвагу.
Быў назіральнікам — гэта, у нейкім сэнсе, праява актыўнасці; на працы ён выйшаў з праўладнага прафсаюза — гэта таксама не засталося незаўважаным. 12 жніўня яго затрымалі — не на мітынгу, не за тое, што дзесьці штосьці пісаў, як гэта звычайна бывае, а проста па даносе. Начальніку не падабалася настойлівая, прынцыповая пазіцыя Жэні, яго не пускалі назіральнікам на выбары. Жэня павінен быў працаваць 9 жніўня па графіку, прасіў выхадны, якога яму катэгарычна не давалі, казалі: «Прапусціш дзень — паставім табе прагул і звольнім». Жэня пайшоў іншым шляхам: здаў кроў як донар, яму далі выхадны дзень, і ён гэтым скарыстаўся. То-бок пайшоў здаваць кроў, каб быць назіральнікам на выбарах (смяецца).
Начальству гэта не спадабалася. На Жэню напісалі данос — што Жэня стаяў на малочным камбінаце 10 ці 12 жніўня (2020 года. — НЧ), заклікаў усіх ісці на мітынг, ехаць у Мінск. Канешне, гэта поўнае трызненне.
Так і незразумела, хто напісаў тую заяву. На судзе прысутнічаў толькі сам начальнік, а пісаў ён ці нехта іншы — пытанне адкрытае.
Вечарам таго ж дня прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі Жэню, пасадзілі ў полацкі ІЧУ. Праўда, 14 жніўня яго выпусцілі, тады адпускалі шмат, калі жанчыны пачалі выходзіць ў ланцужкі салідарнасці. Адміністрацыйны артыкул яму напісалі, але ні сутак, ні штрафу тады не далі. Адседзеў двое сутак — і на гэтым гісторыя скончылася.
— А як затрымалі пазней?
— Перыядычна яго цягалі ў Следчы камітэт. Я не ведаю, у якім статусе, але я мяркую, што гэта былі так званыя «апытанні» — нібыта як сведку. Тэлефон яго глядзелі.
У нас тут драка была 10 жніўня: хлопцы натоўпам наваліліся на сілавікоў, адзін з міліцыянтаў пацярпеў, напісаў заяву, і да гэтай справы прыплялі Жэню, хаця ён на той момант працаваў і адсутнічаў у горадзе. У верасні яшчэ забіралі — наконт нейкіх «дэструктыўных» паведамленняў, а ў студзені 2021 года яго затрымалі, калі прыйшлі з ператрусам да нас. У пастанове на ператрус былі ўказаныя два артыкулы: ч. 1 арт.130 («Распальванне варожасці») — нібыта ў сацсетках выражаў нянавісць да супрацоўнікаў міліцыі; і арт. 369 («Абраза») — нібыта абразіў у Тэлеграме супрацоўніцу міліцыі, якая працуе выкладчыцай у Акадэміі МУС. На падставе гэтага і праводзіўся ператрус.
Быў звычайны дзень, марозны панядзелак. Я мусіла ехаць у паліклініку, бо на той момант яшчэ была цяжарная і мне трэба было здаваць аналізы. Жэня павінен быў мяне падвезці (ён тады ўжо не працаваў: яго скарацілі на працы, не працягнулі кантракт). Ён выйшаў прагрэць машыну, я затрымалася на 5 хвілін апрануць куртку. Выходжу з пад’езда — і ён ідзе мне насустрач, а за ім — яшчэ тры чалавекі. І гэтыя людзі гавораць: «Ваш муж затрыманы па падазрэнні ў крымінальным злачынстве. Мы яго забіраем». Далі нам хвіліну развітацца, мы абняліся — і ўсё. Потым стала вядома, што гэта быў віцебскі ГУБОП.
Два месяцы ён проста сядзеў за кратамі. Была блакіроўка перапіскі, яго садзілі ў «прэс-хату» і спрабавалі запісаць допыт на відэа. Але «пакаяннага відэа» не атрымалася.
Жэня пісаў скаргі з СІЗА на тое, што з ім не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў. Мы пісалі хадатайніцтва на замену меры ўтрымання, але ні пад залог, ні пад якія іншыя абавязальніцтвы яго не адпусцілі дадому. Тады пачаліся «працягненні» тэрміну. У калонію яго этапавалі толькі ў снежні 2021 года — то-бок практычна год ён правёў у СІЗА. За гэты год ён двойчы пабываў у карцары, прычым адна такая яго «адседка» супала з часам, калі я нараджала, таму пра нараджэнне дачкі ён даведаўся праз дзень.
Неяк супрацоўнік СІЗА пачаў лаяцца матам, Жэня зрабіў яму заўвагу, пачалося разбіральніцтва — і за гэта яго адправілі ў карцар, а другі момант быў, калі сукамернік пачаў правакаваць Жэню, паміж імі ўзнікла спрэчка, да бойкі не дайшло, але ў выніку сукамерніку далі 5 сутак карцару, а Жэні — 10.
Суд над Жэнем быў закрыты, цягнуўся 2 месяцы: 5 ліпеня пачалося першае судзебнае пасяджэнне, прысуд вынеслі 16 верасня. Падрабязнасцей я не ведаю, бо і Жэня, і адвакат знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Была апеляцыя ў Вярхоўны суд і да старшыні Вярхоўнага суда. Вынік апошняй прыйшоў толькі ў лютым гэтага года: без змен. Адзінае што — вярнулі кампутар.

