Ангела Меркель: «Я ведала, як думае Пуцін»
Што думае былая канцлерка ФРГ Ангела Меркель пра вайну Расіі супраць Украіны? Чаму яна перашкодзіла ўступленню Украіны ў НАТА? Ці лічыць памылкай «Мінскі працэс»? І як ацэньвае асобу самога Пуціна — у матэрыяле «Deutsche Welle».
Чорныя штаны, сіні жакет з трохкутным выразам, усё тыя ж бурштынавыя (або пад бурштын) каралі, усё тая ж прычоска... Яна зусім не змянілася. Ангела Меркель выглядала так, як быццам на гутарку з журналістам штотыднёвіка «Der Spiegel» у берлінскі тэатр «Шаўбюне» яна прыехала проста з ведамства федэральнага канцлера, з якога яна — пасля 16 гадоў — сышла на пенсію яшчэ паўгода таму.
Гэтая гутарка ўвечары 7 чэрвеня была першым вялікім выступленнем былой канцлеркі пасля сыходу з пасады кіраўніцы ўрада і пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны. Кароткія заявы для друку з рэзкім асуджэннем несправакаванай расійскай агрэсіі Меркель ужо рабіла. Але як яна ацэньвае падзеі, што ёй папярэднічалі? І фігуру расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, з якім яна сустракалася і размаўляла па тэлефоне незлічоную колькасць разоў?
Меркель пра пачатак вайны Расіі супраць Украіны
Для пераважнай большасці і нямецкіх палітыкаў, і экспертаў ўварванне Расіі раніцай 24 лютага ва Украіну стала шокам, поўнай нечаканасцю. Да самага апошняга моманту ўсе думалі, што канцэнтрацыяй войск ля межаў з Украінай Пуцін толькі палохае, павышае стаўкі ў сваёй геапалітычнай гульні.
Меркель жа, паводле яе слоў, не пазней за саміт G20 ў Рыме ў канцы кастрычніка мінулага года зразумела, што насоўваецца бяда. Ужо пасля сыходу на пенсію ў снежні 2021 года яна ўважліва назірала за развіццём падзей, візітам яе пераемніка Олафа Шольца ў Маскву, рашэннем Дзярждумы прызнаць самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР».
Але і на працягу ўсяго апошняга года на пасадзе канцлеркі яна бачыла, што «нармандскі фармат» зайшоў у тупік, а Пуцін канчаткова страціў цікавасць да «Мінскага працэсу». А «Мінскі працэс» жа, кажа Меркель, быў «адзіным кручком ў нашых руках», які дазваляў падтрымліваць дыялог пра сітуацыю на Данбасе.
Меркель пра «Мінскі працэс»
Многія — і ў Германіі, і ва Украіне — ацэньваюць «Мінскі працэс» інакш, куды больш крытычна, а некаторыя нават параўноўваюць курс Берліна ў дачыненні да Расіі пасля анэксіі Крыма з палітыкай замірэння Гітлера ў 1937-1938 гадах.
У адрозненне ад федэральнага прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера, былога міністра замежных спраў, які прызнаў памылкі ў нямецкай палітыцы ў дачыненні да Расіі, Меркель мяркуе, што ўсё рабіла правільна, што не страціла аніводнай спробы прадухіліць найгоршае. Яна заклікае не бачыць усё ў чорна-белых колерах, улічваць канкрэтныя абставіны, у якіх пачынаўся і праходзіў «Мінскі працэс».
Меркель разумее, што «мінскае пагадненне» не ва ўсім спрыяла інтарэсам Украіны, але «ў сітуацыі, калі 6 тысяч украінскіх вайскоўцаў рызыкавалі апынуцца ў акружэнні ў Дэбальцаве, яно ўнесла некаторы спакой, ... а ў далейшым дало Украіне час, а менавіта 7 гадоў на тое, каб стаць такой, як цяпер». Былая канцлерка мае на ўвазе здольнасць Украіны даць адпор другой па сіле ядзернай дзяржаве свету. Без «мінскіх дамоўленасцей», упэўненая яна, Пуцін бы тады не спыніўся і «нанёс бы Украіне велізарную шкоду».
Меркель пра саміт NATO ў Бухарэсце ў 2008 годзе
Такім матывам — разам з іншымі — Меркель кіравалася яшчэ раней, катэгарычна выступала супраць на саміце NATO ў Бухарэсце ў 2008 годзе супраць перспектывы далучэння Украіны, а таксама Грузіі да альянса. Яна назвала тры прычыны, якія заахвоцілі яе выступіць супраць прадастаўлення на тым саміце Украіне «Плана дзеянняў па сяброўстве ў NATO» (Membership Action Plan, MAP).
