779-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Расія наступае пад Часавым Ярам і знішчае ЦЭС Украіны
Як заяўляе расійскае кіраўніцтва, яны абстрэльваюць сістэму ўкраінскага цеплазабеспячэння «ў адказ на абстрэлы нафтаперапрацоўчых заводаў». Гэта стварае крытычную сітуацыю для мільёнаў мірных жыхароў Украіны.
***
Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) ацэньвае, што раскіданае і непаслядоўнае прыкрыццё супрацьпаветранай абароны ўздоўж фронту спрыяе таму, што Расія ўзмацніла ўдары кіраванымі і некіраванымі плануючымі бомбамі. Расійскія сухапутныя войскі карыстаюцца сваёй здольнасцю наносіць паветраныя ўдары па ўкраінскіх перадавых пазіцыях для павольнага, але ўпэўненага здабыцця перамог.
Расійскія войскі выкарыстоўвалі авіябомбы для тактычнага эфекту падчас захопу Аўдзееўкі ў сярэдзіне лютага. На думку ваенных аналітыкаў, падобна, яны зноў выкарыстоўваюць гэтую тактыку падчас наступальных аперацый пад Часавым Ярам.
Расійскія ўдары прымусілі Украіну прымаць складаныя рашэнні паміж забеспячэннем супрацьпаветранай абароны буйных населеных пунктаў у тыле і актыўных раёнаў на перадавой, і Расія, падобна, выкарыстоўвае парасон украінскай супрацьпаветранай абароны, які дэградаваў, спрабуючы разбурыць украінскую энэргетычную сетку і абмежаваць абаронна-прамысловы патэнцыял Украіны.
***
11 красавіка расійскія войскі атакавалі Мікалаеў. Спачатку паведамлялася, што ў выніку ўдару 4 чалавекі загінулі, яшчэ 5 пацярпелі. Цяпер колькасць ахвяр расійскага ўдару па Мікалаеве ўзрасла да 5: у бальніцы памёр малады мужчына.
«На жаль, у бальніцы памёр 37-гадовы мужчына, які ў выніку ўчорашняга абстрэлу атрымаў цяжкія раненні», — напісаў у сваім ТГ-канале кіраўнік Харкаўскай АВА Віталь Кім.
Таксама ўчора расійцы з беспілотніка атакавалі пасёлак Качкараўка Херсонскай вобласці, у выніку чаго пацярпеў 49-гадовы мужчына.
Паведамляецца, што ў яго дыягнаставалі выбуховую траўму і аскепкавыя раненні грудной клеткі. Цяпер мужчына знаходзіцца ў бальніцы. Яму аказваецца медыцынская дапамога.
***
11 красавіка расійцы здзейснілі трэці з пачатку года масіраваны ўдар па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры: атакаваныя аб'екты цеплавой генерацыі і перадачы ў Адэскай, Харкаўскай, Запарожскай, Львоўскай і Кіеўскай абласцях. Ужо дакладна вядома пра поўнае знішчэнне Трыпальскай ЦЭС «Цэнтрэнерга» ў Кіеўскай вобласці, істотных пашкоджаннях двух электрастанцый кампаніі ДТЭК Рыната Ахметава і падстанцый «Укрэнерга».
У выпадку поўнага знішчэння сістэмы ЦЭС ва Украіне будзе даступная толькі базавая генерацыя, гэта значыць атамныя электрастанцыі. Таксама будуць працаваць сонечныя і ветравыя электрастанцыі, частка спажывання будзе пакрывацца дзякуючы імпарту і аварыйнай дапамозе.
Акрамя страты вялікага аб'ёму вытворчасці, які няма чым замяніць, знішчэнне ЦЭС істотна ўскладняе працу дыспетчараў. Са складанасцямі, але балансаваць энергасістэму можна будзе дзякуючы ГЭС, якія таксама з'яўляюцца прыярытэтнымі цэлямі расійцаў.
Страта цеплавых электрастанцый гарантавана будзе азначаць адключэнне для мільёнаў спажыўцоў па ўсёй краіне як мінімум зімой і ў ліпені-жніўні. Абмежаванні могуць быць і ў іншыя перыяды года, аднак дакладней ацаніць маштабы па аб'ектыўных прычынах пакуль немагчыма, піша «Эканамічная праўда».