nina_haraszkevicz_novy_czas2_logo.jpg


— Вы пісалі, што на вашага мужа ціснуць у шклоўскай калоніі. Раскажыце падрабязней пра гэта.
— Калі ён паехаў у Шклоў, першыя месяца паўтара ўсё было нармальна — калі не ўлічваць тое, што ён ні за што сядзіць. Лісты даходзілі, нам падпісалі спатканне, Жэня не скардзіўся, гаварыў, што з боку адміністрацыі калоніі таксама ўсё ў парадку. З сярэдзіны лютага пачалася блакіроўка перапіскі, а потым, калі ў лютым мы прыехалі на доўгае спатканне, яму пачалі «вешаць» парушэнні, па выніку якіх у канцы сакавіка яму далі ШІЗА.
Было многа парушэнняў, адно за адным, і калі мы з ім размаўлялі па тэлефоне (раз на тыдзень), я прасіла: «Давай мы ўсё-ткі адправім адваката». Ён адмаўляўся-адмаўляўся — і ў нейкі момант пагадзіўся. Мы адправілі адваката, той паехаў у Шклоў — а Жэня сядзіць у ШІЗА, і адваката не дапускаюць. Ён хадзіў да начальства калоніі, але бессэнсоўна. Яны нібыта ўпіраюцца ў нейкую заяву, якую мусіць напісаць Жэня: маўляў, «асуджаны хоча, каб яго наведаў адвакат». То-бок вуснага волевыяўлення недастаткова, што ўвогуле поўнае трызненне. Спасылаюцца на артыкул з КаАП. Адвакат прасіў: «Ды дайце вы яму там у ШІЗА гэтую паперку, я ж ужо тут, з Наваполацка з Шклоў нават прыехаў, дарога няблізкая».
Потым я пісала прашэнні, званіла ў калонію, да адміністрацыі, спрабавала даведацца, ці напісаў Жэня гэтую заяву. Мы ж з ім на апошнім званку дамовіліся, што ён напіша, ён не мог не напісаць. Так што, хутчэй за ўсё, гэты ліст на нейкім этапе не дайшоў да адрасата.
Карацей, спрабавалі неяк трапіць — не трапілі. Я званіла ў калонію. Яны мне: «Пішыце электронны зварот». Электронны зварот адправіла — адказалі, што Жэня заяву не напісаў, хаця ўжо пасля выхаду з ШІЗА па тэлефоне ён усё-ткі сказаў, што паспеў напісаць заяву. Але куды яна знікла — невядома.
Я разумею, што справа пачынае ісці да не вельмі добрага: зараз вельмі вялікая тэндэнцыя да таго, што можа быць 411 артыкул. Парушэнні даюцца, робяць «злоснікамі» («вешаюць» злосныя парушэнні), потым садзяць у ПКТ і пасля дадаюць тэрмін або мяняюць рэжым на больш жорсткі.
Я хацела неяк папярэдзіць праблему загадзя, абскардзіць гэтыя парушэнні. Гаварыла з Жэнем, але ён да канца не можа мне сказаць, у чым там прычына. Магчыма, яму пагражаюць, магчыма, яго запужалі. Метады там для гэтага ёсць. Ён усё адмаўляўся, і вось на апошняй нашай з ім размове, калі я ўжо рашуча настроілася, маўляў, «калі ты не хочаш нейкіх рашучых дзеянняў, баішся са свайго боку, давай я паспрабую: напішу нейкую скаргу, адпраўлю яе ў ДВП (дэпартамент выканання пакаранняў. — НЧ), у любое месца — абы гэта дапамагло».