У 2008 годзе Украіна была, паводле слоў Меркель, «палітычна вельмі моцна расколатай», прычым згоды не было нават сярод рэфарматарскіх сіл. А краіна з няўстойлівай дэмакратычнай сістэмай, на яе думку, не можа быць членам NATO. Яшчэ адной прычынай яна назвала карупцыю: «На той час Украіна была краінай, у якой панавалі алігархі».
Нарэшце, Меркель не хацела правакаваць Пуціна. Яна была ўпэўненая, што прэзідэнт Расіі ўспрыме прадастаўленне Украіне MAP як аб'яўленне вайны і не пацерпіць яе далучэння да NATO: «Ён ва ўсім Захадзе бачыць свайго ворага, лічыць, што яго ўвесь час зневажаюць. Я з гэтым зусім не згодная. Але я ведала, як ён думае і што ён бачыць гэта менавіта так».
Меркель пра Пуціна
Усе гады, пакуль Меркель узначальвала германскі ўрад, ёй так ці інакш даводзілася мець справу з праблемамі, звязанымі з распадам Савецкага Саюза: Грузія, Украіна, Прыднястроўе, краіны Балтыі, Арменія, Азербайджан... У сувязі з гэтым яна ўзгадвае сустрэчу з Пуціным у Сочы ў 2007 годзе — тую самую, падчас якой у пакой для перамоў зайшоў сабака прэзідэнта, лабрадор Коні.
Тады Пуцін упершыню Меркель заявіў, што лічыць распад СССР самай жахлівай падзеяй ХХ стагоддзя. А яна сказала яму, што для яе гэта было шчаслівым момантам у яе жыцці, які дазволіў ёй свабодна распараджацца сваім лёсам. «Стала ясна, што паміж намі ёсць вялікія рознагалоссі, і гэтыя рознагалоссі станавіліся ўсё большымі, — узгадвае Меркель. — Так што за ўсе гэтыя гады так і не ўдалося канчаткова спыніць халодную вайну».
На жаль, наракае яна, не атрымалася стварыць такую архітэктуру бяспекі ў Еўропе, якая была б здольная прадухіліць і «гарачую» вайну Расіі супраць Украіны. Але нішто, дадае яна, не можа служыць апраўданнем расійскай агрэсіі: «Гэта жорсткі напад, які топча міжнароднае права і якому няма прабачэння».
Меркель параўноўвае гэтую агрэсію з савецкім уварваннем у Венгрыю ў 1956 годзе, у Чэхаславакію ў 1968-м, з прыгнётам паўстання ў ГДР у 1953-м: «Уся нянавісць Пуціна, уся яго варожасць накіраваная супраць заходняй дэмакратычнай мадэлі».
Меркель пра сабаку Пуціна, воблу ад прэзідэнта і каштоўнасці
Пра той выпадак з сабакам Коні пісалі і да гэтага часу ўспамінаюць многія. Выпадковасць? Злы намер? Прэс-сакратар Пуціна запэўнівае, што ў Крамлі не ведалі пра тое, што Меркель баіцца сабак. Пазней пра гэта ў інтэрв'ю газеце «Bild» заяўляў і сам Пуцін. Ёсць нават версія, што ён хацеў парадаваць госцю сваім сабакам.
«Блажэнны, хто верыць», — пракаментавала гэтую версію Меркель і нагадала пра свой самы першы візіт у Маскву і сустрэчу з расійскім прэзідэнтам пасля абрання канцлеркай у 2005 годзе: «Ужо тады Пуцін сказаў мне, што чуў пра мае праблемы з сабакамі, і падарыў мне вось такога велізарнага плюшавага сабаку».
Сувенірамі і падарункамі яны абменьваліся і пазней. Пуцін, напрыклад, расказваў, што Меркель прывозіць яму яго любімае з часоў службы ў ГДР германскае піва «Radeberger». А сам ён, як расказала аднойчы Меркель карэспандэнту DW, дасылае ў адказ воблу.
Але пасля анэксіі Крыма, паводле яе слоў, адбыўся рэзкі пералом: «Мы падтрымлівалі адносіны, як належыць лідарам дзяржаў і ўрадаў, але для мяне стала зусім ясна, што мы не маем справу з чалавекам, які жадае нам дабрабыту пры нашым ладзе жыцця».
«У мяне пэўнае ўяўленне пра каштоўнасці, і яно прынцыпова адрозніваецца ад уяўлення прэзідэнта Пуціна пра каштоўнасці, — тлумачыць Меркель. — Ён лічыць дэмакратыю няправільнай, я — правільнай і самай чалавечнай формай праўлення, пры ўсіх яе заганах».