Беларусь, якая чакае. Шляхі і сцежкі вясны (ФОТА)
Вясна — найлепшы час для шпацыраў і падарожжаў, як бы хто ні казаў. Чысцюткае неба, яркае цёплае сонейка, рознагалоссе шматлікіх птушак ствараюць незабыўныя ўражанні ад кожнай такой экспедыцыі. Так, сёння мы зноўку збіраемся ў лясы і палі паназіраць за надыходзячай вясной і, канешне ж, у чарговы раз упэўніцца, што такога больш няма нідзе! Паехалі!

Пасля шэрага зімовага надвор’я сонечныя дні пачатку красавіка ўспрымаюцца з нейкім дзіцяча-бязмежным задавальненнем. Хочацца як у далёкім дзяцінстве беспрычынна кудысьці пабегчы, пасміхаючыся ўсяму свету, гарланіць абы-што, зразумелае толькі цябе, ды ўвогуле рабіць нейкія бяскрыўдныя глупствы. Проста таму што — вясна, цёпла і сонейка. Прырода абуджаецца, і ўнутранае дзіцятка не адстае ад агульнага свята. Нічога тут кепскага няма — на тое яна і вясна!
Насамрэч, падчас вясновай вандроўкі зусім не істотна куды ты едзеш — паўсюль прыгожа, і за кожным збочваннем чакае такое, ад чаго ўнутры нешта будзе нібыта падскокваць і прымушаць спыняцца, здавалася б, у звычайным, шэраговым месцы. Нават ля лужыны ў полі. Галоўнае — бачыць і адчуваць!
Напачатку вясны адчуванне таго, што нарэшце ўсё будзе добра, найбольш моцнае. Магчыма таму, што вось толькі пару дзён таму было шэра і няўтульна, а зараз ужо ўсё па-іншаму. Вось і нам вельмі хочацца такіх жа вокамгненных і непазбежных пераменаў да лепшага, але ж, на жаль, так не бывае. Усяму свой час, а пакуль назіраем за момантамі вясны ў асобных месцах нашай краіны.
Па дарозе заўважаем непрыкметны ўказальнік да крыніц. Збочваем на нечакана вялікую стаянку ды ідзем глядзець, не забыўшыся прыхапіць пару бутэлек. На дне глыбокага яру бяжыць невялічкі, але гучны і яскравы ручай, які ствараюць і падсілкоўваюць некалькі крыніц. Менавіта зараз, калі яшчэ дрэвы не паспелі апрануць свае зялёныя кашулі, а трава і хмызняк не скрываюць берагі, тут вельмі прыгожа і цікава. Ствараецца ўражанне, што ты апынуўся ў некай казачнай атмасферы з дзяцінства і праз хвіліну з-пад паваленых магутных дрэваў бліскане позіркам лесавік ці з-за старога імшыстага валуна паўстане Яга ці аднавокае Ліха.
Пачаставаўшыся смачнай вадой і запоўніўшы ўсе магчымыя ёмістасці, рушым далей і дастаткова хутка прыбываем у Вялікія Навасёлкі да былой сядзібы Кастравіцкіх. Маляўнічыя руіны стайні рэзка кантрастуюць з перабудаваным да непазнавальнасці сядзібным домам, у якім цяпер знаходзіцца мясцовая лякарня. Безгустоўнасць дайшла да таго, што стары палац «упрыгожылі» сучасным сайдынгам. Наш фатограф паглядзеў, сказаў: «Парнаграфію ніколі не здымаў і вам не раю» і пайшоў прэч. Мае рацыю, няма на што глядзець.
Троху пакруціўшыся па наваколлю, спыняемся ля вялікага і, відавочна, старога цаглянага будынку. Калісьці тут была афіцына, і бачна, што зусім нядаўна тут яшчэ працягвалі жыць людзі. Але ж гонтавы дах праваліўся і людзей адсялілі. На жудасны сайдынг каб скалечыць сядзібны дом грошы знайшліся, а каб падтрымаць стары прыгожы будынак — ну ніяк.