 Але яму, напэўна, гэта так данеслі — што з-за гэтых маіх зваротаў і скарг, якія я пісала наконт ШІЗА, у яго пачаліся праблемы ў калоніі. Якога характару гэтыя праблемы, я не ведаю, але ён просіць, каб я нічога не пісала, нічога не рабіла і не накіроўвала адваката.
Я ведаю, што гэта яшчэ не крытычны выпадак, што ў некаторых ёсць выпадкі і горшыя. Але хацелася б неяк даць зразумець: давай хоць нешта паспрабуем зрабіць. Я вельмі шмат ведаю гісторый з сем’яў іншых палітвязняў, дзе адбываюцца проста нейкія бясчынствы: парушаюцца законы, не даюцца спатканні, «вешаюцца» парушэнні — і людзі нічога не робяць.
— Здаецца, вы хацелі мяняць адваката, так?
— Мы не хацелі мяняць адваката. Справа вось у чым: у нас увесь час быў адзін і той жа адвакат, гэта ён пастаянна ездзіў у калонію і ён напісаў скаргу на свой нядопуск. Яму прыйшоў адказ на гэтую скаргу, і ісці далей, я так разумею, ён быў негатовы. Гэта не яго віна, я разумею, зараз такі час, і ён з намі гора нахапаўся за той час, што ён нас вёў, — і па судзе, і да суду. Не тое каб ён нас не задавальняў — адвакат ён добры, я яго вельмі паважаю, — але зараз патрэбны чалавек прабіўны, які даб’ецца і будзе стаяць на сваім. Вось таму. Мы проста вырашылі паспрабаваць яшчэ. Не атрымалася з гэтым — паспрабуем з іншым.
Такога чалавека мы знайшлі, і ён ужо павінен быў туды ехаць, але падчас апошняй размовы Жэня сказаў, што не трэба. Я тыдзень рыхтавала гэтую сустрэчу, шукала адваката, дамаўлялася, — і, мабыць, на эмоцыях я адказала яму занадта рэзка, хаця, напэўна, трэба было пачакаць нармальнай абстаноўкі.
— Вы сказалі, што, фактычна, нараджалі ўжо без мужа. Ён убачыў дачку літаральна нядаўна. Раскажыце, як гэта адбывалася.
— Да гэтай першай сустрэчы Жэня бачыў яе на фотаздымках, я яму адсылала. Так што нельга сказаць, што ён яе зусім не бачыў. Але, так, жывая сустрэча была першай, адбылася нядаўна, у лютым. Гэта было вельмі стрымана — у параўнанні з тым, што было на першым спатканні.

nina_haraszkevicz_novy_czas5_logo.jpg


Калі яго затрымлівалі, у мяне тады яшчэ не было жывата і гэтая цяжарнасць неяк не адчувалася. А тут я прыходжу ўжо на восьмым месяцы, вялікі жывот, ён мяне бачыць — і тут ужо былі нейкія эмоцыі. А калі было спатканне, калі ён узяў дзіця на рукі, быў вельмі шчаслівы, эмоцый станоўчых было шмат.
Я вельмі баялася, таму што ён не бачыў цяжарнасці, не бачыў дзіцяці. Быў такі ўнутраны страх, што, можа, ён не прыме, бо калі ты збіраешся стаць маці ці бацькам, ты ў любым выпадку маральна рыхтуешся да гэтага, назіраеш паступова за гэтым працэсам. А калі цябе ставяць перад фактам: вось тваё дзіця, трымай, — не зразумела, як рэагаваць.
Мае асцярогі абсалютна не апраўдаліся. Жэня яе вельмі любіць, моцна перажывае расстанне і тое, што прапускае важныя моманты, не можа быць побач. Ён часта піша, што яго трымае на плыву думка, што мы яго чакаем. Кажа, што ўсё будзе добра.