***
Расійскія акупанты за мінулыя суткі нанеслі 54 ракетных і 126 авіяцыйных удараў, а таксама 95 разоў абстрэльвалі пазіцыі ўкраінскіх войскаў і населеныя пункты з рэактыўных сістэм залпавага агню; на фронце адбылося 78 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ па стане на раніцу 12 красавіка ў Facebook.
«Уначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну. Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны 16 з 17 ударных БПЛА тыпу "Shahed" былі знішчаны».
Таксама за мінулыя суткі УСУ абясшкодзілі 840 акупантаў, вывелі са строю 34 артылерыйскія сістэмы, 19 ББМ і 9 танкаў.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 12.04.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 451 730 (+840) чалавек;
- танкаў — 7 146 (+9) адз.;
- баявых браніраваных машын — 13 698 (+19) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 11 486 (+34) адз.;
- РСЗА — 1 042 (+2) адз.;
- сродкаў СПА — 755 (+1) адз.;
- самалётаў — 347 (+0) адз.;
- верталётаў — 325 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 161 (+57) адз.;
- крылатых ракет — 2 087 (+18) адз.;
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 15 339 (+41) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1 888 (+6) адз.
***
У Белгарадзе беспілотнік урэзаўся ў адміністрацыйны будынак прадпрыемства, што забяспечвае рэгіён рэсурсамі, пацвердзіў губернатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў.
«У выніку выбуху пацярпелі два чалавекі: у аднаго мужчыны асколачнае раненне ніжняй канечнасці, у другога — асколачныя раненні верхняй і ніжняй канечнасцей. Брыгады "хуткай" даставілі іх у абласную клінічную бальніцу. Абодвум пацярпелым аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Тэлеграм-канал «Белгарад №1» сцвярджае, што пашкоджаны будынак «Газпрама» (кампанія гэта не каментавала).
Раней Мінабароны Расіі абвясціла пра знішчэнне пяці беспілотнікаў над тэрыторыяй Белгародскай вобласці.
***
Мінабароны Расіі заявіла, што ў ноч на пятніцу над тэрыторыяй Растоўскай вобласці былі збітыя чатыры ўкраінскія беспілотныя лятальныя апараты.
Ноччу растоўскі губернатар Васіль Голубеў паведаміў у Тэлеграме, што чатыры дроны-камікадзэ знішчаны ў Навашахцінску. «Паводле папярэдніх звестак у выніку атакі пацярпелых і пашкоджання аб'ектаў не зафіксавана», — напісаў ён.
Цэль атакі губернатар не ўдакладніў. Месяц таму, 13 сакавіка, абломкі трох беспілотнікаў упалі на тэрыторыю Навашахцінскага завода нафтапрадуктаў — гэта буйны пастаўшчык нафтапрадуктаў на поўдні Расіі і адзіны НПЗ у Растоўскай вобласці. Тэхналагічныя аб'екты прадпрыемства былі спыненыя, паведаміў губернатар.
***
Былыя брытанскія мінныя тральшчыкі «Grimsby» і «Shoreham», перададзеныя Украіне, прыбылі ў Портсмут на поўдні Англіі для навучання ўкраінскага экіпажа, паведаміла Міністэрства абароны Вялікабрытаніі. Да гэтага яны больш за 20 гадоў праслужылі ў брытанскім флоце, піша «Салідарнасць» са спасылкай на «BBC».
У Міністэрстве прызналі, што да заканчэння вайны караблі не змогуць увайсці ў Чорнае мора — у адпаведнасці з Канвенцыяй Мантрэ. Гэтая канвенцыя, падпісаная ў 1936 годзе, ускладае на Турцыю кантроль за ўсімі ваеннымі караблямі, якія праходзяць праз пралівы Басфор і Дарданэлы. Артыкул 19 канвенцыі абвяшчае, што падчас вайны, калі Турцыя ў ёй не ўдзельнічае, баявыя караблі ваюючых дзяржаў не павінны прапускацца праз чарнаморскія пралівы.
27 лютага 2022 года, праз тры дні пасля пачатку ўварвання, турэцкія афіцыйныя асобы прызналі, што такі стан вайны існуе. Гэта тлумачыць, чаму Расія, якая страціла за час вайны ўжо вялікую колькасць караблёў, не можа папоўніць свой Чарнаморскі флот за кошт флатоў на іншых тэатрах.
У брытанскім Мінабароны заявілі, што тральшчыкі, якія ва Украіне будуць называцца «Чарнігаў» і «Чаркасы», «складуць крытычна значную магчымасць для Украіны ў яе будучай абароне сваёй берагавой лініі».