Хопіць з нас расчараванняў! Едзем далей лекаваць душу прыгажосцю! Рыбакі ўжо патроху расчахляюць вуды і спінінгі, хаця наш кіроўца і кажа, што троху рана, бо вада яшчэ халодная і рыба не адышла ад зімы. Гэта ён зайздросціць, бо было бачна, як у яго чэшуцца рукі і як ён паглядае на свой спінінг і скрыначку з блёснамі ў багажніку.
Нягледзячы на ўжо дастаткова працяглы час вандроўкі, стомленасці няма. Захапленне прыгажосцю нівелюе ўсё. Непрыкметна пачынае падкрадацца вечар — гэта заўважна па святлу, што становіцца больш мяккім, і ценям. Фатограф узбадзёрваецца, і каманда «Стоп!» у аўтамабілю гучыць усё часцей. А мы і не супраць — назіраць за творчым працэсам вельмі цікава! Нават нейкіх птушак на далёкім дрэве здолеў злавіць у аб’ектыў. Мы іх і не бачылі, пакуль ён нам не паказаў.
Вечаровыя краявіды на Беларусі пры адпаведным надвор’і — відовішча захапляльнае і непаўторнае. Усё мяняецца літаральна за хвіліны і нават секунды. Можна скуль заўгодна распавядаць аб марскіх закатах, аб захадзе сонца ў гарах ці недзе яшчэ, але ж гэты час на Беларусі немагчыма параўнаць ні з чым. У горадзе цягам штодзённых клопатаў і спраў такое амаль не заўважаецца. З акна каменнага чалавейніку бачна толькі тое, што дазваляе ўбачыць шчыльная забудова. Уладальнікам пентхаўзаў і кватэр на апошніх паверхах, канешне, шчасціць болей, але ж усё роўна гэта зусім не тое.
Гэтым разам нам пашчасціла так, як мы і не спадзяваліся ў самых смелых сваіх здагадках. Не інакш хтосьці там зверху вырашыў за штосьці нас узнагародзіць і вывеў у адпаведны час у адпаведную кропку. Няма ані сэнсу, ані словаў каб неяк апісваць гэтыя краявіды. Адчуваеш толькі, што гэта застанецца з табой назаўжды. Гэта — частка сапраўдных каштоўнасцей, якія немагчыма набыць ні за якія грошы. І калі хтосьці будзе ганарыцца новай машынай ці дарагім рамонтам, я проста пасміхнуся і ўспомню гэты цудоўны вечар. Мы гэта бачылі на свае вочы і гэта нашая самая галоўная каштоўнасць — беларускі вечаровы краявід.
Сонечны шар упэўнена і хутка імкнецца да лініі гарызонту, а вось аблокі нас троху падвялі — зніклі, нібыта і не было. Як калісьці казаў адзін са знакамітых беларускіх фатографаў: «Закат без аблокаў — як партрэт без галавы». Можна, канешне, паспрачацца, але хто мы такія? Нягледзячы ні на што, нам падабаецца! Мімаволі прыгадваецца старая вядомая кінастужка «Дагрукацца да нябёсаў» і шэдэўральны маналог пра «На небе толькі і размоваў...» Мы яго трохі падправім: «На небе толькі і размоваў, што аб беларускіх вечарах». Вось цяпер дакладна тое, што трэба!
Вяртаемся дадому, дзе кожнага чакаюць родныя з вячэрай. Вельмі шчыра жадаем нашым чытачам, каб кожнага з іх хтосьці дзесьці чакаў і абавязкова дачакаўся! А мы будзем працягваць папаўняць нашу агульную скарбонку новымі краявідамі роднага краю і чакаць ад вас лістоў!
Бывайце здаровы! Пішыце замовы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.