nina_haraszkevicz_novy_czas3_logo.jpg


— А што дапамагае трымацца вам?
— Вось мой асноўны матыватар (паказвае на дачку. — НЧ). Бывалі такія моманты, калі хочацца сесці ў куток паплакаць, каб ніхто не чапаў. Першыя дні, тыдні, месяцы былі вельмі складанымі. Напэўна, ва ўсіх маладых мам такая сітуацыя.
Пакуль я была цяжарная, я была занятая трошкі іншымі справамі, у мяне не было гэтай думкі ў галаве, што я буду мамай. Я хацела любымі шляхамі ад гэтай думкі ўцячы, таму што для мяне была непрымальна, што я буду з дзіцём адна. «Гэта не ўваходзіла ў мае планы», «гэта няправільна», «ён павінен быць побач»... Такія былі пытанні. І калі дзіця з’явілася, я зразумела, што мае асцярогі апраўдаліся.
Гэта вельмі моцна б’е па псіхіцы. Я хадзіла разбітая, як карыта. Але трэба было неяк збірацца ў кучку, бо хто, калі не я? Я ў дачкі зараз адна.
Цяпер нашмат лягчэй. Я ўжо звыклася са сваёй роляй мацеры, атрымліваецца не ўсё ідэальна і не заўсёды. Але я заўсёды кажу, што не спатыкаецца той, хто не падаў, таму вучымся пакуль. Прывыкла спраўляцца ўжо.

nina_haraszkevicz_novy_czas1_logo.jpg


— Як рэагуюць на вашу сітуацыю сваякі, суседзі? Яны ведаюць?
— Калі шчыра, з суседзямі ў нас асабліва блізкіх дачыненняў няма. Толькі так, «добры дзень – да пабачэння». Мы не так даўно тут жывём, ды і суседзі ў нас у асноўным пенсійнага ўзросту. Напэўна, не сыходзімся мы трошкі ў поглядах.
Была гісторыя, калі ў пад’ездзе збіраліся рабіць рамонт, які зараз праводзіцца за кошт жыльцоў. Адна жанчына, стараста пад’езда, прапанавала нейкага свайго знаёмага, які пагадзіўся зрабіць гэты рамонт, але вельмі дорага. Жэні гэта не спадабалася — маўляў, «чаму я павінен пераплочваць?». І ён пачаў шукаць, як можна зрабіць танней. Склікаў гэты пад’езны савет, прапанаваў зрабіць рамонт самім, танней, купіць фарбу, зладзіць суботнік, знайсці, у рэшце рэшт, больш таннага падрадчыка. Бабулькі на яго накінуліся з крыкамі «не хочам, будзем рабіць так, мы ёй давяраем», дайшло нават да прамых абраз. Дачыненні, карацей, такія сабе.
Я пра Жэню асабліва не расказваю, толькі сусед насупраць ведае, ён пры ператрусе прысутнічаў. А тут не бачна Жэні, няма і няма. Падыходзіць да мяне суседка і пытае: «А где твой придурочный?» (смяецца). Такое стаўленне.
Людзі ад няведання гавораць. Убачылі чалавека, нешта ім не спадабалася — усё, крыж на ім ставяць, кепскі чалавек.
Бацькі Жэні поўнасцю за Жэню, тут без сумневаў. А што датычыцца маіх бацькоў... Я сама з вёскі, мае бацькі з вёскі, яны акрамя тэлевізара там больш нічога не бачаць. Не хачу сказаць, што яны лаяць Жэню, але таго, што ён малайчына і герой, таксама няма. Ім больш шкада мяне — што я адна і такая сітуацыя.
Так і жывём.