Беларусь, якая чакае. Барысаўшчына навагодняя (ФОТА)
Калядныя ды навагоднія святы патроху набліжаюцца да фіналу. Трэба вяртацца да справаў, нягледзячы на святочную ляноту і смачняшкі, што яшчэ засталіся ў закутках лядоўні. Як дасведчаныя валацугі мы гэта прадугледзелі і пакінулі на самы пачатак году замову ад нашага чытача, які прапанаваў невялікую, але цікавую вандроўку. Маршрут складзены, машына гатовая, нават нейкае сонца абяцалі. Паехалі!
Навагодні дождж замест снегу і лужыны замест сумётаў ужо не першы год псуюць святочны настрой тым, хто памятае, якой мусіць быць ноч змены году. Нават за дзень да запланаванага выезду было незразумела — ці варта ехаць альбо лепей пачакаць. Але ж усё склалася добра, і першая вандроўка-2025 пачалася. Згодна з пажаданнямі нашага чытача, сёння наш шлях ляжыць у Барысаў і ў першую чаргу — да рэшткаў Барысаўскага замку, а калі дакладней, то «турэмнага замку». Не ведалі пра такі? А ён ёсць.
Пабудаваны яшчэ ў ХІІ-ХІІІ стагоддзі драўляны Барысаўскі замак быў даволі моцным і меў стратэгічнае значэнне, бо кантраляваў водны шлях па Беразіне і сухапутныя шляхі ў цэнтр Беларусі. З пачатку XVI стагоддзя ля яго сценаў пастаянна адбываліся ваенныя сутыкненні — пераважна з рускімі войскамі, якія намагаліся заваяваць усходнюю і цэнтральную частку сучаснай Беларусі. Толькі ў 1655 годзе войска Ю.Баратынскага здолела захапіць Барысаў і кантраляваць яго на працягу сямі гадоў, увесь час абараняючыся ад нападаў войскаў ВКЛ. Канешне, усе гэтыя падзеі вельмі адбіваліся на замку. Па гістарычных сведчаннях, нягледзячы на рамонтныя работы, у пачатку XІХ стагоддзя замак меў зусім непрывабны, напаўразбураны стан. Напрыканцы ХІХ стагоддзя і замак, і земляныя ўмацаванні былі канчаткова знішчаны, а на рэштках замчышча быў пабудаваны «турэмны замак» — двухпавярховая турма прыкладна на 100 чалавек, агароджаная каменнай сцяной.
Падчас Першай і Другой сусветных войнаў «турэмны замак» вельмі моцна пацярпеў, да нашых часоў дажылі толькі рэшткі будынка і каменнага плоту. У лічаных сантыметрах (!) ад таблічкі «гісторыка-культурная каштоўнасць» месціцца прыватная забудова, а самі рэшткі замчышча недасведчанаму чалавеку знайсці вельмі складана. Увогуле ствараецца ўражанне, што для ўсіх «ахоўнікаў» гэтага помніку было б лепей, каб ён знік і не «адсвечваў». Нават аніякіх грунтоўных археалагічных даследаванняў на месцы Барысаўскага замку ніколі не праводзілася. Гэтую старонку гісторыі сучасныя яе тлумачальнікі, відавочна, ужо шчыльна перагарнулі, калі зусім не выдралі.
Амаль ужо сыходзячы, мы знайшлі яшчэ адзін невялічкі помнік, да якога можна прайсці толькі ўзімку ці глыбокай восенню, бо знаходзіцца ён у гушчары хмызняку ля самой сцяны «турэмнага замку». Каментарыі залішнія.
А надвор’е не падвяло! Вецер добра ганяе хмары, і сонейка ўпарта спрабуе ўпершыню ў гэтым годзе паказацца беларусам, каб хоць неяк падбадзёрыць у такім доўгім чаканні зімы, не кажучы ўжо пра вясну. А мы, задаволеныя такімі паводзінамі нябеснай канцылярыі, рушым да касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1642 годзе на гэтым месцы быў пабудаваны драўляны продак сучаснага храму, які праіснаваў да 1806 году і быў знішчаны ў вогнішчы пажару. Амаль адразу пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёлу, якое доўжылася 17 гадоў.
Далейшы лёс храму быў падобны на шэраг ягоных братоў — закрылі ў 1863-1899-х, потым працаваў да 1936 году і новая забарона. У лагерах ГУЛАГу згінулі святар касцёлу Адольф Крывіцкі і блізкія да яго людзі. Расстралялі нават прыбіральшчыцу касцёлу Марцыану Кулакоўскую, абвінаваціўшы ў шпіянажы. Пасля вайны званіца была разбурана, а ў памяшканні месціліся і склад, і кіназала, і спартовы клуб. Толькі ў 1988 годзе будынак быў перададзены вернікам, пачаў аднаўляцца і ў 1990 годзе ізноў адчыніў свае дзверы. У нас атрымалася пабываць унутры храму і мы шчыра дзелімся ўбачаным. Год пачаўся добра!
