Амерыканскі палітолаг: Здольнасць Лукашэнкі ўтрымліваць уладу ў Беларусі знікне за адну ноч
Прыйшоў час для заходніх палітыкаў уявіць тое, што раней здавалася неверагодным у адносінах да расійска-украінскай вайны, піша ў амерыканскім выданні The Hill палітолаг з Ратгерскага ўніверсітэту ў ЗША Аляксандр Мотыль.
Паводле яго, цяпер варта разглядаць тры рэчы, якія здаюцца зусім немагчымымі: пераканаўчую перамогу Украіны, фрагментацыю Расійскай Федэрацыі і фармаванне канфедэрацыі, у якую ўвойдуць Польшча, Украіна, Беларусь і Літва.
«Мы памыляліся, лічачы, што расійскія ўзброеныя сілы захопяць Украіну за некалькі дзён, і што ўкраінцы не змогуць выцесніць расійцаў з вялікай часткі тэрыторыі сваёй краіны. Цяпер, калі ўкраінцы нібыта спыніліся, а расійцы паступова дасягаюць поспеху на Данбасе, выглядае, што практычна неабмежаваны запас салдатаў і танкаў, які мае Масква, урэшце прывядзе да захопу Украіны.
Гэтае чаканне, пэўна, будзе не больш дакладным за папярэднія. Украіна мае падтрымку 50 краін, NATO, ЕС і “Вялікай сямёркі”. Цяжкае ўзбраенне хутка паступіць ва Украіну ў вялікай колькасці. Украінцы могуць здолець спыніць далейшы расійскі наступ. Але яны таксама могуць здолець выцесніць расійцаў з усіх акупаваных тэрыторый, у тым ліку з Крыму і Данбасу. Калі такое здарыцца, Пуцін амаль напэўна будзе зрынуты, а ягоны фашысцкі рэжым можа рухнуць», — піша Мотыль.
Больш важна тое, працягвае ён, што магутны сістэмны шок можа прывесці да распаду Расійскай Федэрацыі, нават пры адсутнасці моцных нацыянальных рухаў у яе рэгіёнах.
«Нам трэба памятаць, што аддзяленне настолькі ж часта адбываецца ў выніку сістэмных падзей у цэнтры дзяржавы, як і ў выніку палітычных схільнасцяў у правінцыі. Калі дзяржавы аказваюцца ўцягнутымі ў дарагія войны або робяцца нестабільнымі і нефункцыянальнымі з уласных прычынаў, правінцыі, якія не мелі ніякага жадання аддзяляцца, могуць гэта зрабіць, таму што аддзяленне робіцца адзіным выхадам з сістэмы, якая разбураецца», — тлумачыць амерыканскі палітолаг.
«Калі Расійская Федэрацыя разваліцца ці нават проста пасля падзення Пуціна, здольнасць Аляксандра Лукашэнкі ўтрымліваць уладу ў Беларусі знікне за адну ноч, — працягвае Мотыль. — Калі ён і ягоны рэжым знікнуць і на іх месца прыйдуць дэмакраты, якія арганізавалі масавыя дэманстрацыі ў 2020 годзе, адкрыюцца дзверы для больш цеснага супрацоўніцтва паміж Польшчай, Украінай, Беларуссю і Літвой».
Мотыль тлумачыць, што для такога альянсу ёсць некалькі прычын — у сферах бяспекі, эканомікі і культуры:
- Расійска-украінская вайна паказала, што Расія ёсць і доўга будзе заставацца варожай да Еўропы, што Украіна мае важнае значэнне для бяспекі Еўропы, і асабліва Усходняй Еўропы, а пры гэтым занадта шмат краін NATO могуць быць сябрамі толькі ў спрыяльных абставінах.
- Вайна таксама паказала, наколькі гэтыя чатыры эканомікі ўзаемазалежныя.
- Гэтыя чатыры народы маюць шмат гістарычных сувязяў (узыходзяць да Рэчы Паспалітай), якія маглі б спрыяць больш цеснаму супрацоўніцтву.
Магчыма, што ніводзін з гэтых сцэнароў не ажыццявіцца, або ўсе яны могуць стаць рэальнасцю, піша Мотыль. «Няма сэнсу рабіць выгляд, што мы жывём у звычайны час і што сучаснасць — гэта папярэдні паказ будучыні. Немагчымае можа стаць нормай на некалькі гадоў, і палітыкам было б разумна пачаць больш актыўна праяўляць сваю фантазію, каб не апынуцца зноў жа зусім непадрыхтаванымі да немагчымага».