Падчас пераезду да наступнай кропкі нашай вандроўкі мы не раз спыняліся і выходзілі з аўтамабіля, каб падыхаць свежым паветрам і паглядзець на прыгожыя краявіды. Хоць снегу і няма, але ж гэта не перашкаджае ў чарговы раз пераканацца, што нават такі стан наваколля мае сваю прыгажосць, і больш нідзе такога не ўбачыш у студзені. Фатограф згодны!
Неўзабаве, дзівячыся краявідам, мы дабраліся да вёскі Бытча, дзе месціцца праваслаўная Свята-Траецкая царква. З 1670 году ў Бытчы дзейнічаў драўляны ўніяцкі храм, які ў 1795 годзе пасля скасавання ўніяцкіх епархій быў пераведзены ў праваслаўе. У 1888 годзе храм разабралі, а на яго месцы пабудавалі новы, які быў моцна пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны. Аднаўленне царквы пачалося ў 1990-я і працягваецца дагэтуль, аднак царква дзейнічае і тэрыторыя вакол яе дагледжаная.
Ну, а мы рушым далей! Надвор’е выдатнае, небасхіл штохвілінна змяняецца — то хмары, то чысцюткае блакітнае неба, невялічкі мароз амаль прыемна пашчыпвае нашы вушы. Але вецер узмацняе ягонае дзеянне, і прыходзіцца ўспамінаць пра капялюш і пальчаткі кожны раз, калі выходзіш з цёплага аўтамабілю. А не спыняцца і не выходзіць немагчыма, бо навокал такая прыгажосць! Спыняемся ля Беразіны, і фатограф шчасліва бегае па наваколлі, нібыта звар’яцелы. І мы яго добра разумеем...
Наперадзе ў нас адно з старажытных мястэчкаў Барысаўшчыны — Зембін. Ужо напачатку XVI стагоддзя тут стаяла вялікая сядзіба Радзівілаў, а сярод уладальнікаў Зембіна былі прадстаўнікі знакамітых родаў: Кішкі, Саковічы, Патоцкія, Храптовічы. Найвядомейшай цікавосткай Зембіну з’яўляецца касцёл Унебаўзяцця Найсвяцешай Панны Марыі, дакладней, ягоныя руіны. Першы драўляны касцёл з’явіўся на гэтым месцы ў 1609 годзе на грошы тагачаснага ўладальніка Зембіну Адама Саковіча і праз 30 гадоў быў перададзены кляштару дамініканаў. Пажар 1790 году знішчыў драўляны будынак, а будаўніцтва мураванага храму зацягнулася амаль на 20 гадоў. І толькі 15.08.1809 у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася кансэкрацыя новага касцёлу ў яе гонар.
ХІХ стагоддзе стала пачаткам не толькі новага жыцця храму, але і ягоных пакутаў. Напалеонаўскія жаўнеры разрабавалі кляштар, а пасля паўстання 1830 году касцёл увогуле закрылі да пачатку ХХ стагоддзя. Пасля рэстаўрацыі храм адкрыўся для вернікаў, але ў 1932 годзе (роўна праз стагоддзе пасля першага разу) савецкая ўлада ізноў закрыла касцёл. Гэтым разам — назаўжды. Час і людзі даруйнавалі прыгожы будынак. Цяпер ён, аточаны навюткім металічным плотам, мала нагадвае белага прыгажуна двухсотгадовай даўніны.
Навокал касцёла пакуль яшчэ можна заўважыць старыя надмагіллі, на некаторых — нешта прачытаць. Яны вельмі нагадваюць напужаных малых дзяцей, якія імкнуцца быць бліжэй да дужага бацькі, шукаюць абарону ад людской жорсткасці і бяспамяцтва, але бацьку самому патрэбна абарона і хоць крышачку моцы пратрымацца яшчэ колькі часу. Пытанне толькі адно — колькі?
Зімовы дзень кароткі, і наша першае падарожжа-2025 наблізілася да заканчэння. Нібыта адчуўшы гэта, сонца канчаткова схавалася ў хмарах ды вецер узмацніўся. Час вяртацца і пачынаць будаваць новыя планы, а нашым чытачам самы час напісаць першы ліст-2025 да нас са сваімі прапановамі маршрутаў. Амаль палову зімы здужалі, вясна хутка! Будзем жыць!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.